Ад прыватнікаў пазбавіліся

Лукашэнка любіць пагаманіць пра харчовую бяспеку краіны. А Мясніковіча больш турбуюць фінансы галіны. Бо без грошай на рахунках арганізацый і ў кішэнях сялян харчовая бяспека застанецца хімерай. Як гэта ўжо было напачатку 1990-х гадоў, калі заробкі калгаснікам ці затрымлівалі, ці ўвогуле не плацілі, ці інфляцыя іх з’ядала.



Цяпер відавочная пагроза скаціцца ў тую ж сітуацыю. Па стану на 1 кастрычніка 2013 года ў 317 арганізацыях сістэмы Мінсельгасхарча ўзнікла запазычанасць па зарплаце ў памеры 158 мільярдаў рублёў. Худа-бедна запазычанасць тую неяк, з вялікім мінусам на інфляцыю, сплацілі. Але ж уся сістэма засталася некранутай. Значыць, трэба чакаць паўтору. Таму што, па-першае, сельская гаспадарка застаецца буйнейшым даўжніком эканомікі, кандыдатам у банкруты, яна дала толькі 7,8% дабаўленай вартасці ў вытворчасць ВУП. Па-другое, на 3,1% скараціла аб’ём вытворчасці замест запланаванага павялічэння. Бо прадпрыемствы галіны не толькі не зарабляюць на зарплату, але не адлічваюць грошы на ўтрыманне «сваіх» пенсіянераў. Для выплаты ім пенсій даводзіцца прыцягваць сродкі з іншых сектараў эканомікі.

Вось і атрымліваецца — заўтра будзе горай. Пра гэта пакуль пішуць спецыялісты. Праз нешматлікія СМІ яны даводзяць, што аграрная эканоміка, хоць і карыстаецца празмернымі датацыямі, мае ненармальна нізкую эфектыўнасць. У параўнанні з іншымі вытворцамі. Прыкладам, на атрыманне адзінкі гатовай прадукцыі ў нас выкарыстоўваецца 4 кілаграмы кармоў, а ў еўрапейскіх краінах — толькі 2,5 кілаграмы. Па еўрапейскіх тэхналогіях сярэдні прывес у свінагадоўлі складае 800 грамаў, «па беларускіх абставінах» — толькі 550 грамаў.

Вядомы яшчэ з падручнікаў палітэканоміі парадокс паміж канкрэтнай працай і абстрактнай, паміж натуральнай гаспадаркай і таварнай вытворчасцю. У сучаснай аграэканоміцы Беларусі гэты парадокс атрымаў антаганістычную форму: падвышэнне аб’емаў вытворчасці пагражае эфектыўнасці, натуральныя паказчыкі пагаршаюць рэнтабельнасць і не дазваляюць атрымліваць прыбыткі.

Трэба дадаць, што кіраўніцтва краіны літаральна моліцца на быццам бы сучасныя тэхналогіі і не разумее, што ў эканамічным сэнсе адбудаваныя «па-еўрапейску» комплексы саступаюць у эфектыўнасці гаспадаркам насельніцтва.

Трэба адзначыць, што да сярэдзіны 1950-х гадоў калгасная жывёлагадоўля практычна не развівалася. Мяса, малако, яйкі, воўну і нават свіную скуру дзяржаве давалі прыватнікі. Калі хатняя жывёлагадоўля насельніцтва пайшла на спад, у краіне пачаліся цяжкасці з мясам.

Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, нават у 1990 годзе было атрымана жывой вагой 1758 тысяч тон мяса. У калгасах і саўгасах — 1 525 тысяч тон, у гаспадарках насельніцтва — 233 тысячы тон.

Максімальны паказчык калгасаў дасягнуў у 1989 годзе — 1 533 тысячы тон, а ўласнікі больш далі дзяржаве ў 1967 годзе — 447 тысяч тон. І гэта пры тым, што ў 1967 годзе дзяржаўныя закупкі складалі каля 600 тысяч тон.

Такім чынам, доля насельніцтва ў структуры забеспячэння дзяржзакупак мяса складала 70–75%.

У 1967 годзе ў Беларусі было 2,5 мільёна кароў і 4,0 мільёна свіней. З іх у прыватных гаспадарках 1,7 мільёна галоў (70%), свіней — 3,4 мільёна галоў (85%).

Зразумела, што кіраўніцтва БССР не магло змірыцца з такой сітуацыяй. Пайшлі вялізныя інвестыцыі, і калгасы з часам падвысілі аб’ёмы вытворчасці. Пачалі дамінаваць. Але толькі ў вытворчасці натуральнага прадукту. У эканамічным сэнсе прыватныя гаспадаркі мелі відавочныя перавагі. Яны былі здольнымі да самаэксплуатацыі. Бо ніхто — ні сам гаспадар, ні іншыя — не патрабавалі грашовых заробкаў. Яны працавалі больш эфектыўна.

Адзначым, што дадатковыя шансы прыватнікам давала сама аграрная палітыка дзяржавы, якая ўкладвала шмат сродкаў у калгасную вытворчасць і пры гэтым абмяжоўвала рознічныя кошты на харчовыя прадукты. Вынік — пастаянны дэфіцыт каўбасы ў крамах. Таму гарадскія гаспадыні звычайна «атаварываліся» на так званых калгасныя рынках, дзе амаль выключна гандлявалі прыватнікі, якія паднімалі кошты на сваю прадукцыю кожны раз, калі ўзнікаў дэфіцыт прадуктаў у дзяржаўным гандлі.

А што ж сёння? Як паказвае статыстыка, па стану на 1 лістапада 2013 года, сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэалізавана 1 240,9 тысячы тон мяса, у прыватнымі гаспадаркамі — 144,1 тысячы тон. Усяго 10,4%!

Такім чынам, ад прыватнікаў у сельскай гаспадарцы фактычна пазбавіліся. Ці будзе ў яе працяг, ці, як сказаў бы Фукуяма, гісторыя скончылася?

Хто дажыве, той пабачыць.

Каментаваць