АЭС ці ветрагенератар?

Факты сведчаць: будаўніцтва АЭС было самай вялікай эканамічнай памылкай у суверэннай гісторыі Беларусі. Але, каб аддзяліць рэальнае становішча ад прапаганды, разгледзім сучасны стан энергетычнай сістэмы на спрошчаным, але зразумелым для большасці ўзроўні.


Усё, што трэба ведаць


Вылучым чатыры паняцці, якія з’яўляюцца ключавымі для разумення энергетычнай сістэмы Беларусі.

Устаноўленая магутнасць энергасістэмы — намінальная актыўная магутнасць генератараў электрычных станцый. То бок, гэта той аб’ём магутнасці, які гіпатэтычна здольная выдаць уся энергасістэма краіны. Гэты параметр толькі ўскосна характарызуе энергетычную сістэму, паколькі ў рэальнасці ўся магутнасць генератараў электрычных станцый не выкарыстоўваецца. Аднак парадокс палягае ў тым, што менавіта гэты паказчык бярэцца за адпраўны пункт пры прыняцці рашэнняў пра ўвод новых магутнасцяў.

Максімальная нагрузка ў энергасістэме — фактычная пікавая магутнасць у энергасістэме. Да цяперашняга часу максімальная нагрузка ў беларускай энергасістэме не перавышала 6554 МВт. У рэзерве ў нас знаходзяцца больш за 2300 МВт магутнасцяў, што складае больш за 35% ад максімальнай патрэбы.

Рэзерв магутнасцяў мае ключавое значэнне для энергасістэмы. У выпадку аварыйнага спынення энергаблокаў патрэбна за кароткі час аднавіць планавую магутнасць энергасістэмы. Для гэтай мэты прадугледжана ўтрыманне гарачага і халоднага рэзерваў, велічыня кожнага з якіх, у адпаведнасці з існуючымі нарматывамі, роўная магутнасці самага буйнога блока ў энергасістэме.

З уводам у эксплуатацыю першага блока Беларускай АЭС у 2018 годзе памер халоднага і гарачага рэзерву павінен быць павялічаны да 1200 МВт. А ў 2020 годзе, пасля дасягнення сумарнай магутнасці АЭС 2388 МВт, агульную магутнасць, якая знаходзіцца ў рэзерве, плануецца давесці да 3300 МВт за кошт падтрымання ў працаздольным стане і выкарыстання часткова адпрацаваўшых свой тэрмін блокаў на Лукомльскай ГРЭС, а таксама іншых магутнасцяў на дзейсных электрастанцыях.

Спажыванне электраэнергіі — сумарны назапашаны аб’ём спажытай электраэнергіі за год. Калі нагрузка ў энергасістэме пастаянна змяняецца ў залежнасці ад часу сутак, сезоннасці і многіх іншых фактараў, то сумарны гадавы аб’ём спажывання электраэнергіі звязаны з тэмпамі развіцця эканомікі. Спажыванне электраэнергіі — вельмі важны паказчык, паколькі менавіта ад яго залежыць акупнасць інвестыцый, звязаных з увядзеннем новых энергетычныя магутнасцяў.

Максімальны аб’ём спажывання ў Беларусі быў дасягнуты ў 2012 годзе і склаў 38,4 мільярда кВт-г. Крызіс беларускай эканомікі прывёў да скарачэння сукупнага спажывання электраэнергіі да 36,8 мільярда кВт-г.

Спажыванне энерганосьбітаў — гадавы расход паліва, неабходнага для функцыянавання энергетычнай сістэмы. Менавіта праблема паліва з’явілася краевугольным каменем распрацоўкі канцэпцыі энергетычнай бяспекі Беларусі. На сённяшні дзень прыкладна 96% паліва, якое выкарыстоўваецца ў беларускай энергетыцы, — гэта прыродны газ, што пастаўляецца з Расіі. Фактычна гэта азначае поўную залежнасць беларускай энергасістэмы ад палітыкі Масквы.

Акрамя гэтага да зменаў у энергетычнай сістэме краіны падштурхоўвала неабходнасць мадэрнізацыі старых і нізкаэфектыўных магутнасцяў. Мадэрнізацыя аб’ектыўна наспела. Аднак погляды на тое, як яе праводзіць, дыяметральна разышліся.


Эвалюцыя або рэвалюцыя?


Эвалюцыйны шлях — зялёная энергетыка. Асноўным стрымліваючым фактарам развіцця аднаўляльнай энергетыкі з’яўляўся адносна высокі кошт вырабленай энергіі. Аднак тэхналогіі імкліва ідуць наперад, і ў некаторых краінах ужо сёння сабекошт альтэрнатыўнай энергіі зраўняўся з коштам вугальнай і газавай энергіі. Асаблівыя надзеі звязваюцца з развіццём сонечнай энергіі, якая ў дастатку маецца і ў Беларусі.

Аднаўляльная энергетыка дазваляе павялічваць энергетычныя магутнасці невялікімі тэмпамі, прычым без велізарных інвестыцыйных выдаткаў. Напрыклад, кошт будаўніцтва сонечнай электрастанцыі ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці максімальнай магутнасцю 22,7 МВт складае прыкладна 22 мільёны долараў. Пры ўмове 30% эфектыўнасці стварэнне 1 МВт магутнасці сонечнай энергіі будзе каштаваць каля 3 мільёнаў долараў.

Рэвалюцыйны шлях — атамная энергетыка. Сабекошт вытворчасці атамнай энергіі на сённяшні дзень прынята лічыць найбольш танным. Але ўсё не так проста. За магчымасць вытворчасці таннай энергіі неабходна нямала заплаціць. У нашым выпадку ўвод у эксплуатацыю абыдзецца прыкладна ў $10 мільярдаў, з якіх больш за паўмільярда пойдуць толькі на інтэграцыю АЭС у баланс існуючай энергасістэмы. У выніку стварэнне 1 МВт магутнасці атамнай энергіі абыдзецца ў 4,2 мільёна долараў, гэта значыць, на 40% даражэй, чым сонечнай.

Прыхільнікі будаўніцтва АЭС заяўляюць, што сабекошт вытворчасці атамнай электраэнергіі будзе ў 1,5–2 разы ніжэй у параўнанні з цеплавымі станцыямі. Аднак параўнальна нізкі сабекошт зусім не азначае акупнасць праекта.

Для доказу можна зрабіць стандартныя разлікі, якія прымяняюцца пры распрацоўцы інвестыцыйных праектаў, выкарыстоўваючы тыя дадзеныя, якія мы ведаем пра будучую АЭС, а менавіта:

— Гадавы аб’ём вытворчасці электраэнергіі пасля выхаду на поўную магутнасць — 7,1 мільярда кВт-г.;

— Тэрмін эксплуатацыі АЭС — 50 гадоў.

Калі ўлічваць унутраныя нормы прыбытковасці, можна сказаць, што акупнасць АЭС праз 50 гадоў пры стаўцы дыскантавання 2% гадавых адбудзецца ў тым выпадку, калі прыбытак, пры атрыманні 1 кВт-г. складзе 4,5 цэнта.

Але пры ўмове захавання тарыфаў на электраэнергію дадатковы прыбытак лагічна звязаць з розніцай паміж цяперашнім сабекоштам вытворчасці электраэнергіі і будучым сабекоштам вытворчасці энергіі на АЭС. Паколькі сёння сабекошт вытворчасці электраэнергіі на ГРЭС складае менш за 6 цэнтаў, гэта азначае, што без павелічэння тарыфаў на электраэнергію будаўніцтва АЭС не акупіцца ніколі.

Нагадаем, што для функцыянавання АЭС неабходна стварыць гарачы і халодны рэзерв. Падтрыманне халастой працы старых генерацыйных магутнасцяў таксама павялічыць сабекошт вырабленай энергіі.

Стаўшы на шлях развіцця атамнай энергетыкі, беларускія ўлады апынуліся перад складанай дылемай: альбо павялічваць тарыфы на электраэнергію, стварыўшы каласальныя праблемы для беларускіх вытворцаў, альбо ўсяляк стымуляваць аб’ёмы спажывання электраэнергіі ўнутры краіны.


Прагноз коштам у мільярды


Чаму ж так атрымалася, што пры распрацоўцы канцэпцыі энергетычнай бяспекі быў зроблены выбар на карысць вельмі дарагога, неэфектыўнага і такога непапулярнага ў грамадстве праекта, як будаўніцтва АЭС?

Уся справа ў асаблівасцях беларускай эканамічнай мадэлі. Распрацоўшчыкі праграмы, падобна, сур’ёзна верылі ў пастаянны рост беларускай эканомікі. У 2007 годзе яны прагназавалі, што патрэба ў электраэнергіі ў Беларусі да 2015 года складзе 42,5 мільярда кВт-г., а да 2020-га — 47,1 мільярда кВт-г. Пікавая магутнасць сістэмы, паводле прагнозаў, у 2015 годзе павінна была скласці 7335 МВт, а да 2020 года — 8128 МВт.

І нават тады, калі ў 2009 годзе беларуская эканоміка сутыкнулася з першымі сур’ёзнымі праблемамі, ні ў каго не хапіла смеласці згарнуць яшчэ не пачаты неэфектыўны праект. Затое ў 2016 годзе прагнозы аказаліся нашмат больш прыземленымі (малюнак 1).



Такім чынам, цяперашнія аптымістычныя планы спажывання і максімальнай нагрузкі ў энергасістэме адрозніваюцца ад прагнозаў дзесяцігадовай даўнасці на 20%.

Сёння больш лагічным выглядае не нарошчванне энергетычных магутнасцяў за кошт АЭС, а менавіта дыверсіфікацыя за кошт актыўнага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.


Перспектывы аднаўляльнай энергетыкі


Што ж сёння чакае аднаўляльную энергетыкі ў Беларусі? На першы погляд можа стварыцца ўражанне, што развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ўсё яшчэ застаецца ў якасці прыярытэтаў. У краіне прыняты закон «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь вядзе кадастр аднаўляльных крыніц энергіі, для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць намер усталяваць устаноўкі па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі, даюцца пэўныя льготы.

Аднак калі прыгледзецца больш уважліва, то становіцца відавочным, што развіццё зялёнай энергетыкі пачынае адсоўвацца на другі план.

Згодна з новай канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Беларусі, вызначана, што планавы працэнт вытворчасці (здабычы) энергіі з аднаўляльных крыніц будзе павялічвацца на 1 працэнтны пункт кожныя пяць гадоў, склаўшы да 2035 годзе ўсяго 9%. Гэта пры тым, што нармальны ўзровень паказчыка ўстаноўлены ў памеры 15%.

Працэнт аднаўляльных крыніц энергіі ў агульным аб’ёме вытворчасці электраэнергіі да 2020 года плануецца павялічыць усяго да 2,4%.



У 2015 годзе прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю аднаўляльнай энергіі, чакалі адразу два сюрпрызы. З аднаго боку, Міністэрства эканомікі знізіла тарыфы на куплю электрычнай энергіі, што вырабляецца з аднаўляльных крыніц. У прыватнасці, было ўстаноўлена, што праз 20 гадоў купля будзе ажыццяўляцца толькі прыкладна за палову тарыфу, устаноўленага для прамысловасці. А з другога боку, указам прэзідэнта былі ўведзены квоты на будаўніцтва ўстановак, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Арганізацыі, якія не здолелі патрапіць у квоты, цяпер адразу вымушаныя прадаваць электраэнергію на 30% танней тарыфу, устаноўленага для прамысловасці.

Усталяванне такіх мер сведчыць пра тое, што дзяржава больш не жадае стымуляваць масавае развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі. Магчымая падстава для такога рашэння — выкліканая пабудовай Беларускай АЭС празмернасць магутнасцяў энергасістэмы, што чакае нас у будучыні. Усё гэта сведчыць, што будаўніцтва АЭС было самай вялікай эканамічнай памылкай у суверэннай гісторыі Беларусі.



Каментаваць