Бітва за камбайны

Пасля малочнага скандалу паміж Беларуссю і Расіяй пакрысе разгараецца канфлікт у сферы гандлю сельскагаспадарчай тэхнікай. Улічваючы папярэдні досвед гандлёвай вайны, чыноўнікі не сталі чакаць, пакуль з іскры шугане полымя, а наладзілі перамоўны працэс.



Пасля малочнага скандалу паміж Беларуссю і Расіяй пакрысе разгараецца канфлікт у сферы гандлю сельскагаспадарчай тэхнікай. Улічваючы папярэдні досвед гандлёвай вайны, чыноўнікі не сталі чакаць, пакуль з іскры шугане полымя, а наладзілі перамоўны працэс.

Штуршок канфлікту надала заява прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна праверыць звесткі генеральнага дырэктара “Растсельмаша Валерыя Мальцава аб “прыхаваным імпарце беларускай сельгастэхнікі ў Расію. Мальцаў на нарадзе 6 ліпеня ў Растове-на-Доне заявіў, што беларускі завод “Гомсельмаш пастаўляе тэхніку ў Бранск, дзе на машынах “мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакументы як на вырабленыя ў Расіі, і потым на іх распаўсюджваюцца расійскія ільготы.

Урад Расіі выдзяляе субсідыі на набыццё расійскай сельгастэхнікі. Акрамя таго, дзейнічае рашэнне, паводле якога бюджэтныя сродкі можна накіроўваць на закупку сельгастэхнікі, вырабленай у Расіі. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што даступнасць рынкаў Расіі і Беларусі павінна быць раўназначная.

Афіцыйны прадстаўнік “Рассельмаша Таццяна Закаблукава паведаміла, што Беларусь штогод пастаўляе на расійскі рынак больш за 1100 камбайнаў. Пры гэтым “Растсельмаш фактычна пазбаўлены такой магчымасці, таму што “беларускі бок не выконвае кантрактныя абавязацельствы па закупцы расійскай тэхнікі. У прыватнасці, згодна з апошняй дамовай, Беларусь павінна была закупіць 200 камбайнаў, аднак закупіла толькі 30.

Па выніках беларуска-расійскіх перамоў аб узаемных пастаўках сельгастэхнікі, што прайшлі ў Мінску 8 ліпеня, было заяўлена, што краіны маюць намер скаардынаваць свае намаганні па развіцці сельскагаспадарчага машынабудавання. “Мы дамовіліся, што суб’екты гаспадарання і асацыяцыя “Саюзаграмаш падрыхтуюць прапановы, і ў жніўні яны будуць разгледжаныя на пасяджэнні сумеснай камісіі з удзелам прадстаўнікоў Мінпрамгандлю Расіі і Мінпрама Беларусі, будуць прынятыя адпаведныя рашэнні, — перадае Інтэрфакс словы намесніка міністра прамысловасці Беларусі Генадзя Свідэрскага.

Кіраўніцтва прадпрыемстваў мусіць дэталёва прапрацаваць пытанні вытворчых сувязей і дамоваў паставак, каб “тыя пытанні, якія патрабуюць рашэння на ўзроўні дзяржкіравання, былі сумесна вырашаныя Мінпрамам і Мінпрамгандлем. Намеснік міністра прамысловасці дадаў, што “ў нас ёсць саюзная праграма развіцця сельгасмашынабудавання, якая, напэўна, будзе дапоўненая. У выніку мы павінны даваць канкурэнтаздольную прадукцыю на рынках Беларусі і Расіі, а таксама пастаўляць яе ў трэція краіны. “Крыўдна, што беларуская тэхніка канкурыруе з заявамі, што ёсць няроўныя меры доступу на расійскі і беларускі рынкі, — зазначыў Генадзь Свідэрскі.

Кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра ўвогуле лічыць заявы “Растсельмаша пазбаўленымі “сялянскай мудрасці. Паводле яго слоў, кіраўніцтва “Рассельмаша прапануе падзяліць рынак: не вырабляць у Беларусі збожжаўборачныя камбайны, а спецыялізавацца на кормаўборачнай тэхніцы. “Закрыць беларускую вытворчасць камбайнаў — гэта дурасць, — падкрэсліў міністр.

У абарону айчынных вытворцаў ён прывёў факт таго, што магутнасці вытворчасці “Растсельмаша не здольныя забяспечыць патрэбы Расіі ў абнаўленні парку сельскагаспадарчай тэхнікі: “У Растове вырабляецца чатыры тысячы камбайнаў. Мы палову гатовыя забраць з гэтага аб’ёму вытворчасці. Але што на Расію застанецца? У планах Беларусі штогод мадэрнізаваць і замяняць да дзвюх тысяч камбайнаў. Чыноўнік лічыць, што закупкі сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі для Расіі выгодныя, бо апошняя набывае камбайны ў далёкім замежжы па коштах, значна большых за беларускія. “Расія мусіць спрыяць беларускаму сельгасмашынабудаванню на расійскім рынку, гэта выгодна ў першую чаргу расіянам.

Вырашэннем спрэчных пытанняў і стварэннем роўных умоў беларускім і расійскім прадпрыемствам, якія займаюцца выпускам сельгастэхнікі, па доступу на рынкі краін-суседак займаецца сумесная група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі беларускага Мінпрама і расійскага Мінпрамгандлю. У жніўні будуць вызначаныя мерапрыемствы навукова-тэхнічнай праграмы ўзаемнай кааперацыі, скаардынаваная стратэгія развіцця асноўных прадпрыемстваў — МТЗ, “Гомсельмаш, “Бабруйскаграмаш, расійскіх — “Рассельмаш і карпарацыі “Трактарныя заводы.

Каментаваць