Ад мёртвай свінні вушы

Вядомы палітзэк Эдуард Кузняцоў, які двойчы быў пакараны за варожае стаўленне да савецкай улады, у кнізе “Мардоўскі марафон распавёў многа цікавага.



Вядомы палітзэк Эдуард Кузняцоў, які двойчы быў пакараны за варожае стаўленне да савецкай улады, у кнізе “Мардоўскі марафон распавёў многа цікавага.

Прыкладам, пра “дасведчаную ўпэўненасць гэбістаў, што існы парадак адпавядае прыродзе чалавека і таму будзе вечным. Пра бесчалавечныя формы супраціву, якія выкарыстоўвалі ў барацьбе супраць яго даведзеныя да жывёльнага стану людзі. На жаль, многае з таго суб’етыўна-аб’етыўнага мае месца і ў сучаснай Беларусі. Тая ж упэўненасць у справядлівасці арганізаванага сацыяльнага жыцця, што надае вертыкальшчыкам пачуццё ўпэўненасці і здымае пытанне аб магчымай адказнасці.

Ведаю, многія з іх вельмі смяяліся, калі расійскі тады прэзідэнт Уладзімір Пуцін афарыстычна адхіліў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Латвіі — ад мёртвага асла вушы яны атрымаюць, а не Пыталаўскі раён. Вось так і нам трэба з так званай апазіцыяй.

А Кузняцоў успамінае, як даведзеныя да адчаю крымінальнікі ў мардоўскіх лагерах рэзалі сабе вушы, пакавалі ў канверты ды спрабавалі дасылаць іх па пошце на адрас партыйных з’ездаў ды пленумаў. Маўляў, шчыры дзякуй і глыбокае задавальненне за шчаслівае жыццё. Кожны ж гаспадар сваім вушам, таму мае права.

Аказваецца, не. Членашкодніцтва з нададзеным яму сэнсам лічылася палітычным злачынствам, таму крымінальнікам дадавалі тэрмін зняволення па палітычным артыкуле. Таму крымінальнікі зрэдку адсылалі свае вушы, пальцы і іншыя члены на адрас Палітбюро, каб змяняць зону крымінальную на палітычную, дзе маральны клімат быў нашмат лепшы.

Пра ўсё гэта ўспомнілася, калі надвячоркам зайшоў на мінірынак, у мясным павільёне якога звычайна ўсё прадавалася значна танней, чымсьці ў краме. І што ж? З усяго асартыменту, выкладзенага пад шклом лядоўні, даступнымі па кошце падаліся толькі свіныя вушы. Каштаваў гэты далікатэс “усяго 15 тысяч рублёў за кілаграм. За астатнія свіныя “прычындалы трэба было б заплаціць у тры-чатыры разы болей. Нават за сала, якое ўваходзіць у знакамітую ідэалагему, прасілі па 40–50 тысяч.

Не, думаю, не дачакаецеся. Лепш зайду ў рыбны. Рыба бывае лепшай за мяса, і для здароўя карыснай, і больш таннай. Дзе там… Вэнджаныя стаўрыда са скумбрыяй каштуюць даражэй за мяса, а свежамарожаная рыба, калі не ўлічваць ваду, па меншай меры, у цане не саступае свіной выразцы.

Трэба сказаць, што перад самым шоп-турам я атрымаў заробак, што, уласна, і сталася нагодай пайсці “атаварыцца. Прычым здавалася, што грошы атрымаў хоць і не надта вялікія, але лічыў, што на сёння нармальныя. А аказалася, што мізэрныя. Нічога не купіў, не змарнаваў ні рубля, а адчуў сябе жабраком.

Калі сябе кепска пачуваеш, то можна і да доктара не хадзіць. Бо дрэнны стан, гэта ж відавочна, ад нейкай хваробы, ад якой не асцярогся ці нават сам на сябе наклікаў. І калі адчуваеш сябе жабраком, то так яно і ёсць. Як доказ — немагчыма нешта купіць па сваіх грашах. Бо тут купіш, а на іншае, больш важнае, не хопіць. Трэба, прыкладам, ЖКГ заплаціць, за электрычнасць, за транспарт, а на дровы не хопіць. Добра быць сытым і зімой сядзець у цёплай хаце. А сытым у халоднай — цяжкавата. А што як давядзецца зімаваць у голадзе і холадзе?

Перспектыва такая ёсць, і яна зусім рэальная. Бо, як пішуць эканамісты, забыўшыся на абяцанкі не пампаваць эканоміку пустымі грашовымі паперкамі, урад працягвае цягнуць эканоміку з балота з дапамогай крэдытаў. І таму рубель пастаянна слабее, а валютныя курсы тых долараў і еўра, якія дзесьці і ў кагосьці ёсць, пастаянна растуць. Іх уладальнікам дастаткова мяняць сваю валюту па рынкавым курсе і жыць прыпяваючы, а нам трэба зарабляць. Інакш кажучы, сабе можна браць грошай колькі заўгодна, можна іх раздаваць сваякам, калегам, проста добрым знаёмым або кілерам ці прастытуткам. Тыя, хто грошы зарабляе на ўласнае жыццё, гэту хеўру ніколі не дагоняць. І пакуль тая не набярэцца пад завязку, нічога ў станоўчым плане не адбудзецца.

Бо хеўра лічыць, што гэта яна робіць для краіны і эканомікі ўсё магчымае. А мы жывем не па сродках, і таму нічога лепшага не заслугоўваем. Што, увогуле, гэта нашы праблемы, дзе адпачываць, як і з кім… А калі грошай няма, то лепш сядзець на лецішчы і капаць бульбу. Маўляў, што накапаеце, тое вашым і будзе. Мы ж паважаем прыватную ўласнасць і будуем прававую сацыяльную дзяржаву.

На самай справе, ім наша бульба пакуль не патрэбна. Спатрэбіцца — прыйдуць ды абчысцяць скляпы і бурты.

Але пакуль што мы гаспадары той нерухомасці і рухомасці, якую маем і купляем. Таму маем права набыць вушы ад мёртвай свінні і можам адправіць іх па вядомаму адрасу з падзякай за зробленае для нас жыццё.
 

Каментаваць