Ачомаліся ці прыкідваемся?

Вызваленне Бяляцкага — гэта звыклая «замануха» для палягчэння перамоваў па крэдыце. Калі ЕС і ЗША запляскаюць у ладкі — можна абмежавацца адным Бяляцкім. Калі не — давядзецца выпускаць і астатніх.



«Калі ўлады зразумеюць, што для іх гэта выгадна ў палітычным і эканамічным плане — не мець палітвязняў у Беларусі, вось тады могуць ісці і іншыя размовы і перамовы», — заявіў на прэс-канферэнцыі пасля свайго вызвалення вядомы беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі. Падобна на тое, што беларускія ўлады пачынаюць гэта разумець.

Алесь Бяляцкі, які правёў у турме 1052 дні, быў вызвалены «ў тэрміновым парадку». 21 чэрвеня ў інтэрнэце, на Нацыянальным прававым партале Беларусі, з’явіўся закон аб амністыі. Асаблівасць гэтага партала ў тым, што публікацыя дакумента на яго старонках аўтаматычна азначае ўвядзенне закона ў дзеянне (раней для гэтага даводзілася чакаць публікацыі ў газеце). Падаецца, што з таго часу, як гэты закон стаў на інтэрнэт-старонку, кіраўніцтва Бабруйскай калоніі №2, дзе адбываў пакаранне Бяляцкі, не змарнавала ні секунды. У 9 гадзінаў раніцы Бяляцкага ўжо выклікалі да «кума», а пракурор, які абавязаны прысутнічаць падчас амніставання, перамясціўся ў калонію ледзьве не праз тэлепорт. Ну які чалавек зранку ў суботу паедзе не тое што на працу, а, можна сказаць, «у камандзіроўку»?

Толькі той, каму загадзя вядома, што ў яго будзе гэтая камандзіроўка. А значыць, да вызвалення Бяляцкага рыхтаваліся, і на значна вышэйшым узроўні, чым кіраўніцтва калоніі. Бо хтосьці ж павінен быў выпісаць тую «камандзіроўку» пракурору, праўда?

Вызваленне Бяляцкага было тым больш нечаканым, што, прынамсі яўна, беларускія ўлады не вядуць перамоваў з Захадам аб нейкім «урэгуляванні сітуацыі». Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС, якія адбываюцца зараз, былі абвешчаныя міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем яшчэ пад час саміту «Усходняга партнёрства» 29 лістапада 2013 года ў Вільні.

Апошнім часам не бачна было ў Беларусі і нейкіх «еўрапейскіх эмісараў». Хіба што Лукашэнка скатаўся да калегі Таміслава Нікаліча. Але гэты візіт у Сербію можна лічыць толькі «адказам» за візіт сербскага прэзідэнта ў Беларусь у сакавіку 2013 года. Нават тыя аналітыкі, хто разглядаў візіт №1 як «візіт пасярэдніка для разблакавання адносінаў з Еўропай», у выпадку візіту №2 такіх аптымістычных заяваў не рабілі.

Дарэчы, і рэакцыю сусвету на вызваленне Бяляцкага можна лічыць вельмі стрыманай. Раней вызваленне кожнага палітвязня, нават калі ён адбыў увесь тэрмін «ад званку да званку», шырока і гучна віталася, а зараз гук сцішаны.

Напрыклад, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч адзначыў, што Дзярждэпартамент ЗША вітаў вызваленне Бяляцкага, але «пазіцыя Злучаных Штатаў — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных. І толькі ў гэтым выпадку можна чакаць змякчэння санкцый».

Прэзідэнт ПАСЕ Ан Брасэр таксама вітала вызваленне праваабаронцы, але падкрэсліла, што «настане дзень, калі не будзе ніякіх палітвязняў — у Беларусі ці дзе яшчэ. І мы ўсе будзем узмоцнена працаваць над тым, каб наблізіць гэты дзень».

Ужо хто-хто, а МФПЧ павінна была б залівацца слязамі шчасця з нагоды амністыі аднаму са сваіх лідараў. Але ж не. Кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі МФПЧ Саша Кулаева заявіла, што «вызваленне аднаго чалавека, нават вельмі для нас дарагога і любімага, ні ў якой ступені не павінна разглядацца як нейкае сістэмнае змяненне сітуацыі. Трэба дамагацца вызвалення астатніх палітвязняў і сістэмных зменаў, якія зробяць сітуацыю такой, каб гэта больш не магло паўтарыцца».

Дарэчы, беларуская ўлада на тыдні зрабіла не адзін, а тры крокі «добрай волі». Акрамя вызвалення Бяляцкага, у Мінску зноў адкрыўся Інфармацыйны цэнтр пасольства ЗША, а той жа Ітан Голдрыч паведаміў, што ўрад Беларусі дазволіў пасольству павялічыць штат супрацоўнікаў на аднаго чалавека. Нагадаем, колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па настаянні беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў 2008 годзе з-за ўвядзення Штатамі санкцый адносна канцэрна «Белнафтахім». Зараз санкцыі засталіся на тым жа месцы, але, як бачым, маленькія паўкрокі да нармалізацыі адносінаў зробленыя. І зробленыя, між іншым, Беларуссю.

Падобна на тое, што беларускія ўлады прыціснула. І прыціснула іх, перш за ўсё, эканоміка. У мінулым нумары мы пісалі пра складанасці атрымання грошай з Расіі і пра тое, што без гэтай падтрымкі «беларускі эканамічны цуд» ляснецца з вялікім грукатам. А наперадзе — прэзідэнцкія выбары, падчас якіх трэба традыцыйна «падкарміць электарат».

У гэтай сітуацыі спадзеў можа быць на крэдыт Міжнароднага валютнага фонду. Як у 2009-м, калі мы атрымалі ад МВФ $3,5 мільярда долараў. Шмат хто казаў, што менавіта за гэтыя грошы Аляксандр Рыгоравіч забяспечыў сабе чарговую «элегантную перамогу» адначасна з разгонам Плошчы.

Сітуацыя паўтараецца. Застаецца толькі дадаць, што дакументы на гэты крэдыт ужо больш за паўгады як гатовыя. У кастрычніку 2013 года старшыня Нацбанка Надзея Ермакова паведаміла, што мы разлічваем на новы крэдыт у тым жа аб’ёме, а кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Дэвід Хофман дадаў, што такі крэдыт магчымы «для структурных рэформаў эканомікі, калі гатоўнасць да такіх рэформаў будзе пацверджаная на самым высокім узроўні».

Падобна, што нас чакае чарговая «вымушаная лібералізацыя».

Каментаваць