Алег Цывінскі: “Беларускай эканоміцы неабходна лібералізавацца”

25 лютага Сусветны эканамічны форум у Давосе абвясціў спіс Маладых лідэраў планеты на 2009 год (Young Global Leaders–2009). Ужо традыцыйна ў такія спісы штогод уваходзяць да 100 самых выбітных эканамістаў, палітыкаў, навукоўцаў, журналістаў, актывістаў НДА, творцаў у веку да 40 гадоў. Абраннікі аўтаматычна далучаюцца да Форуму сусветных лідэраў, заснаванага ў 2004 годзе кіраўніком СЭФ Клаўсам Швабам. Крытэр выбару — прафесіяналізм кандыдатаў у сваёй сферы, прызнанне іх аўтарытэта грамадскасцю, іх патэнцыйная здольнасць спрычыніцца да кшталтавання будучыні планеты.



25 лютага Сусветны эканамічны форум у Давосе абвясціў спіс Маладых лідэраў планеты на 2009 год (Young Global Leaders–2009). Ужо традыцыйна ў такія спісы штогод уваходзяць да 100 самых выбітных эканамістаў, палітыкаў, навукоўцаў, журналістаў, актывістаў НДА, творцаў у веку да 40 гадоў. Абраннікі аўтаматычна далучаюцца да Форуму сусветных лідэраў, заснаванага ў 2004 годзе кіраўніком СЭФ Клаўсам Швабам. Крытэр выбару — прафесіяналізм кандыдатаў у сваёй сферы, прызнанне іх аўтарытэта грамадскасцю, іх патэнцыйная здольнасць спрычыніцца да кшталтавання будучыні планеты. Груба кажучы, у Давосе ўзяліся гадаваць маладыя глабальныя эліты. Сёлета Маладым лідэрам планеты ўпершыню быў абраны грамадзянін Беларусі — выпускнік БДЭУ Алег Цывінскі, прафесар Ельскага універсітэта (ЗША), выбітны спецыяліст па макраэканоміцы. Яшчэ да прызнання на СЭФ ён быў сусветна вядомы як навуковец — уладальнік прэстыжных прэмій, аўтар з высокім рэйтынгам цытаванасці: яго працы друкуюцца ў вядучых эканамічных часопісах планеты. Ведаючы, наколькі неабыякавыя для любога беларуса любыя факты сусветнага прызнання суайчыннікаў, журналіст Марыя Мартысевіч вырашыла крыху распытаць Алега пра яго шляхі да “такога жыцця.


Алег, прыміце віншаванні з нагоды прэстыжнай прэміі. Ці была яна для вас нечаканасцю? Як вам — пачувацца “маладым глабальным лідэрам?


— Дзякуй. Зразумела, гэта была нечаканасць. Я ведаў, што намінаваны, але ж і ведаў, што атрымаць прэмію даволі складана. Выбар ідзе сярод 5 тысяч кандыдатаў да 40 гадоў, а мне ўсяго 31, таму было нечакана, што мяне абралі ўжо сёлета: сярэдні век пераможцаў крыху вышэй — год 35–36. Атрымаць прэмію было вельмі прыемна, тым больш прыемна па прычыне, што я першы лаўрэат з Беларусі. Гэта вельмі добра для нашай краіны, бо мы мала прадстаўленыя ў сусветнай эліце, у тым ліку і на СЭФ. Для мяне гэта таксама прызнанне маіх поспехаў і ў акадэмічным плане, і павелічэнне майго аўтарытэту на сусветным узроўні, бо галоўныя крытэры выбару — значныя дасягненні і вялікі патэнцыял. З Кітая, як правіла, абіраюць 5 чалавек, з Расіі — 3, з Украіны — 1, ЗША — 10–15 чалавек. З аднаго боку, прэстыжна, што мяне абралі па квоце ЗША, дзе я працую. У вялікіх краінах канкурэнцыя большая. Сярод іншых прадстаўнікоў Паўночнай Амерыкі ў 2009 годзе — акторка Джэсіка Біл, гулец у гольф Тайгер Вудс, фундатарка дабрачыннай арганізацыі, вынаходнік “Скайпу, уладальнік “Ютубу... Але я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, таму гэта прэмія — і для Беларусі таксама.
Статус маладога лідэра дае права ўдзельнічаць у Форуме маладых лідэраў. Гэта дадатковая магчымасць камунікавання, магчымасць ствараць супольныя праекты, прасоўваць ідэі, а таксама знаёміцца з ідэямі тых, хто будзе адыгрываць ролю ў розных сферах ужо праз некалькі гадоў. Калі цябе абіраюць, ты вырашаеш, ці хочаш быць актыўным сябрам супольнасці. Актыўных сябраў на сёння — каля 300.


У свой 31 год вы — без перабольшанняў — “узыходзячая зорка сусветнай эканомікі. Людзі, што дасягнулі чагосьці ў жыцці і сталі знакамітыя ўжо ў 25–30 гадоў — сусветная тэндэнцыя. Як вы думаеце, у чым прычына такога “амаладжэння лідэраў?


— Я таму і абраў акадэмічную, навуковую дарогу, што ў гэтай галіне можна вельмі імкліва зрабіць кар’еру. Увогуле ж, у сучасным свеце парушыліся ўсе іерархіі: прызнанне твайго поспеху ўжо не залежыць ад тваіх сувязяў, паходжання ці “выслугі гадоў: толькі твае дасягненні як прафесіянала. Магчыма, менавіта таму маладыя з новымі крэатыўнымі ідэямі дасягаюць поспеху так хутка.


Што больш прыцягвае вас у вашай прафесійнай дзейнасці: даследчыцкі кампанент ці выкладчыцкі?


— Ельскі універсітэт — гэта перадусім даследчыцкі цэнтр, задача якога — выпрацоўваць новыя рашэнні для актуальных працэсаў у свеце. Я тут ачольваю Праграму Макраэканамічных даследаванняў у Інстытуце Коўла, а выкладчыцкіх курсаў у мяне не больш за два ў год. Навука для мяне на першым месцы.


Вы і ваш сябар Міхаіл Голасаў былі ці не найлепшымі студэнтамі Мінскага наргасу выпуску 1998 года. Пытанне нібыта з прадказальным адказам, але ўсё ж: чаму вы з’ехалі з Беларусі, не прыняўшы прапановаў выкладаць на радзіме?


— Так, я паступіў у аспірантуру ў ЗША, Голасаў вучыўся ў Канадзе… Калі вы хочаце займацца эканомікай на сусветным узроўні, варта вучыцца гэтаму не ў нас, а ў іх. Беларуская, дый расійская эканамічная навука развітыя даволі слаба. (У Расіі выключэнне — Расійская эканамічная школа, дзе рыхтуюць сапраўды моцных магістраў). Атрымліваць навуковую ступень па эканоміцы варта ў найлепшых універсітэтах Амерыкі. Нават у Еўропе сур’ёзнага ўкладу ў развіццё эканамічнай навукі мала — усяго 2–3 салiдныя цэнтры…


Вы вучыліся ў БДЭУ, пасля — ва універсітэце Мінесоты, працавалі ў Гарвардскім і Каліфарнійскім універсітэтах... У чым, на ваш погляд, розніца паміж амерыканскай і беларускай эканамічнай адукацыяй?


— У амерыканскай сістэме ўпор робіцца на самастойную працу. Прафесар на лекцыі задае тон, апісвае агульныя рэчы. Асноўная праца — па-за класам. У Беларусі на кожную лекцыйную гадзіну прыпадае адна гадзіна самастойнай працы. Калі ж я выкладаю ў амерыканскай ВНУ, на адну лекцыйную гадзіну прыпадае 8–9 гадзін самастойнай працы. Таму курс, на які ў беларускім універсітэце (напрыклад курс макраэканомікі ў наргасе) адводзіцца паўтары гады, у Ельскім універсітэце праходзіцца за няпоўны семестр. Усё нашмат хутчэй. Па-другое, адно з самых галоўных адрозненняў: у амерыканскай культуры няма такіх паняццяў, як “шпаргалкі, “спісванне. Гэта фактычна адзінае, за што могуць адлічыць з універсітэта. Шпаргалка — аўтаматычная двойка, нават за адзінкавае спісванне — выключэнне. Тут пашыраны культ самастойнай працы студэнта.


Існуе перакананне, што постсавецкая адукацыя дае шырокія, энцыклапедычныя веды ў спецыяльнасці, у той час як амерыканская выхоўвае вузкага спецыяліста: выпускнік інстытута дранікаў няздольны стаць кандыдатам навук па стравах з бульбы…


— Насамрэч усё наадварот. Напрыклад, калі я паступаў у наргас, я паступаў на факультэт банкаўскай справы. Гэта значыць, у свае 16 год я мусіў абраць, чым буду займацца ў жыцці. У Амерыцы зусім іначай: калі студэнт паступае ва універсітэт, ён паступае ва універсітэт, а не на спецыяльнасць. Толькі на другім ці нават на трэцім курсе ён можа выбраць эканоміку, матэматыку ці медыцыну. Сістэма найлепшых амерыканскіх ВНУ пабудаваная такім чынам: мы не ведаем, што будзе праз 20 год, але мы можам падрыхтаваць студэнтаў, каб з нашай базай ведаў яны самі навучыліся тым рэчам, якія з’явяцца год праз 20. Адукацыя строга непрафесійная. Мы рыхтуем усебакова адукаваных спецыялістаў.


Вы — спецыяліст па макраэканамічнай палітыцы. Апошнім часам увага гэтай дысцыпліны засяроджаная на рашэнні праблемы сусветнага крызісу. Ці не было ўручэнне вам прэміі звязана і з гэтым?


— Апошнім часам роля эканамістаў у свеце ўвогуле значна павялічылася. У звычайны час, каб разумець эканоміку, дастаткова базавай адукацыі ў межах універсітэцкай праграмы. Цяпер усё складаней. Каб нешта разумець у тым, што адбываецца, трэба мець адукацыю на ўзроўні эканамічнай аспірантуры, інакш сусветныя працэсы не зразумець у прынцыпе.


Шмат вашай аналітыкі прысвечана наступствам сусветнага крызісу ў Расіі. А ці сочыце вы за падзеямі ў Беларусі? Як вам так званая “беларуская мадэль эканомікі?


— Вядома ж, сачу. У прынцыпе, розніца паміж краінамі не вельмі вялікая: на Беларусь і Расію крызіс уплывае, лічы, аднолькава. Беларуская мадэль… Ведаеце, мадэлі эканомікі паўсюль аднолькавыя: што ў Чылі, што ў Расіі, што ў Беларусі. Беларусь у сусветным плане даволі багатая краіна. Мы ўсе разумеем, што эканамічны рост будзе запавольвацца: усе плады, што вісяць нізка, ужо знятыя. Таму трэба будаваць больш лібералізаваную, адкрытую эканоміку. Так, Беларусь расла вельмі хутка — але з нізкага старту. Нядзіўна, што рост Беларусі быў такі высокі. Але цяпер, калі плады эканамічнага росту сабраныя, будзе запавольванне росту. Крызіс б’е па ўсіх краінах. Трэба дзейнічаць, каб працягнуць рост эканомікі.


Як простая беларуская абывацелька, я чула, што ў Беларусі крызіс пачаўся пазней — але і працягнецца ён даўжэй. Наколькі гэта адпавядае праўдзе?


— Відаць, праўда. Працэс выхаду з крызісу залежыць ад таго, наколькі ўвогуле лібералізаваная эканоміка. Эканамісты называюць гэта “працэс стваральнага разбурэння. У лібералізаванай эканоміцы сапраўды, некаторыя фірмы збанкрутуюць. Але найлепшыя застаюцца, адраджаюцца, растуць хутчэй. А эканоміка, менш развітая з гледзішча свабоднага рынку, уступае ў крызіс пазней, але выкараскваецца даўжэй. Мы бачым гэта на прыкладзе Японіі, якая страціла 10 гадоў эканамічнага росту, бо вырашыла не праводзіць рэструктурызацыі эканомікі. Гэта быў вялікі ўрок эканамічнай лібералізацыі. Калі ў беларускай эканомікі ёсць жаданне працягваць рост, ці хаця б не дапусціць спаду, ёй, безумоўна, неабходна лібералізавацца. І ў рынку працы, і ў рынку капіталу ёсць запас эканамічнага росту, які можна вызваліць.


Можаце даць пару эксклюзіўных парадаў для маладых навукоўцаў-эканамістаў у Беларусі?


— Трэба інтэгравацца ў сусветную эліту: чытаць міжнародныя часопісы, старацца ездзіць на канферэнцыі. Эканоміка — глабальная навука, мы, беларусы, павінныя канкураваць не на мясцовым — на планетарным узроўні. У нас добры патэнцыял, шмат таленавітых дзяўчат і хлопцаў, якія могуць нешта значыць у свеце: варта захацець ды прыкласці сур’ёзныя намаганні — і ўсё атрымаецца.


Форум маладых лідэраў пакліканы “кшталтаваць будучыню планеты. Якія вашы ідэі па кшталтаванні будучыні?


— Будучыня планеты залежыць ад эканамічнага росту. За апошнія 20–30 гадоў свет змяніўся. Эканамічны рост у Кітаі і Індыі выцягнуў сотні мільёнаў людзей з галечы. Так што галоўная задача — забяспечыць эканамічны рост. Бягучы крызіс паказвае, наколькі важная для нас усіх эканоміка.

Каментаваць