Адпачывайце спакойна, крызісу не будзе

Традыцыйна ў час адпачынкаў расце попыт на замежную валюту. У 2011 годзе гэта стала адной з прычын дэвальвацыі. Аднак цяпер, мяркуючы па дадзеных Нацбанка, насельніцтва прадае валюты больш, чым купляе.



Напрыклад, у красавіку ў Беларусі фізічныя асобы набылі 605,2 мільёна долараў замежнай наяўнай валюты ў эквіваленце і прадалі 697,5 мільёна долараў. Усяго ж за чатыры месяцы гэтага года насельніцтва прадало 2 мільярды 656 мільёнаў долараў, а набыло — 2 мільярды 560 мільёнаў долараў. У выніку чысты продаж валюты насельніцтвам склаў каля 95,6 мільёна долараў.

Узнікае ўражанне, што беларусы проста перасталі адпачываць за мяжой. Але гэта не праўда. Па звестках турыстычных аператараў, з-за крызісу такія накірункі, як Грэцыя, а зараз і Кіпр, сталі карыстацца шалёным попытам у турыстаў. Зразумела, бо там усё патаннела. Мінулым годам балгарскае пасольства не паспявала выдаваць турыстычныя візы — такая ж сітуацыя прагназуецца і сёлета. Чаму ж беларусы перасталі скупляць валюту, асабліва перад адпачынкамі?

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы звязвае гэта, у першую чаргу, з даволі кваліфікаванымі дзеяннямі Нацбанка на фінансава-валютным рынку. «Продаж насельніцтвам валюты і невысокі попыт на яе карэлююцца з досыць высокімі працэнтнымі стаўкамі па дэпазітах у беларускіх рублях, якія, нягледзячы на зніжэнне стаўкі рэфінансавання, усё ж падтрымлівае Нацбанк. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання, як гэта ні парадаксальна прагучыць, толькі падтрымала сітуацыю на валютным рынку. Справа ў тым, што ў выніку гэтага самыя апошнія з тых, у каго былі грошы і хто не верыў у стабільнасць фінансавай сітуацыі, вырашылі крыху зарабіць на высокіх працэнтах укладаў у беларускіх рублях. Яны ўбачылі, што працэнтныя стаўкі пайшлі ўніз, але застаюцца дастаткова высокімі для таго, каб атрымаць па іх прыбытак, і паспрабавалі ўскочыць у «апошні вагон адыходзячага цягніка». І ў выніку памянялі валюту і ўклалі атрыманыя рублі ў рублёвыя ўклады банкаў», — лічыць Чалы.

Што ж тычыцца скупкі валюты насельніцтвам, то Сяргей Чалы адзначае: цяпер Нацбанк робіць усё, каб супакоіць «дэвальвацыйныя чаканні». Пры ўсіх іншых умовах, адзначае эканаміст, вядома, такіх высокіх дэпазітных ставак, як у канцы 2011 — пачатку 2012 года ўжо не будзе. Але, тым не менш, галоўная задача Нацбанка — не дапусціць панікі на валютным рынку, і адтоку рублёвых дэпазітаў на карысць скупкі валюты — выконваецца. І выконваецца яна «псіхалагічна адчувальнай розніцай» паміж стаўкамі валютных укладаў і рублёвых дэпазітаў.

«Тут справа ў чым? Чым больш людзей не вераць у стабільнасць фінансавай сістэмы, тым больш растуць працэнты па рублёвых дэпазітах. А чым больш растуць працэнты, тым больш магчымасць зарабіць. А чым больш магчымасць зарабіць, тым менш скупляецца валюты і больш грошай асядае на рублёвых рахунках у банках. І для таго, каб захаваць такую схему, Нацбанк будзе змагацца любой цаной. Нават коштам невыканання прагнозных паказчыкаў па росту ВУП у 8,5% за год», — кажа Чалы.

Таму ў бліжэйшы час крызісу ён не чакае. «Лета будзе сумнае. Пра крызіс пакуль можна забыцца», — канстатуе спецыяліст.

А эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што не толькі выгадныя дэпазітныя працэнты і палітыка Нацбанка згулялі сваю ролю ў такой прапанове і попыце на валюту. Сітуацыя склалася так, паколькі сышліся разам некалькі вельмі спрыяльных для Нацбанка фактараў.

Па-першае, на думку Жалібы, у грамадзян проста скончыліся свабодныя грошы. Гэта тлумачыць і павелічэнне продажу валюты, і неактыўную яе скупку: «Наш народ заўсёды быў небагаты. Статыстыка паказвае рост заробкаў, але ж вялікае пытанне, як лічыцца гэты рост. Бо ў доларавым эквіваленце кошты растуць, пры гэтым курс долара застаецца тым жа. І ў насельніцтва няма свабодных грошай, каб укладаць іх у валюту», — адзначыў ён.

Па-другое, сезон адпачынкаў пакуль фактычна не пачаўся, таму трэба глядзець, што будзе далей, бо «больш важныя лічбы за май, а не за красавік».

Па-трэцяе, у Беларусь вельмі своечасова прыйшоў чарговы, пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Гэтыя грошы адразу ж былі залічаны ў валютныя рэзервы Нацбанка. Рэзервы крыху скараціліся, але ўсё роўна застаюцца на ўзроўні прыкладна 8,2 мільярда долараў. І пакуль рэзервы складаюць прыкладна 8 мільярдаў долараў, Нацбанку ёсць чым закрыць, у выпадку чаго, раптоўна ўзнікшы попыт на валюту. Калі, канешне, такі раптоўны попыт узнікне.

Таму ў бліжэйшы час ніякага валютнага крызісу эксперт не чакае. Сітуацыя пакуль дастаткова спрыяльная для таго, каб 2011-ы год з яго праблемамі пры куплі валюты, нават у больш мяккай форме, не паўтарыўся.

Праблемы ў краіне могуць пачацца значна пазней, а не ўлетку, мяркуе Жаліба.

«Цяпер надыходзіць традыцыйны летні эканамічны «мёртвы сезон». Паніка на рынку адсутнічае, акрамя таго, чакаецца прыход апошняга, шостага траншу крэдыту АКФ. Але ў нас да гэтага часу не разварушыўся экспарт, а традыцыйнае летняе запавольванне попыту на нашу прадукцыю ўжо побач, на падыходзе. Склады забітыя экспартнай прадукцыяй, і складскія запасы працягваюць імкліва расці. Калі гэтая тэндэнцыя з тармажэннем экспарту захаваецца, то праблемы мы можам атрымаць у канцы восені — пачатку зімы. Тады скончацца крэдыты, і валюту, акрамя як з экспарту, які зараз яе не дае, узяць будзе няма адкуль», — мяркуе эксперт.

Так што пакуль ёсць магчымасць запасціся замежнымі грашыма на перыяд адпачынкаў. Але, сапраўды, улічваючы адток валюты з краіны ў перыяд гэтых самых адпачынкаў, праблемы могуць пачацца з заканчэннем адпускнога сезону.

Каментаваць