Абяцанкі-цацанкі

За апошнія дзевятнаццаць гадоў існавання цяперашняга кіруючага рэжыму насельніцтва Беларусі чула столькі абяцанак, што ў людзей ужо выпрацаваўся пэўны імунітэт на гучныя заявы чыноўніцтва.



Фота bdg.by


Прычым, чым вышэй пасада, тым больш недаверу выклікаюць словы, якія гучаць з “аўгусцейшых” вуснаў. І не проста недаверу, а нават раздражнення. Асабліва калі “высокія” заявы тычацца балючых для ўсіх і кожнага пытанняў.

Апошнія гады пра інфляцыю, дэвальвацыю ды іншыя “-ацыі” нам шматкроць распавядалі высокія асобы з Нацыянальнага банку. Нядаўні яшчэ галава НБ РБ Пётра Пракаповіч біў сябе ў грудзі ў 2011 годзе, калі заяўляў, што пры ягонай бытнасці кіраўніком рэгулятара ніякай аднаразовай дэвальвацыі не будзе. І вельмі хутка ў выніку двух дэвальвацыяў беларусы збяднелі ў сярэднім у тры разы. Галоўны чыноўнік краіны пад новы, 2009 год, у сваім звароце да грамадзянаў за некалькі хвілінаў да лязгату бакалаў з шампанскім таксама запэўніваў, што ў нас усё ціп-топ.

А калі піпл прадраў вочы раніцою 2 студзеня, аказалася, што ўсё зусім не ціп-топ. Рубель абваліўся, і народанасельніцтва рынулася ў абменнікі ды крамы, змятаючы з паліцаў тэхніку, мэблю і ўсё больш-менш каштоўнае, прычым не саромеючыся біць адно другому пысы ў змаганні за апошнюю мікрахвалёўку, як тое мела месца ў гіпермаркеце “Карона”. А той, хто запэўніваў нас у стабільнасці, потым казаў, што яго няправільна пачулі, што ён на штосьці там намякаў, і параіў надалей слухаць яго больш уважліва. Дзякуй! Але ж хто гэта вытрымае?

Песня Мясніковіча

І вось цяпер Міхаіл Мясніковіч, які ўжо два з паловаю гады цягне лямку на пасадзе кіраўніка ўраду, таксама пачаў заяўляць, што ніякай пагрозы курсу нацыянальнай валюты не існуе, што хвалявацца няма прычыны.

“Ніякага абвалу беларускага рубля не будзе, для ажыятажу на валютным рынку няма ніякіх падставаў. Эканоміка краіны працуе стабільна, золатавалютных рэзерваў дастаткова. Выстройвацца ў чэргі каля абменнікаў няма ніякага сэнсу, мы без праблем зможам забяспечыць патрэбы насельніцтва ў замежнай валюце”, — запэўнівае Мясніковіч грамадства.

Песня Ермаковай

Тое ж самае, дарэчы, у чэрвені “спявала” і цяперашняя кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова. Толькі вось яе заявы пра тое, што ніякіх новых крэдытаў ад МВФ ці ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь не чакае, як і не спяшаецца размяшчаць новыя порцыі еўрабондаў на міжнародных фінансавых рынках, выклікаюць пэўнае здзіўленне.

Узнікае заканамернае пытанне: ва ўмовах, калі дэфіцыт знешнегандлёвага балансу ўжо складае мільярды долараў, з якіх шышоў Ермакова і кампанія збіраюцца латаць гэтыя дзіркі? Сёння  можна з упэўненасцю казаць, што дэфіцыт гэты будзе толькі расці, асабліва ва ўмовах затаваранасці складоў беларускіх прадпрыемстваў і скарачэння экспарту айчыннай прадукцыі на ўсіх накірунках.

Страта даверу

Беларускі рубель паціху паўзе ўніз. Пакуль паціху. І людзі гэта ўжо адчулі. Таму, як паведамляе той жа Нацбанк, у чэрвені ўпершыню ў бягучым годзе адбылося зніжэнне дэпазітаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце. На 1 ліпеня рублёвыя ўклады фізічных асобаў складалі 22,9 трыльёна рублёў, скараціўшыся за месяц на 71,8 мільярда.

Нацбанк ішоў на паваду ва ўрада, зніжаючы стаўку рэфінансавання (з 30% да 23,5% з пачатку года), а гэта і прывяло да зніжэння працэнтных ставак па дэпазітах і, як след, да падзення зацікаўленасці грамадзян у захоўванні сваіх сродкаў у рублях. Плюс да таго рост курсу долара і еўра таксама не маглі выклікаць гонару ў людзей за свой рубель і павышанага даверу ў нацыянальную валюту. Таму словы чыноўнікаў, і асабліва Мясніковіча, пра тое, што ў нас усё стабільна, выклікаюць альбо ўсмешку, альбо жаданне выказацца вельмі канкрэтна і адназначна на адрас такіх заяўнікоў, якія ўсё больш зацягваюць краіну ў багну.

Шлях да дзяржаўнага банкруцтва

Ужо становіцца і сляпому відавочна, што ў хуткім часе беларускае кіраўніцтва проста будзе змушана знаходзіць грошы дзеля латання дзірак праз продаж Расіі лепшых айчынных прадпрыемстваў, лепшых кавалкаў дзяржаўнае ўласнасці. І тут абяцанні самага вышэйшага кіраўніка захаваць і гарантаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі выглядаюць несур’ёзна.

І ніякая Плошча дзяржаўнага сцяга ці новазбудаваны Палац незалежнасці не выратуюць дзяржаву і яе кіраўніцтва ад банкруцтва ва ўсіх сэнсах гэтага слова. А абяцанкі-цацанкі застануцца абяцанкамі-цацанкамі, чаго б яны не тычыліся — курсу рубля ці перспектываў існавання Беларусі як самастойнай дзяржавы, а не маскоўскага прыдатку.

Каментаваць