Бацька, дровы!

Беларускую эканамічную мадэль называюць па-рознаму. Прыкладам, нейкія нямецкія журналісты, запрошаныя на медыйны форум у Мінск, называюць гэта сацыялізмам. І даводзяць шараговым беларусам, што сацыялізм яшчэ не вычарпаў сваіх магчымасцяў.



Беларускую эканамічную мадэль называюць па-рознаму. Прыкладам, нейкія нямецкія журналісты, запрошаныя на медыйны форум у Мінск, называюць гэта сацыялізмам. І даводзяць шараговым беларусам, што сацыялізм яшчэ не вычарпаў сваіх магчымасцяў.

Магчыма. Але аўтар нямецкага “эканамічнага цуда пачатку-сярэдзіны 1950-х гадоў Людвіг Эрхард, каб не ламаць сабе галаву і не тлуміць мазгі простаму люду, такія мадэлі адносіў да адміністрацыйна арганізаваных. Бо калі, прыкладам, аналізаваць “развіты сацыялізм, то без “руководящей роли КПСС нічога і не патлумачыш. Але ж няма прынцыповай розніцы паміж палітбюро і, прыкладам, Міністэрствам развіцця эканомікі, якім у нацысцкай Германіі кіраваў Герынг. Толькі палітбюро складала пяцігадовыя планы, а Герынгу больш падабаліся чатырохгодкі.

А фараоны для такіх мэтаў, мусіць, карысталіся сонечнымі цыкламі.

Увогуле, эканоміка ў кожнай краіне і ў кожны час існуе дзякуючы дасягнутаму кампрамісу, не заўсёды выразна пазначанаму, паміж народам і правіцелямі. То бок эканамічныя стасункі заўсёды маюць канкрэтны характар. Прыкладам, Грэцыю апошнім часам параўноўваюць з Беларуссю. Магчыма, параўнанне слушнае, але аднабаковае. Нават у фармальным плане. За апошнія гады 10 мільёнаў грэкаў нахвасталі пазык на сотні мільярдаў еўра, а прыблізна такая ж колькасць беларусаў — усяго некіх 10–20 мільярдаў. Наконт Грэцыі шмат дэбатаў у Еўропе і ЗША, а сумы, якія прапануюцца для выратавання грэчаскай эканомікі, вымяраюцца сотнямі мільярдаў у еўрапейскай валюце. Пра Беларусь таксама многа гамоняць, а грошы даваць не спяшаюцца. Прыкладам, Расія, добра такі памучыўшы, пералічыла на мінскія рахункі ўсяго 800 мільёнаў долараў.

Кожны кіраўнік дзяржавы павінен мець знешнепалітычную стратэгію развіцця з выразным акцэнтам на нацыянальныя інтарэсы. У Лукашэнкі ж яе ніколі не было. Вось колькі год прайшло, а эксперты да гэтага часу спрачаюцца, чаго ён, уласна, хацеў для сябе і для краіны. І ўсё ж, чаго б ён ні хацеў, кампраміс паміж яго жаданнямі і ўяўленнямі насельніцтва пра тое, што добра і што дрэнна, існаваў. У межах так званага патэрналізму. Што б ні рабілася, але абы ціха. І асноўным прадметам гэтай выразнай дамоўленасці былі энерганосьбіты. Як тлумачылі маніпулятары грамадскай думкай, іх беларусы будуць мець колькі заўгодна і па лепшых коштах.

З гэтай нагоды на кожныя выбары апазіцыянеры ішлі з дрыжыкамі ў каленях. Бо трэба было адказаць на канкрэтнае пытанне, якое маглі задаць кожны жук і жаба: “Лукашэнка забяспечвае нас святлом і цяплом, а вы?..

Зразумела, паліўнае пытанне вельмі важнае і для хатніх гаспадарак, і для эканомікі кожнай краіны. Але пры Лукашэнку яно набыло нейкую амаль містычную ўладу над людзьмі. Яны цалкам згубілі здольнасці разважаць, вызначаць для сябе іншыя, значна больш важныя жыццёвыя прыярытэты. І таму згубілі перспектыву, адчуванне часу з яго выключнымі, небывалымі для лёсу краіны магчымасцямі.

Ёсць такая даволі распаўсюджаная хвароба, якую можна назваць плоскім эканамізмам. Ёй хварэюць і простыя людзі, і тыя, хто лічыць сябе прасунутым. Пасля 1991 года дзясяткі краін набылі незалежнасць ці выйшлі з-пад апекі Крамля. І праблема народнагаспадарчага выжывання сталі перад усімі. У тым ліку і паліўная. І вырашалася яна па-рознаму, але ў прынцыпе паспяхова. Урады зачынялі энергаёмістыя і рэсурсаёмістыя прадпрыемствы, адначасова дазволілі бізнэсу ладзіць новыя, як у нас кажуць, навуковаёмістыя вытворчасці. Дробязь, здаецца, але ў нас з большага гамоняць, а дзесьці робяць.

Людзі сталага веку памятаюць, што ў СССР не было лепшага аўтобуса за венгерскі “Ікарус. Як лічылі спецыялісты, з той нагоды, што тэхнічны стан савецкай прамысловасці не дазваляў наладзіць вытворчасць такіх плоскіх і кампактных рухавікоў, які стаяў на “Ікарусе. Але ж для Еўропы гэтых дасканаласцяў не хапіла. Венгры паспрабавалі прадаць аўтагігант — ніхто не купіў. Таму закрылі, каб не марнаваць рэсурсы. А людзі — хто пайшоў на пенсію, хто перавучыўся, хто ўладкаваўся на працу да замежных капіталістаў, якія прыйшлі ў краіну.

Увогуле, усе былыя прамысловыя гіганты, створаныя ва Усходняй Еўропе па схеме сталінскай індустрыялізацыі (прыярытэтнае развіццё вытворчасці сродкаў вытворчасці перад прадметамі спажывання), даўно зліквідаваныя. Прычым у Польшчы была вызначана такая дапамога з нагоды закрыцця нерэнтабельных вугальных шахт, каб шахцёру ніколі больш не захацелася лезці пад зямлю.

Чарговая нафтавая або газавая вайна з Расіяй заўсёды заканчвалася на карысць Лукашэнкі. Хоць апошняя перамога была атрымана досыць даўно, напачатку 2007 года. Але людзі верылі, што бацька, як у цягучым расійскім серыяле, вытрымае абяцанае.

Усё нагадвае дрэнны вадэвіль, у які нас уцягнулі, і на ролі ў масоўцы і публікі ў халоднай зале. Мусіць, таму бессмяротнае: “Бацька, грошы! з “Вяселля ў Малінаўцы трансфармуецца адпаведна з выклікамі часу ў больш слушнае — бацька, дровы!

Паверце на слова, я шчыры, у нечым падсвядомы патрыёт Беларусі, але не магу ўтрымацца ад рогату. А вось так нам і трэба.

Як паведамляюць, ААТ “Інтэр РАТ АЭС з 29 чэрвеня цалкам прыпыніла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, якая так і не здзейсніла чарговы плацеж у памеры 600 мільёнаў расійскіх рублёў для пагашэння запазычанасці.

Ні дроў, ні грошай — уключай дырэктыву №3, якая, па афіцыйных дадзеных, паспяхова выконваецца. Згодна Белстату, за 5 месяцаў энергаёмістасць ВУП на 8,9% пры плане — мінус 6–7%. Хутка ўвогуле без паліва абыдземся...
 

Каментаваць