«Апярэджанне» замест «сабакі на сене»

«Зрабіць маналітнай бізнэс-супольнасць Беларусі на працягу года зможа толькі новая хваля крызісу або новае кіраўніцтва», — лічыць віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Канстанцін Каламіец.



Пачалося адкрытае грамадскае абмеркаванне праекта Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі-2013 (НПББ-2013). Прадпрымальнікі прапануюць уладам нарэшце адысці ад стратэгіі «сабакі на сене».

У аснову праекта ляглі даследаванні аб працы бізнэс-асацыяцый, высновы мемарандума Сусветнага банка па Беларусі, індэкс дзелавога аптымізму краіны. Праект НПББ-2013 атрымаў назву «Стратэгія апярэджання». Яго адкрытае абмеркаванне будзе доўжыцца да 20 лютага.

Фота tut.by

Асобныя моманты праекту НПББ-2013 НЧ папрасіла пракаментаваць віцэ-старшыню Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Канстанціна Каламіеца.

— фота Наколькі мне вядома, многія прадпрымальнікі і прадстаўнікі экспертнай супольнасці мяркуюць, што на гэты раз словамі аб мадэрнізацыі ў Беларусі справа не скончыцца. Зыходзячы з аналізу стану спраў на рынках Расіі і ЕС (на нашых асноўных экспартных рынках), можна сцвярджаць, што ў бліжэйшыя 2-3 гады там пачнуцца маштабныя структурныя рэформы. Такія ж рэформы можна прагназаваць і ў беларускай эканоміцы, а затым — ва ўсёй сістэме дзяржкіравання. Мы ўсе вельмі хутка адчуем «нябачную руку рынка», даведаемся, што такое «зліццё і паглынанне», «фінансава-прамысловыя групы» і г. д.

Разам з тым Канстанцін Каламіец не адмаўляе таго факту, што цяпер асноўная частка беларускага бізнэсу пазбаўленая ўвагі з боку дзяржавы. «Выключна ўважлівыя да бізнэсу толькі кантралюючыя і фіскальныя органы, — гаворыць прадстаўнік бізнэс-саюза. — Таму вынікі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі пакуль цешаць не ўсіх. Сапраўды, усё атрымліваецца як у Жванецкага: «аперуюць у нас добра, у нас выходжваць не ўмеюць…» Усе дырэктывы, якія тычацца нацыянальнага бізнэсу, выконваюцца толькі напалову. Горш за ўсё ў чыноўнікаў атрымліваецца выконваць пункты наконт даступных крэдытаў і ўмераных падаткаў. Таму вельмі сціплымі застаюцца і вынікі развіцця беларускага прадпрымальніцтва«.

У якасці асноўных бар'ераў, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў праекце НПББ-2013, называюцца неразвіты фінансавы рынак, дарагія крэдытныя рэсурсы, высокія падаткі… І гэтыя тэмы мусіруюцца з года ў год, а прасвету рэальна пакуль не прадбачыцца.

У краінах, дзе эканоміка квітнее, з малога бізнэсу апошнюю скурку не дзяруць, а «даіць» падаткамі пачынаюць толькі пасля таго, як бізнэс вырас і набраўся сілаў. Самы распаўсюджаны адказ беларускіх чыноўнікаў пакуль такі: «Мы не абяцалі, што падатковы цяжар будзе меншы. Мы абяцалі, што падаткі плаціць будзе прасцей». Каментары беларускіх прадпрымальнікаў з нагоды кошту крэдытных рэсурсаў, недаразвітага рынку каштоўных папер ваша газета проста не апублікуе. Цэнзура не прапусціць… — нявесела жартуе Канстанцін Каламіец.

— Але наша дзяржава — не «бедны сваяк». Праблема ў тым, што чыноўнікі не ўмеюць эфектыўна кіраваць дзяржуласнасцю. Лепш за ўсё ў іх пакуль атрымліваецца дзяліць бюджэт. Часта чыноўнікі бескантрольна інвестуюць грошы падаткаплацельшчыкаў не ў прыярытэтныя праекты. Патрэбен дадатковы кантроль і экспертыза праектаў з боку экспертнай супольнасці і грамадзянскай супольнасці. Дрэнна чыноўнікі ўмеюць пазычаць інвестыцыйныя рэсурсы, размяркоўваць рызыкі паміж удзельнікамі праекта. Прадпрымальнікі многія гады таксама спрабуюць ім растлумачыць, што для рэалізацыі большай часткі інвестыцыйных праектаў малога бізнэсу бюджэтныя грошы не патрэбныя. Каб гэта зразумець, чыноўніку дастаткова хоць бы прачытаць артыкул №1 «Інвестыцыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь»: у якасці інвестыцыйных рэсурсаў могуць выступаць і зямля, і лес, і непатрэбныя вытворчыя плошчы дзяржпрадпрыемстваў, і іншыя аб'екты нерухомасці, і аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і гэтак далей, — падкрэслівае Каламіец.

— Засекі Радзімы ломяцца ад звышнарматыўных запасаў гатовай прадукцыі! Значная частка гэтых тавараў з'яўляецца інвестыцыйнай (станкі, машыны, абсталяванне). Малы бізнэс здольны запусціць гэтыя рэсурсы ў гаспадарчы абарот і папоўніць даходы бюджэту, не атрымліваючы пры гэтым ніякіх бюджэтных субсідый. Праблема яшчэ ў тым, што чыноўнікі Беларусі і многіх іншых краін эфектыўнасць кіравання разумеюць вельмі своеасабліва. Сёння ёсць адчуванне, што беларускім чыноўнікам прасцей ці больш выгадна будзе папоўніць казну, прадаўшы «Белкалій», чым запусціць у гаспадарчы абарот неліквіды і атрымаць дадатковыя паступленні ў бюджэт. Таму, каб выжыць ва ўмовах другой хвалі крызісу, цяперашнюю стратэгію ўраду «сабакі на сене» неабходна замяніць на стратэгію «Да мадэрнізацыі РАЗАМ».

Канстанцін Каламіец звяртае ўвагу на той факт, што цяпер у сувязі з уступленнем дзяржавы ў Мытны саюз і АЭП і адначасовым ігнараваннем інтарэсаў беларускага прыватнага бізнэсу можна чакаць у бліжэйшыя гады экспансіі расійскіх, кітайскіх, кіпрскіх кампаній. Беларускія ж прадпрымальнікі ў такіх умовах папросту могуць стаць лішнімі ў сваёй краіне.

Сёлета ў праекце НПББ-2013 ставіцца амбіцыйная задача ўзгадніць пазіцыі бізнэс-супольнасці, разам з тым прыклады змагання з дзяржавай прадпрымальнікаў за свае інтарэсы паказваюць, што прыватны бізнэс у краіне раздроблены. Дык ці ёсць шанцы вось так імгненна аб'яднаць людзей, якія не зрабілі гэтага самастойна, хаця матывацыя была вялікай?

Адзін з самых негатыўных вынікаў: за 20 гадоў нашай незалежнасці ёсць мала прыкладаў, калі беларускі бізнэс дамогся прыкметных поспехаў на міжнародным рынку. У цяперашніх умовах зрабіць маналітнай бізнэс-супольнасць Беларусі на працягу года, на маю думку, зможа толькі новая хваля крызісу або новае кіраўніцтва. Я не выключаю ні аднаго, ні другога, — рэзюмуе суразмоўца.

За сем гадоў дзеяння НПББ адбыўся пераход на плоскую шкалу падаткаабкладання даходаў, былі спрошчаныя адміністрацыйныя працэдуры, распачата рэфармаванне кантрольна-праверачнай дзейнасці. Ажыццёўлены добраахвотны пераход на штоквартальныя тэрміны выплаты падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва незалежна ад аб'ёмаў рэалізацыі тавараў (работ, паслуг). Прымяненне Адзінай тарыфнай сеткі стала насіць рэкамендацыйны характар для прадпрыемстваў з доляй дзяржаўнай уласнасці менш за 50%. Скарацілася колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці і іншае.

Любы грамадзянін краіны ў пісьмовым выглядзе можа ўнесці свае прапановы ў НПББ-2013. Для разгляду канчатковага тэксту платформы створана спецыяльная камісія на чале з міністрам эканомікі Беларусі Мікалаем Снапковым. Тэкст будзе прадстаўлены на Асамблеі дзелавых колаў 13 сакавіка.

Каментаваць