Адкуль грошы?

Для беларускіх ЗВР іх скарачэнне стала звыклым і натуральным станам. У мінулым месяцы Беларусь не праводзіла істотных знешніх выплат, і тым не менш рэзервы скараціліся на 200 мільёнаў долараў.



У 2015 годзе Беларусь павінна выплаціць па пазыках 3 мільярды долараў. Тым часам, золатавалютныя рэзервы краіны скарачаюцца.

Па словах фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іасуба, для беларускіх ЗВР іх скарачэнне стала звыклым і натуральным станам. Эксперт звяртае ўвагу, што ў мінулым месяцы Беларусь не праводзіла істотных знешніх выплат, і тым не менш рэзервы скараціліся на 200 мільёнаў долараў. “Можна меркаваць, што, з улікам зніжэння ў апошнія месяцы ставак па рублёвых дэпазітах, пачалася паступовая канвертацыя рублёвых зберажэнняў грамадзян у валютныя. Павялічыўся попыт на валюту, які задавальняўся Нацыянальным банкам з ЗВР”, — мяркуе суразмоўца.   

  

Як беларускія ўрадаўцы збіраюцца выходзіць са становішча, і дзе яны мяркуюць браць валюту?  

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што існуюць тры крыніцы: гэта Расія, у тым ліку і недаатрыманы транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, міжнародныя фінансавыя рынкі з магчымасцю размяшчэння аблігацыяў, а таксама размяшчэнне валютных аблігацыяў на ўнутраным рынку. “Але наколькі яны могуць пакрыць патрэбу краіны ў валюце, сказаць цяжка. Я думаю, што не могуць. Тым не менш, спробы будуць рабіцца, бо іншых варыянтаў няма”, — упэўнены эканаміст.

Вядома, што беларускі ўрад дагэтуль не атрымаў апошні, шосты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС памерам 440 мільёнаў долараў. Як адзначае Вадзім Іасуб, гэтае пытанне шмат у чым стала палітычным. “Натуральна, у ЕўрАзЭС усе асноўныя рашэнні прымае Расія, і будзе выдадзены гэты крэдыт ці не, залежыць ад дамоўленасцяў на самым высокім палітычным узроўні. Так, гэтыя грошы нам не перашкодзяць. Але 440 мільёнаў наўрад ці кардынальна дапамогуць вырашыць узніклыя пытанні”, — кажа аналітык.   

     

Тым не менш, урад не губляе надзеі атрымаць гэтыя сродкі, бо час ад часу гэтае пытанне ўзнікае ў дыскусіях. “Ёсць нейкія шансы атрымаць яго на пачатку наступнага года, бо ніякіх заяваў пра адмову ў гэтым траншы пакуль на афіцыйным узроўні не агучвалася”, — дадае Вадзім Іасуб.    

Ён таксама не выключае, што можа быць спроба размясціць аблігацыі на паўмільярда долараў Банкам развіцця, але гэта ўжо будуць грошы не дзяржавы, а самога банка. Што да магчымасці крэдытаў з боку МВФ, то тут справа больш складаная. “Каб разлічваць на МВФ, трэба выконваць пэўныя крытэрыі, трэба даць згоду на правядзенне глыбокіх структурных рэформаў. Таму я мяркую, што да восені 2015 года гэтая тэма наўрад ці будзе абмяркоўвацца”, — прагназуе Вадзім Іасуб.

Па меркаванні Марголіна, без знешняй падпіткі беларуская эканоміка ўжо даўно існаваць не ў стане. Зараз змяншаюцца і спадзяванні на пакіданне ў краіне ў 2015 годзе нафтавай мыты, бо зніжаецца кошт нафты, які складае ўжо менш за 66 долараў за барэль маркі Brent. Беларускі бюджэт вярстаўся з разліку больш за 80 долараў за бочку, а расійскі — увогуле больш за 100. Наколькі ж рэалістычныя планы беларускіх чыноўнікаў выплаціць 3 мільярды долараў пазыкаў пры такім развіцці падзеяў? Тым больш, што эканамічныя ўлады разлічваюць пакрываць пазыкі згаданай нафтавай мытай, а таксама бюджэтнымі сродкамі. 

Сёння кошт на нафту меншы, а заўтра ён можа павялічыцца. І яны вельмі ганарацца тым, што ў іх бюджэтныя разлікі больш рэальныя, чымся ў Расіі. Але, хутчэй за ўсё, па ацэнках большасці экспертаў, не апраўдаецца ні тое, ні другое, бо больш 80 долараў за барэль на ўзроўні года не прадказвае ніхто. І гэта цана нафты Brent, а кошт расійскай нафты звычайна прыкладна на тры долары меншы”, — нагадвае эканаміст.

Іншая справа, што ў Беларусі даўно склаўся спосаб выканання бюджэту і раблення яго бездэфіцытным — гэта інфляцыя. Бо яна, перад усім, дае рост валютных прыбыткаў у пераліку на рублі. “То бок, нашы экспарцёры, калі яны, да прыкладу, давалі 20 мільярдаў долараў, нават без узрастання экспарту ў рублёвым вымярэнні іх прыбыткі павялічацца. Адпаведна, і падаткі. А выдаткі з бюджэту практычна не індэксуюцца, таму бюджэт, як правіла, бывае бездэфіцытным. А вось што тычыцца золатавалютных рэзерваў, то яны будуць таяць, і ад гэтага нікуды не падзецца”, — упэўнены эканаміст.

Тым не менш, мяркуе Леў Марголін, у наступным годзе па пазыках Беларусь разлічыцца. “Нешта перахапіць уладам звонку ўсё ж атрымаецца, таму з ЗВР могуць выдаткаваць няхай не 3, але 1–1,5 мільярда долараў, але рэзервы будуць зніжацца. І не толькі з прычыны выплаты знешніх пазыкаў. Думаю, што тут і насельніцтва прыкладзе сваю руку. Бо перад вачыма вопыт Расіі, а наш народ добра разумее, што мы вельмі цесна звязаныя з гэтай краінай, і раней ці крыху пазней, але нам давядзецца падцягвацца да яе”, — падсумаваў Леў Марголін.

Каментаваць