Ад эканамічнага крызісу да крызісу сацыяльнага

Любое агульнае паняцце пры жаданні можна вытлумачыць па-рознаму — тут шмат што залежыць ад кантэксту і ад асобы тлумачальніка. Паняцце «крызіс» не з’яўляецца выключэннем. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова перачытаць заявы вышэйшых беларускіх чыноўнікаў.



Любое агульнае паняцце пры жаданні можна вытлумачыць па-рознаму — тут шмат што залежыць ад кантэксту і ад асобы тлумачальніка. Паняцце «крызіс» не з’яўляецца выключэннем. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова перачытаць заявы вышэйшых беларускіх чыноўнікаў.

Працытую, да прыкладу, віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова: «Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі стабільная, хоць і няпростая». Як гэта разумець? У краіне ўжо некалькі месяцаў запар скарачаюцца прамысловая вытворчасць і экспарт. Ці варта разглядаць гэтыя стабільныя скарачэнні ў якасці паказчыку агульнай эканамічнай стабільнасці або, наадварот, у якасці паказчыку няпростай сітуацыі?

Задаваць падобныя пытанні самому сабе можна бясконца, аднак для эканамістаў, у адрозненне ад іншых прадстаўнікоў гуманітарных навук, крызіс — паняцце, якое паддаецца інструментальнаму вымярэнню. Калі ВУП устойліва расце, ёсць усе падставы казаць пра эканамічны росквіт, а заадно і пра правільна абраны курс. Калі жа ВУП скарачаецца — гэта крызіс.

У краінах, дзе склаліся эканамічныя традыцыі, для канстатацыі эканамічнага крызісу выкарыстоўваюцца дадатковыя макраэканамічныя паказчыкі. Так, у ЗША афіцыйным правам канстатаваць пачатак крызісу надзелены Камітэт па азначэнні тэрмінаў дзелавога цыкла Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў. У дапаўненне да паказчыку ВУП, што разлічваецца ў квартальным рэжыме, Камітэт улічвае рэальныя даходы насельніцтва, занятасць, прамысловую вытворчасць, аптовыя і рознічныя продажы. Для пацвярджэння пачатку крызісу неабходна наяўнасць адмоўных тэмпаў прыросту для ўсіх пералічаных паказчыкаў адначасова.

Аднак пяройдзем цяпер ад эканомікі да сацыялогіі — навукі, што таксама не пазбаўлена схільнасці да вымярэнняў. Зусім не выпадкова ў Еўрасаюзе існуе праграма «Еўрабарометр», сама назва якой намякае на магчымасць вымяраць сацыяльныя настроі. Для такіх вымярэнняў існуе набор стандартных пытанняў. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца пытанні пра змену матэрыяльнага становішча рэспандэнтаў за апошнія тры месяца і пра змяненне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне ў найбліжэйшыя гады. Абодва пытання прадугледжваюць аднолькавы набор адказаў: «палепшылася», «пагоршылася» і «не змянілася».

Калі ад аптымістычных значэнняў адказаў адкінуць песімістычныя, то мы атрымаем некаторыя індэксы, якія дазваляюць вымяраць сацыяльную тэмпературу. У першым выпадку гэта будзе індэкс матэрыяльнага становішча (ІМС), а ў другім — Індэкс чаканняў (ІЧ). Калі абодва індэкса маюць адмоўныя значэнні, то мы можам смела сцвярджаць наяўнасць у краіне сацыяльнага крызісу.

Абгрунтаванасць дадзенага сцвярджэння зразумелая і на побытавым узроўні. Бо адмоўны ІМС значыць, што колькасць грамадзян, якія адзначылі пагаршэнне свайго становішча за апошнія тры месяца, большая за колькасць тых, што казалі пра паляпшэнне. У сваю чаргу, адмоўнае значэнне ІЧ сведчыць пра перавагу ў грамадстве трывожных чаканняў. Практыка шматгадовых назіранняў паказвае, што ва ўмовах устойлівага эканамічнага росту, калі выключыць часавыя флуктуацыі, звязаныя з надзвычайнымі сітуацыямі кшталту нафтагазавых разборак, сума індэксаў станоўчая. Наадварот, адмоўная дынаміка ВУП непазбежна змяняе яе знак.

Да дна яшчэ далёка

Перш чым разглядзець дынаміку індэксаў за два апошнія гады, адзначым, што, нягледзячы на іх вызначаную ўзаемазалежнасць, ІМС у першую чаргу рэагуе на змены, якія адбываюцца ў паўсядзённай рэальнасці, а ІЧ — на паведамленні СМІ і чуткі. Звернемся да табліцы 1. Максімальнае значэнне ІМС было зафіксавана ў год трэціх прэзідэнцкіх выбараў. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Па традыцыі, якая склалася ў Беларусі, менавіта на такія гады прыходзіцца пік сацыяльных выплат. У гэтыя ж гады дзяржаўнымі СМІ праводзіцца магутная мабілізацыйная кампанія, што і зафіксаваў ІЧ. Калі меркаваць па розніцы лістападаўскіх індэксаў, інфармацыйныя «пернікі» былі істотна саладзейшымі за пернікі рэальныя.

Праз два месяца распачалася беларуска-расійская нафтагазавая вайна. Для грамадзян яна была віртуальнай, таму ІМС знізіўся мала, чаго не скажаш пра яго «калегу», які літаральна абваліўся. У лістападзе-снежні 2007 года здарылася новая навала: нечакана ўзраслі кошты на прадукты харчавання. Гэты факт не мог застацца незаўважаным, што і зафіксавалі абодва індэкса, але ў першую чаргу ІМС.

Рэакцыю насельніцтва на няпростую эканамічную стабільнасць (узгадаем прыведзеную вышэй цытату А. Кабякова) чытач здольны ацаніць самастойна. Абодва індэкса абваліліся, прычым ІЧ адразу на 36 пунктаў.

Чуткі, як гэта часта бывае, апынуліся мацней за дзяржаўны агітпроп. «Крызісу ў Беларусі няма». Гэтую думку ў рэспубліцы ўжо ў пачатку снежня (час правядзення апытання) падзялялі, мабыць, толькі тыя, каму гэта неабходна было рабіць па пасадзе. Для астатніх жа крызіс эканамічны перайшоў у крызіс сацыяльны. Зразумела, што яшчэ не вечар, і крызіс крызісу розніца. У снежні 1996 года значэнні ІМС і ІЧ складалі адпаведна –52,6 і –53,6.

Такім чынам, да дна сацыяльнага крызісу нам яшчэ падаць і падаць. Гэту выснову пацвярджаюць і адказы на пытанне: «Калі казаць пра жыццё Вашай сям’і, якія мэты Вы і Вашы сваякі ставіце перад сабой?» (табліца 2). Параўнанне адказаў у першай і другой калонках пераканаўча паказвае, што пачатак крызісу не прывёў да змены жыццёвых стратэгій беларусаў. Колькасць тых, хто імкнецца проста выжыць, не змянілася. Такім чынам, сацыяльны ліфт яшчэ не пачаў слізгаць уніз, пераносячы пры гэтым сваіх пасажыраў на ніжэйшыя ўзроўні спажывання.

Тэфлонавы рэйтынг

Спароджаны эканамічным крызісам, яго сацыяльны двайнік здольны пры пэўных умовах прывесці да крызісу палітычнага. Здавалася б, для яго вымярэння можна дзейнічаць па аналогіі і ў чарговы раз звярнуцца за дапамогай да вынікаў сацыялагічных апытанняў. Але перш чым так зрабіць, варта выразна вызначыцца з самім паняццем «палітыка». На Захадзе палітыка — гэта сфера самастойных дзеянняў, выбару мэтаў, канкурэнцыі праграмаў і лідэраў, іх падкантрольнасці і адказнасці за зробленыя крокі. Але такой палітыкі ў Беларусі няма і ніколі не было. У Беларусі палітыка зведзеная да разборак «пад дываном», якімі занята вузкае кола абмежаваных людзей. Сацыёлагі са сваімі анкетамі тут бездапаможныя.

Спроба разглядаць палітыку праз прызму адносін электарату да ўлады на першы погляд здольная паправіць становішча, але і тут неабходна сем разоў адмераць, перш чым сфармуляваць высновы, якія адпавядаюць рэальнасці хоць бы ў першым набліжэнні. Ва ўмовах мэтанакіравана створанай безальтэрнатыўнасці электаральны рэйтынг «адзінага палітыка» робіцца тэфлонавым і на бягучыя перапады грамадскай думкі рэагуе досыць млява. Патрабуюцца час і рэальнае змяненне ўзроўню жыцця, каб такая рэакцыя ўзнікла.



У табліцы 3 электаральны рэйтынг кіраўніка дзяржавы прыведзены да сярэдняга значэння за год. Залежнасць рэйтынгу ад змены рэальных даходаў насельніцтва пры гэтым досыць прыкметная. Аднак за часавы прамежак, што падзяляе два апошніх апытання, прэзідэнцкі «тэфлон» выстаяў, і паніжэнне рэйтынгу не адбылося. У пэўнай ступені гэтаму спрыяў міф пра нібыта знешнюю крыніцу беларускіх эканамічных праблем. Дзяржаўныя СМІ ў гэтым плане папрацавалі вельмі прадуктыўна.

Апошняя выснова, здавалася б, не стасуецца з прыведзеным вышэй сцвярджэннем з нагоды няздольнасці дзяржаўных СМІ ўтрымаць індэкс чакання ад падзення. Падобныя супярэчнасці падчас сацыялагічных апытанняў фіксуюцца рэгулярна. Грамадская думка даволі часта сама апынаецца тэфлонавай і не рэагуе на досыць выразныя знешнія сігналы, а часам жа яна нечакана лёгка паддаецца паніцы. З кожным падобным выпадкам варта разбірацца асобна, але агульнае правіла заключаецца вось у чым: людзі з інфармацыйнай плыні (не істотна, генеруецца яна СМІ або чуткамі) у першую чаргу вылучаюць тое, што пацвярджаецца прадстаўленнямі, якія ўжо склаліся ў іх галовах. У прыватнасці, успаміны пра страту зберажэнняў у пачатку 90-х у грамадскай памяці яшчэ не сцерліся. Яны і робіць беларусаў такімі палахлівымі, увесь час падсілкоўваючы трывожныя чаканні, што і адлюстроўваецца ў дынаміцы індэксаў.

Каментаваць