Адзін рубель за адзін еўра

Кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова выказала меркаванне, што ў наступным годзе можа быць праведзеная дэнамінацыя беларускага рубля. Эксперты гавораць, што такую працэдуру мэтазгодна ажыццяўляць, калі ўзровень інфляцыі мінімальны.



Кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова выказала меркаванне, што ў наступным годзе можа быць праведзеная дэнамінацыя беларускага рубля. Эксперты гавораць, што такую працэдуру мэтазгодна ажыццяўляць, калі ўзровень інфляцыі мінімальны.

Для дэнамінацыі патрэбная ўпэўненасць, што для далейшай стабілізацыі эканомікі не спатрэбіцца праводзіць дэвальвацыю рубля. Па словах Ермаковай, перш чым праводзіць дэнамінацыю, у Беларусі неабходна аднавіць рост эканомікі, забяспечыць стабільнае функцыянаванне грашова-крэдытнай сістэмы і дамагчыся прымальных працэнтных ставак — не ніжэй за 10%.

Яшчэ ў сакавіку Надзея Ермакова запэўнівала, што дэнамінацыю калі і правядуць, дык толькі пасля росту даходаў насельніцтва. «Не выключана, што мы прыбярэм лішнія нулі, калі вырастуць даходы насельніцтва і ў нашых кашальках купюры ўжо папросту не будуць змяшчацца. Але гэта адбудзецца не сёння і не заўтра, — тлумачыла старшыня праўлення Нацбанку. — Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. На фоне дэвальвацыі нацыянальнай валюты, пры тым узроўні інфляцыі».

«Беларуская грашовая адзінка цяпер адна з самых мізэрных у свеце! — абураецца эканаміст Леанід Заіка. — За адзін долар даюць 8 тысяч беларускіх рублёў. Ёсць грашовая адзінка рубель, але ў фізічным выглядзе гэты рубель адсутнічае — няма ні банкноты, ні манеты такога наміналу. Калі ў краіне ёсць грашовая адзінка, але рэальна яна не існуе, то пра што гэта гаворыць? Можам паглядзець на некаторыя краіны Афрыкі, дзе таксама валюта вымяраецца тысячамі. Таму з пункту гледзішча нацыянальнай годнасці беларусаў жыць з такімі грашыма папросту непрыстойна. Лішнія нулі ўскладняюць разлікі, трэба друкаваць папяровыя грошы, што пакрываюць гэтыя сумы».

Леанід Заіка глядзіць далей і прапануе прыраўняць беларускі рубель да еўра, а потым гэта выдаваць як козыр, калі з Расіяй будзе весціся размова пра агульную валюту.

«Нас наперадзе чакае больш цесная інтэграцыя з Расіяй і Казахстанам, непазбежна давядзецца прымаць агульную грашовую адзінку. Гэта непазбежна! — разважае эканаміст. — Калі мы не адмаўляемся ад інтэграцыі, то бу­дзем уводзіць адзіную грашовую адзінку. І вось збяруцца ў Крамлі Пуцін, Лукашэнка, Назарбаеў. Кожны выкладзе сваю стопку паперак, эквівалентную аднаму долару, а Лукашэнка і скажа: «Мы разумныя і зрабілі рубель таннейшым за долар. На якую грашовую адзінку пераходзім?». У такім выпадку будзе выгодна пераходзіць усім на беларускі рубель».

Колькі нулёў варта забраць у беларускага «зайчыка»? Леанід Заіка прапануе «просты і самы кепскі варыянт — тры нулі», ці другі варыянт — прыбраць адразу чатыры нулі. У другім выпадку адзін беларускі рубель будзе роўны аднаму еўра.

У такім разе (калі прыбраць чатыры нулі), на думку эканаміста, Беларусь стане выглядаць больш па-еўрапейску, больш прывабна. «Бо плаціць за праезд паўтары тысячы рублёў — гучыць проста нерэальна». «Прыраўнялі да еўра, і больш грошай не друкуйце! — настаўляе эканаміст Заіка. — І ўсё будзе бачна наконт стабільнасці нашай валюты. Самае цікавае, што як закрэслім чатыры нулі, то людзі ўспомняць Савецкі саюз».

Некаторыя палітыкі таксама паспелі выказацца наконт магчымай дэнамінацыі беларускага рубля. Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Георгій Дзмітрук мяркуе, што падчысціць нулікі беларускаму рублю неабходна, бо банкноты пераўтвараюцца ў фанцікі.

«Дадзеную заяву спадарыні Ермаковай трэба разглядаць у кантэксце таго, што адбываецца ў Беларусі. За першы квартал 2012 года Беларусь з’яўляецца лідарам па росце сукупнага знешняга доўгу і інфляцыі. Пры гэтым рост коштаў істотна апярэджвае рост заробкаў. Да таго ж у Беларусі па-ранейшаму не дзейнічаюць рынкавыя механізмы, дзяржава, як і раней, працягвае падтрымліваць стратныя галіны і прадпрыемствы, а стаўка рэфінансавання проста шалёная — 36%. Калі рынкавыя механізмы не пачнуць уводзіцца, нас зноў чакае неўтаймаваны рост коштаў і збядненне насельніцтва, паколькі рост заробкаў не будзе кампенсаваць росту інфляцыі, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да абвастрэння пытання праблемных крэдытаў. Апроч таго, працягне свой рост і сукупны знешні доўг, — адзначыў Георгій Дзмітрук. — У гэтай сувязі варта верыць заяве спадарыні Ермаковай. Пытанне правядзення чарговай дэнамінацыі беларускага рубля стане на павестку дня ў самы бліжэйшы час. Без яе Беларусь рызыкуе ператварыцца з краіны мільянераў у краіну мільярдэраў. Рублі ж увогуле могуць стаць цікавымі толькі ў якасці сувеніраў».

Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля — у суадносінах 1:1000 — праводзілася 1 студзеня 2000 года.

12 сакавіка 2012 года Нацбанк увёў у абарачэнне новую самую буйную купюру наміналам 200 тысяч беларускіх рублёў.
 

Каментаваць