Аўтарынак чакае кома

З 1 ліпеня ў Беларусі будуць дзейнічаць адзіныя для Мытнага саюза стаўкі мытных пошлін і падаткаў на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Аналітыкі прагназуюць заміранне аўтамабільнага рынку, а таксама яго пераарыентацыю на Расію.



З 1 ліпеня ў Беларусі будуць дзейнічаць адзіныя для Мытнага саюза стаўкі мытных пошлін і падаткаў на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Аналітыкі прагназуюць заміранне аўтамабільнага рынку, а таксама яго пераарыентацыю на Расію.

Краіны Мытнага саюза падпісалі ў 2010 годзе пагадненне аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання праз мяжу Мытнага саюза. Гэты дакумент, у прыватнасці, вызначае стаўкі мытных пошлін на транспартныя сродкі. За аснову такіх пошлін і ставак былі прыняты расійскія стаўкі. Яны ў разы большыя за стаўкі, якія пакуль яшчэ дзейнічаюць у Беларусі.

Эканаміст Сяргей Чалы гаворыць, што ў цэлым для дзяржавы Мытны саюз — інструмент зручны, але для грамадзянаў — не, бо ў выніку менавіта яны і аплачваюць яго выдаткі са сваіх кішэняў. «Увядзенне мытных пошлін на патрыманыя аўтамабілі для фізічных асобаў — гэта тыя выдаткі, што плаціць насельніцтва за наша знаходжанне ў Мытным саюзе. Выгоды ад яго атрымлівае беларускі бюджэт, дзяржава. Найперш за спрыяльны рэжым гандлю энергетычнымі таварамі, у дадзеным выпадку нафтай, на якую няма экспартнай пошліны. Ну і, магчыма, за кошт таго, што ёсць механізм міжбюджэтнага размеркавання мытных пошлін на любыя тавары, што будуць увозіцца на тэрыторыю Мытнага саюза, і нашая доля больш высокая, чым мы заслугоўваем. Атрымліваецца, што ў цэлым для дзяржавы гэты праект выгодны, але ёсць моцнае раздзяленне на тых, хто атрымлівае выгоды — гэта бюджэт краіны, і тых, хто нясе асноўныя выдаткі — грамадзяне», — зазначае эксперт.

За першыя шэсць месяцаў гэтага года, паводле ацэнак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, колькасць увезеных з-за мяжы аўтамабіляў складзе прыкладна 200 тысяч на агульную суму каля 1,5 мільярда долараў. Грамадзяне краіны актыўна мяняюць машыны на больш новыя. Многія на абнаўленне ўласнага аўтапарку патрацілі істотную частку сваіх зберажэнняў, тым самым не пакінуўшы «падушкі бяспекі» на перыяд эканамічнага крызісу, які цяпер мае месца ў краіне.

Аднак пасля 1 ліпеня эксперты чакаюць замарожвання аўтамабільнага рынку: хто меў пільную патрэбу набыць машыну, той гэта, хутчэй за ўсё, ужо зрабіў, множнасць валютнага курсу і падзенне ўзроўню дабрабыту таксама не спрыяюць буйным пакупкам прадметаў раскошы, чым цяпер будзе аўтамабіль.

Маркетолаг і аналітык у галіне аўтамабільнага бізнэсу Аляксей Бабайцаў гаворыць, што цягам бліжэйшых месяцаў аўтадылеры будуць скупляць патрыманыя не надта старыя машыны ў беларускіх уладальнікаў і перапрадаваць іх у Расіі. «Яны ацэньваюць гэты від бізнэсу як магчымасць перажыць крызіс. Адносна свежыя іншамаркі, што ўвозіліся ў 2008–2009 годзе ў Беларусь, будуць перакупляцца і вывозіцца ў Расію, дзе ёсць попыт, і гэты попыт расце», — зазначае эксперт.

Расія ўжо не першы год вядзе перамовы аб уступленні ў сусветную гандлёвую арганізацыю, у такім разе мытныя пошліны мусяць быць перагледжаныя. Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што ўступленне Расіі ў СГА — гэта толькі размовы. «Расіі Сусветная гандлёвая арганізацыя не патрэбная ўвогуле. Яна добра пачуваецца і без яе. Асноўная прычына — пры ўступленні ў СГА трэба будзе лібералізаваць нафтавы і газавы рынак. А для Расіі гэта, так бы мовіць, смерці падобнае. Таму і стварае Расія свае мытныя саюзы, каб ахоўваць свой рынак, гэта пратэкцыянісцкія саюзы», — падкрэслівае эксперт.
 

Каментаваць