Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Адпачываць няма калі…

Расійская балерына Анастасія Валачкова ў адпачынку села на шпагат у купальніку. Пуцін злавіў шчупака. Белая акула ў Хугардзе напала на турыста. Беларус, чытаючы такія навіны, думае: «Чым вы займаецеся? А як жа бітва за ўраджай?»


Кіраўніцтва стабільнай і квітнеючай, разам з іншымі беларусамі, таксама працуе без адпачынку. Аляксандр Рыгоравіч праводзіць бясконцыя нарады, на якіх заклікае нараджаць дзяцей, тлумачыць асаблівасці дэкрэту аб лайдаках ці пужае бізнес адказнасцю. І ездзіць у працоўныя паездкі ў Брэст, а прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова выпраўляе ў Гомельскую вобласць.

Навошта інспектаваць ход бітвы за ўраджай на самым высокім узроўні? Справа ў тым, што днямі Савет міністраў Беларусі ў чарговы раз зацвердзіў дзяржаўную праграму развіцця машынабудаўнічага комплексу на 2017–2020 гады.

«Фінансаванне дзяржпраграмы будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце, а таксама за кошт уласных сродкаў арганізацый — выканаўцаў дзяржпраграмы, крэдытных рэсурсаў банкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам», — паведамілі ва ўрадзе.

У цэлым на гэтую праграму плануецца выдаткаваць 4 мільярды 865,5 мільёна рублёў. А мэтай праграмы з'яўляецца развіццё, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці машынабудаўнічага комплексу: «Дзяржаўная праграма грунтуецца на наступных асноўных прыярытэтах: рост і дыверсіфікацыя экспарту тавараў; забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю; прыцягненне інвестыцый у мэтах павелічэння прадукцыйнасці працы і фарміравання цэнтраў апераджальнага развіцця».

Наш машынабудаўнічы комплекс, у які ўкладаюцца такія шалёныя грошы, — гэта перш за ўсё грузавікі і камбайны, якія зараз і праходзяць «абкатку» на палях краіны. Вось і едуць Кабякоў з Лукашэнкам паглядзець, куды пойдуць мільярды.

Але штосьці мне падказвае, што для «росту і дыверсіфікацыі экспарту» і «прыцягнення інвестыцый» дзяржпраграма зусім не патрэбная. Патрэбная якасць тавараў, добры менеджмент і спрыяльны інвестыцыйны клімат. Прычым, у адваротнай паслядоўнасці: пры добрым інвестыцыйным клімаце добры інвестар укладзецца ў менеджмент і вытворчасць — і атрымае якасны тавар, які зможа прадаць.

Што ў нас робіцца з інвестыцыйным кліматам, мы можам паглядзець на прыкладзе беларуска-кітайскіх легкавікоў «Geely». Падавалася б, цалкам камерцыйнае прадпрыемства і вытворчасць. І раптам той жа самы Кабякоў заяўляе пра распрацоўку праграмы падтрымкі набыцця гэтых аўтамабіляў насельніцтвам Беларусі.

У нармальнай краіне гэта завецца лабізмам і карупцыяй, і за такое даюць па шапцы.

Словы Кабякова ўзрушылі ўсіх беларускіх аўтааматараў. Усе ведаюць, што ў нас азначае слова «стымуляванне». Ужо з’явіліся асцярогі, што «стымуляцыя будзе, хутчэй за ўсё, чарговым падаткам/пошлінай для іншых аўто. Або прыдумаюць яшчэ што-небудзь больш жорсткае, напрыклад падатак на аўтамабілі, старэйшыя за 15 гадоў», піша аўтапартал ABW.by.

І ўвогуле, паводле Белстата, нашая клапатлівая сацыяльная дзяржава абыходзіцца нам усё даражэй і даражэй. Беларускія сем'і сталі менш выдаткоўваць грошай на алкаголь, адзенне і забаўкі, але павялічылі выдаткі на аплату камунальных паслуг і сувязі. Пра гэта сведчаць дадзеныя выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця ў 2016 годзе, паведамляе Белстат.

На прадукты харчавання ў сярэднестатыстычнай сям'і ў мінулым годзе сыходзіла 39% бюджэту. Але гэтае харчаванне нельга назваць здаровым: менш грошай з сямейнага бюджэту стала сыходзіць на мяса, рыбу, гародніну, бульбу, садавіну, затое выраслі выдаткі на хлеб.

Менш сродкаў беларусы трацілі на алкаголь і цыгарэты — 3,3% бюджэту. Менш сталі выдаткоўваць на адзенне і абутак: у мінулым годзе — 7,9% (у 2015-м — 8,3%, а ў 2012-м — 11,6%). Знізіліся выдаткі на прадметы хатняга ўжытку, бытавую тэхніку і догляд за домам (6% супраць 6,6% у 2015-м), адукацыю (1,4% супраць 1,5%), культуру, адпачынак і спорт (4,9% супраць 5,4%).

А зэканомленыя сродкі мы аддаём дзяржаве. Больш грошай стала сыходзіць у сярэдняга сямейства на «субсідуемую дзяржавай камуналку». У 2016 годзе на гэты артыкул выдаткаў вылучалі 7,1% бюджэту, у 2015-м — 6%, а ў 2012-м — 4,1%. Выраслі затраты на «бясплатную» ахову здароўя (4,6% супраць 4,2% у 2015-м годзе), і сувязь (5,4% супраць 4,7%).

Таму не дзіва, што, калі ўсе адпачываюць, мы змагаемся за ўраджай… А тут нас яшчэ і «Geely» прымусяць набыць. І не толькі «Geely».

Намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Аляксандр Якаўчыц паведаміў, што да канца года можа быць зацверджаны дзяржстандарт адзення для навучэнцаў. «Цяпер заканчваецца праца над стандартам адзення для навучэнцаў. Мяркую, што да канца гэтага года ён будзе зацверджаны Дзяржстандартам, і мы будзем кіравацца гэтым стандартам пры вытворчасці адзення для школьнікаў», — сказаў Якаўчыц.

Паводле яго, галоўная мэта работы над такім стандартам — ліквідаваць розначытанні ў разуменні таго, што ж з'яўляецца адзеннем дзелавога стылю. «Дзіця можа лічыць, што гэта адзенне дзелавога стылю, а ва ўстанове адукацыі могуць думаць па-іншаму. Таму ўсе нормы, пачынаючы ад тэхналогій вытворчасці і заканчваючы пакункам, будуць прадугледжаны ў гэтым стандарце», — адзначыў намеснік старшыні канцэрна.

Што гэта значыць на самай справе? Тым, хто цяпер збірае дзіцё ў школу, напрыканцы года прыйдзецца яго «перасабіраць» згодна з новым стандартам. Гэткае новае вымагальніцтва з боку любага «Беллегпраму».

І амаль адначасова і паралельна да нас прыйшлі дзве навіны са сферы высокіх тэхналогій. Хакерская група пад кодавай назвай Mr. Smith узламала серверы тэлеканала НВО і скрала адтуль сцэнары да пяці эпізодаў мегапапулярнейшага серыялу «Гульня Тронаў». І пачала шантажаваць кампанію, пагражаючы ў іншым выпадку выкласці ў сетку ўвесь серыял і іншыя важныя і канфідэнцыйныя файлы. Вымагальнікі патрабуюць выплаціць ім каля 7,5 мільёна долараў у біткойнах.

Пры чым тут Беларусь? Ды пры тым, што ў той жа час невядомыя зламыснікі ўзламалі Інстаграм мінскага Камароўскага рынку, выдалілі з акаўнта «Камароўкі» ўсе фатаграфіі і заявілі, што не адновяць старонку, пакуль ім не заплацяць 15 тысяч рублёў (каля 7,5 тысяч долараў).

З аднаго боку, бачна, што Беларусь стала ІТ-краінай і без прэзідэнцкіх дэкрэтаў. З іншага — «якая краіна, такія і тэракты».


Каментаваць