АГП патрабуе зніжэння падаткаў

У хуткім часе нас чакаюць змены ў Падатковы кодэкс. У той час, як у краіне жорстка не стае грошай, а бюджэт трэба неяк папаўняць, урад не прыдумаў нічога лепшага, як павысіць базавыя падаткі. Падатак на дададзеную вартасць плануецца павялічыць на 2%. Зараз ён складае 20%, а будзе — 22%.



Падавалася б, гэтае павелічэнне нязначнае. Але насамрэч наступствы такога кроку будуць ледзь не катастрафічныя для краіны. Так палічылі эканамісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І патлумачылі, чаму.

Ганаровы старшыня АГП, былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што ў найбольш дынамічных эканоміках свету падаткі з’яўляюцца стабільнымі і мінімальнымі. У краінах, якіх дагэтуль называюць «азіяцкімі тыграмі», падаткі складаюць не больш за 25% ад прыбытку. «Ёсць яшчэ і англасаксонская схема падаткаў, дзе траціна, каля 33% ад прыбытку ідзе дзяржаве, але там іншыя ўмовы гаспадаркі», — адзначыў Багданкевіч.

У той час, як беларуская прадукцыя не прадаецца, павышаць ПДВ — гэта самазабойства. «Калі ёсць праблемы з напаўняльнасцю бюджэту — трэба не падвышаць, а зніжаць ПДВ. ПДВ у нас і так значна большы, чым у суседзяў. У Расіі — 18%. У Казахстане — 12%. Мы перакананыя, што стаўку ПДВ трэба знізіць да 15%», — заявіў Багданкевіч.

У чым праблема з ПДВ? Праблема ў тым, што з такім ПДВ мы становімся неканкурэнтнымі ў сённяшнім эканамічным становішчы. У межах адзінай Саюзнай дзяржавы з Расіяй ці Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама плануемага Еўразійскага эканамічнага саюза, нашым прадпрымальнікам больш выгадна будзе перавесці бізнэс куды-небудзь у Расію ці Казахстан. Альбо перавесці бізнэс у цень, каб такі падатак не плаціць. Наступствы такой палітыкі відавочныя: павышэнне той самай колькасці беларусаў, якія працуюць за мяжой, скарачэнне колькасці працоўных месцаў і зніжэнне збору падаткаў замест іх падвышэння.

Здавалася б, Бог з імі, з прадпрымальнікамі. Дзяржава думае пра дзяржаўныя прадпрыемствы, бо «экспартныя» прадпрыемствы вызваленыя ад ПДВ. А рост ПДВ будзе спрыяць зніжэнню імпарту — таго самага «барахла», якое, па словах прэзідэнта, мы ствараем і айчыннае. Такім чынам, ПДВ абароніць беларускую прадукцыю ад замежнай.

Гэта логіка б працавала, калі б такое было не ў «экспартаарыентаванай» краіне. Павышэнне ПДВ прывядзе да краху ўнутранага рынка і моцнаму адтоку валюты з краіны, перакананы намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін. Уся справа ў тым, што ПДВ бярэцца з кожнай адзінкі прадукцыі, а не з канчатковага прадуктуку.

Возьмем, да прыкладу, беларускі тэлевізар. Над ягоным стварэннем працуе не адно прадпрыемства. Кінескоп робяць у адным месцы, пластыкавы корпус — у другім, кабель для сілкавання — на трэцім заводзе, платы — на чацвёртым, мікрасхемы на пятым, а зборка ідзе на шостым прадпрыемстве. І на кожным этапе, па словах Марголіна, да кожнага вінціка дадаецца ПДВ. У такім выпадку айчынны тэлевізар падаражэе прыкладна на 25%. Тое самае адбудзецца з іншымі «тэхналагічнымі» вытворчасцямі: машынабудаваннем, напрыклад.

Вынік просты — замест таго, каб купляць беларускае, нашыя суграмадзяне зноў-такі рынуцца за межы краіны ў масавым парадку: набываць больш якаснае і — што значна важней — больш таннае.

Значна павысяцца кошты на імпарт не толькі ў буйных дзяржаўных крамах, якія гэтым імпартам гандлююць. Адначасова вырастуць кошты і ў прадпрымальнікаў, і не толькі з-за таго, што яны ўвозяць тавар з-за мяжы. Стаўка адзінага падатку для ІП таксама прывязаная да стаўкі ПДВ. Апроч таго, плануецца рост кошту акцызаў на алкаголь, цыгарэты і паліва, павышэнне падатку на зямлю і нерухомасць.

«Значнае павышэнне падатковай нагрузкі ва ўмовах стагнацыі эканомікі стане прычынай рэцэсіі. Ва ўмовах пагаршэння знешняга попыту на беларускія тавары, у першую чаргу, на рынку Расіі, падзення плацежнай дысцыпліны, росту напружанасці ў плацежным балансе і пагаршэння фінансавага становішча камерцыйных арганізацый імклівы рост падатковай нагрузкі раўнавартасны эканамічнаму самазабойству», — робяць выснову эксперты АГП.

Адпаведная заява бліжэйшым часам будзе скіраваная ва ўрад.

Але ці ёсць вынік такіх заяваў? Лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначае: рана ці позна (зазвычай — запозна) пад ціскам абставінаў урад усё ж прымае меры, якія яму у свой час падказвалі эканамісты АГП. Хоць на палову, хоць на траціну, хоць на чвэрць, але нейкі досвед АГП пры дзейнасці ўрад улічваў. Праўда, гэта адбывалася, хутчэй, незалежна ад АГП — проста іншага выбару, як ісці на прапановы ліберальных эканамістаў, ва ўрада ўжо не было, да такога стану яны ўлазілі ў яму. Але тое, што прапановы АГП там вывучаюцца — гэта дакладна.

Паглядзім, ці прыслухаюцца да меркавання АГП улады гэтым разам? Бо канчаткова нас «прыцісне», па меркаванні тых жа эканамістаў, даволі хутка — ужо напачатку наступнага года, калі скончыцца апошні транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Каментаваць