А Васька слухае, ды есць

Бачна па ўсім, і Аляксандру Рыгоравічу прыйшла жыроўка за ягоны домік у Драздах. Прынамсі, гэтай балючай тэме ён прысвяціў шмат слоў на тыдні. Не стрымаўся нават падчас сустрэчы з замежнымі дыпламатамі.



«Ім было дадзена заданне прааналізаваць сітуацыю з тарыфамі на ЖКГ і зрабіць дакладныя разлікі. Давялі жорсткія тарыфы. Што яны пачалі рабіць? Яны пачалі мудраваць і ўводзіць нейкія паказчыкі», — скардзіўся Лукашэнка 23 лютага паслу Расіі ў Беларусі Аляксандру Сурыкаву пасля цырымоніі ўскладання вянка да манумента на плошчы Перамогі. А днём раней кіраўнік Беларусі нават запатрабаваў надзець кайданкі на дзясятак-другі чалавек, вінаватых у павышэнні коштаў на паслугі ЖКГ.

«Мы там усё палічылі?» — спытаў ён у кіраўніка дзяржкантролю Леаніда Анфімава падчас дакладу аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе. Анфімаў адказаў, што неабходныя разлікі былі праведзены, але з прымяненнем на практыцы атрымалася з дакладнасцю да наадварот, усё было зроблена, што называецца, «ад балды».

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па майму загаду тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут павінен быць спіс, хто гэтую «балду» прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму», — заявіў Лукашэнка. І, канешне ж, зноў запатрабаваў ад старшыні КДК, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і прэм’ера да 1 сакавіка прадставіць яму разлікі тарыфаў жыллёва-камунальныя паслугі.

Насамрэч, уся гэта паказуха, каб давесці, што «цар добры — баяры дрэнныя». Але, калі падумаць, выглядае нават на нейкі спектакль: маўляў, «бацька хутка з усім разбярэцца».

Па-першае, чаму тарыфамі ЖКГ павінны займацца кіраўнік КДК, Адміністрацыя прэзідэнта і персанальна прэм’ер-міністр? Чаму б не паслухаць «начальніка транспартнага цэха», і не папрасіць пра тое міністра камунальнай гаспадаркі? У яго гэтыя лічбы павінны ад зубоў адскокваць. Не, чамусьці да гэтага далучаныя іншыя чыноўнікі, у якіх сваіх спраў хапае.

Па-другое, ад таго, што «пасадзіць дзясятак-другі чалавек», сітуацыя не зменіцца. Трэба знішчаць манаполію на камунальныя паслугі, рэфармаваць саму сістэму. Па словах памочніка Лукашэнкі і Аляксандра Якабсона, які таксама з’яўляецца кіраўніком рабочай групы па рашэнні праблем у ЖКГ, пустое марнатраўства ў ЖКГ можа займаць да паловы сабекошту яе паслуг. Менавіта гэтае марнатраўства аплочваем мы праз «жыроўкі».

Ну і, па-трэцяе, Лукашэнка патрабуе прадставіць яму разлікі ЖКГ з зайздроснай упартасцю ад 2013 года. Калі за тры гады гэтага зроблена не было, які шанец, што гэта будзе зроблена за тыдзень?

Чаму так адбываецца? Нядаўна я размаўляў з доктарам першай катэгорыі. Яна мне паведаміла, што яе заробку хапае роўненька на камуналку і на праязны да працы. І заўважыла, што ў яе ёсць адчуванне, што мы вярнуліся ў 1990-я. Прычым, не толькі па эканоміцы, але і па ўнутраным стане: усе ў жаху і шоку, і ніхто не ведае, што будзе далей.

А што было ў 1990-х? Галоўнае было — нахапацца да таго, як прыйдзе «капіталізец». Вось і зараз галоўнае — «распілаваць бабло», а потым і кайданкі не напужаюць. Бо працаваць у гэтай сістэме няма каму.

Трэнд апошніх тыдняў: кіраўнікі, асуджаныя за карупцыю, мілуюцца ўказам Лукашэнкі і… прызначаюцца на кіроўныя пасады розных узроўняў! Пакуль вядома пра пяцёх такіх «кадраў». Былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў, асуджаны ў 2014-м годзе на шэсць гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, вызвалены і 26 студзеня прызначаны дырэктарам РСУП «Пятровічы». Былы старшыня Чашніцкага райвыканкама Уладзімір Булай, які абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, прызначаны дырэктарам ААТ «Кляновічы». Былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, асуджаны ў 2014-м на тры гады пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, прызначаны дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы. Былы гендырэктар ААТ «Магілёўдрэў» Андрэй Усаў, асуджаны ў 2014 годзе на восем (!) гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, вызвалены і прызначаны выканаўчым дырэктарам па вытворчасці ААТ «Магілёўскі завод Строммаш». Былы намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў, асуджаны ў 2014 годзе за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, таксама на восем гадоў пазбаўлення волі, у лютым быў вызвалены датэрмінова і прызначаны кіраўніком дырэкцыі аб’ектаў наваполацкага НПЗ, што будуюцца.

Зноў нагадвае 1990-я, калі «эканамічным злачынцам» была абвешчаная амністыя, і яны адразу ж зрабіліся буйнымі бізнесоўцамі. Праўда, тады «эканамічныя злачынствы» былі іншыя, але гэта ўжо дэталі.

І такіх парадоксаў шмат. Два месяцы з-за ўказа №222 не працуюць дробныя бізнесоўцы. 22 лютага Лукашэнка адхіліў прапановы ўрада па змяненні існуючай у Беларусі сістэмы прыватызацыі. «Прапановы ўрада па агульнай прыватызацыі прынятыя быць не могуць. Нават па змене сістэмы прыватызацыі дзяржуласнасці», — сказаў ён.

А ўжо 23 лютага ён жа падпісвае ўказ №78 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь», сярод захадаў якога — развіццё добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, рост і дыверсіфікацыя экспарту, рацыянальнага імпартазамяшчэння. А таксама прадугледжваецца (увага!) «паскоранае развіццё малога і сярэдняга бізнесу, прыцягненне замежнага капіталу ў развіццё і стварэнне вытворчасцяў, паступальнае зніжэнне працэнтаў па крэдытах у эканоміцы».

Падаецца, там адна рука не ведае, што робіць другая.

Каментаваць