Асацыяльная Беларусь

Палата прадстаўнікоў адмовілася павышаць мінімальны памер заробку. Дэпутаты лічаць, што 170 долараў дастаткова для забеспячэння жыцця сям’і з чатырох чалавек.



З патрабаваннем павысіць заробак выступілі жыхары Баранавічаў. Больш за 140 падпісантаў накіравалі ў Палату прадстаўнікоў прапанову ініцыяваць прыняцце Закона аб усталяванні мінімальнай заработнай платы. Мінімальны заробак прапанавалася зрабіць у памеры 3 мільёны рублёў і мінімальнай пенсіі ў памеры 2,5 мільёна рублёў з індэксацыяй гэтых паказчыкаў падчас змянення цэн на тавары і паслугі. Жыхары Баранавічаў сцвярджалі ў звароце, што «ў цяперашні час узровень сярэдняй зарплаты не з’яўляецца паказчыкам сапраўднага ўзроўню жыцця працоўных. У выніку, пры сталым росце коштаў фактычна адбываецца замарожванне зарплаты працаўнікоў».

Аднак кіраўнік камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Васіленка адказаў, што «ў цяперашні час памер зарплаты з’яўляецца аптымальным для існуючых эканамічных умоў і забяспечвае высокі ўзровень занятасці на рынку працы, а таксама праз механізм яго індэксацыі часткова пакрывае страты нізкааплатных катэгорый работнікаў, выкліканыя інфляцыяй».

Дэпутат паведаміў, што мінімальная зарплата з 1 студзеня 2014 года вызначана ў памеры 1 660 000 рублёў, што складае 100,04% мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з чатырох чалавек на пачатак 2013 года.

У сувязі з гэтым, лічыць Уладзімір Васіленка, «прапанова па павелічэнні зарплаты не можа быць падтрымана».

На хлеб і малако

Такім чынам, дэпутаты мяркуюць, што на аднаго чалавека на месяц дастаткова 415 тысяч рублёў (1 660 000 / 4). Гэта значыць, 103 750 рублёў на тыдзень. На што іх хопіць? Мінімальна — на хлеб і малако. Хлеб у сярэднім каштуе 5–6 тысяч рублёў, а малако — 7–8 тысяч за пакунак. Бярэм гэтыя лічбы за 6 дзён, каб ужо не шыкаваць. Атрымліваецца 78 000. Крыху больш за 10 000 каштуе пачак макаронаў (900 грамаў — на тры-чатыры разы хопіць) і каля 12 000 — пачак сметанковага масла альбо маянэзу (400 грамаў) да макаронаў. Бінга! Мы ўлезлі ў мінімальную зарплату за тыдзень, і ў нас засталося 3 750 рублёў на шакаладны батончык маркі «Спартак» вагай у 48 грамаў.

Заўважце, тут не ўлічаныя ані цукар, ані соль, якія можна пазычыць у больш багатых суседзяў. Але ўсё роўна: тое, што беларускія дэпутаты лічаць «100,04% мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з чатырох чалавек», да болю нагадвае нормы блакаднага Ленінграда.

Асабліва адзначым, што мінімальная заробная плата тычыцца тых працоўных, якія працуюць на поўную стаўку — пяць дзён па восем гадзінаў на тыдзень. Ці можна ўвогуле працаваць пры такой норме харчавання? Я думаю, што наўрад ці, але дэпутаты лічаць інакш. І зразумела, чаму яны лічаць інакш: адна справа, працаваць, напрыклад, на марозе дворнікам — тут сапраўды ад такога харчавання хутка сканаеш. А іншая справа — увесь дзень сядзець у цёплым крэсле і варушыцца толькі для таго, каб націснуць кнопку для галасавання. У такіх умовах не толькі асаблівай ежы не трэба — можна нават галадоўку абвяшчаць!

Маніпуляцыя лічбамі

Дэпутат Васіленка, на жаль, маніпулюе тымі лічбамі і такім жа чынам, як маніпулюе імі ўлада ў цэлым. Зразумела, памер мінімальнага заробку і мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ) ён узяў не са столі. МСБ для сям’і з 4-х чалавек устаноўлены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны 1 лістапада 2013 года ў памеры 1 659 400 рублёў. Фармальна спадар Васіленка адказаў жыхарам Баранавічаў вельмі правільна.

А вось «міністэрства сацыяльнай справядлівасці» бюджэт для сям’і з 4-х чалавек якраз узяло са столі. Бо яно ж само ўсталявала той жа МСБ, але ўжо ў памеры на аднаго працоўнага, — 2 123 190 рублёў!

Як гэта можа быць, што памер мінімальнага спажывецкага бюджэту для сям’і з 4-х чалавек меншы, чым памер МСБ на аднаго працоўнага? Гэта глупства, скажаце вы. Не, не глупства, адкажу я.

Гэта сацыяльная палітыка дзяржавы, якая, прыкрываючыся высмактанымі з пальца лічбамі, не збіраецца забяспечваць дастойны ўзровень жыцця і заробку. Бо відавочна, што калі ў сям’і працуюць два чалавекі, МСБ сям’і павінен быць не ніжэйшы (2 123 190 Х 2) за 4 246 380 рублёў. А ніяк не 1 659 400.

Такім чынам, мы бачым, што мінімальны беларускі заробак аднаго працоўнага, на які спасылаецца дэпутат Васіленка, не дацягвае да мінімальнага спажывецкага бюджэту таго ж працоўнага! З іншага боку — дзяржава лічыць, што сям’я з 4-х чалавек можа пражыць на грошы, на якія не можа пражыць і адзін чалавек, які працуе!

Варта зазначыць, што з падачы спадара Васіленкі мы разлічваем мінімальны спажывецкі бюджэт. МСБ — гэта паказчык грошай, якога павінна хапіць не толькі на выжыванне, але і ўзнаўленне для далейшай працы на вытворчасці, то бок на ўзнаўленне працоўнай сілы для дзяржавы.

За мяжою выжывання

Яшчэ адзін цікавы паказчык, які азначае колькасць грошай, якая трэба чалавеку «ледзь-ледзь каб не загнуцца» — бюджэт пражытачнага мінімуму. Вось гэтая лічба якраз і з’яўляецца «мінімумам грошай для выжывання».

Нормы бюджэту пражытачнага мінімуму вызначаны пастановай Савета Міністраў «у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах верасня 2013 года ў разліку на адзін месяц на перыяд з 1 лістапада 2013 года па 31 студзеня 2014 года». Памеры там устаноўленыя самыя розныя, ад 1 158 520 рублёў для працаздольнага насельніцтва, да 867 080 рублёў для пенсіянераў. Але ў сярэднім на душу насельніцтва БПМ складае 1 047 530 рублёў.

Відавочна, што «сярэдні» бюджэт пражытачнага мінімуму сям’і з чатырох чалавек павінен складаць (1 047 530 Х 4) 4 190 120 рублёў. Калі ў сям’і працуюць 2 чалавекі, то заробак аднаго не павінен быць ніжэй (4 190 120 / 2) за 2 095 060 рублёў «у цэнах верасня 2013 года».

Шмат патрабуем?

Ці шмат патрабуюць грамадзяне Баранавічаў, просячы мінімальны заробак у 3 мільёны рублёў? Аказваецца, не вельмі ўжо і шмат, бо нават па мінімальных падліках бюджэт сям’і «каб не загнуцца» павінен складаць больш за 4 мільёны рублёў. У ідэале, мінімальны сямейны бюджэт пражытачнага мінімуму павінен забяспечваць адзін працоўны. Так што патрабаванні жыхароў Баранавічаў нават заніжаныя.

І яшчэ адна цікавая лічба. Мінімальны беларускі заробак — 170 долараў. 170 долараў — гэта памер дапамогі па беспрацоўі ў суседняй Польшчы. І гэта пры тым, што польская дапамога па беспрацоўі лічыцца адной з самых нізкіх у Еўрасаюзе.

Каментаваць