Балыкін: «Бізнэс-клімат у Беларусі пагаршаць проста няма куды»

Пра тое, што хочуць беларускія прадпрымальнікі ад уладаў, і якія перамены патрэбныя для паляпшэння бізнэс-клімату ў краіне, у рамках «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю» мы гутарым са старшынёй Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргеем Балыкіным.



— Як сцвярджаюць многія прадпрымальнікі і эксперты — бізнэс-клімат у Беларусі далёкі ад дасканаласці. З іншага боку, нашая краіна ў міжнародным рэйтынгу Doing business апошнія гады актыўна караскаецца ўгару. Дык як аб'ектыўна выглядае сённяшні стан прадпрымальніцкага асяроддзя ў Беларусі?

— Калі ацэньваць бізнэс-клімат у Беларусі, то, сапраўды, можна адзначыць, што ён апошнія гады паляпшаецца. Але паляпшаецца ён па адной простай прычыне — пагаршаць яго было проста няма куды. Сітуацыя была настолькі дзікай і жахлівай, што любыя змены ўжо былі да лепшага. І калі раней бізнэс-клімат быў вельмі дрэнны, то цяпер ён палепшыўся і стаў проста дрэнны.

Акрамя таго, пры складанні гэтых рэйтынгаў людзі кіруюцца фармальнымі крытэрамі. Калі яны будуць аналізаваць нашае заканадаўства, то, сапраўды, можна сказаць, што яно палепшылася. Аднак акрамя ўласна законаў, ёсць яшчэ і падзаконныя акты, практыка прымянення законаў, сістэма адносін дзяржавы з бізнэсам. Напрыклад, нідзе не прапісана, што падатковыя органы павінны весці з прадпрымальнікамі душаратавальніцкія гутаркі, цікавіцца падзеннем выручкі і гэтак далей. Такія нефармальныя праявы істотна пагаршаюць умовы вядзення бізнэсу.

— Віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч нядаўна заявіў, што прыватны бізнэс Беларусі ў наступнай пяцігодцы павінен вырабляць 50% ВУП. Ці сапраўды сённяшняя эканамічная палітыка уладаў можа прывесці да такога дасягнення ?

— У кожнага сваё разуменне стымулявання прадпрымальніцтва. Калі фармальна палічыць прыватным бізнэсам ўсе гэтыя напаўдзяржаўныя паўпрыватызаваныя прадпрыемствы — тады так, можа быць. Калі ж казаць пра рэальны малы бізнэс — то пры цяперашняй уладзе гэта малаверагодна, я б нават сказаў, неверагодна. Нашая ўлада любіць ўсталёўваць розныя паказчыкі не для рэальнага жыцця, а для таго, каб даваць справаздачу — незразумела толькі перад кім. І можа скласціся такая сітуацыя, што ўлада пугай сама будзе гнаць бізнэс у нейкую светлую будучыню.

— Якія заканадаўчыя і адміністрацыйныя перамены ўсё ж патрэбныя беларускаму бізнэсу?

— Лепшая рэформа тут — гэта адсутнасць рэформаў. Насамрэч, чым менш дзяржава будзе ўмешвацца ў рэгуляванне бізнэсу, тым менш яна пакіне сабе функцый — тым лепш будзе для бізнэсу, перадусім для малога. Для бізнэсу ў нашай краіне неабходна ўсяго некалькі умоў. Першая — адсутнасць гіпертрафаванай дзяржаўнай апекі, дробязнага кантролю, і як следства гэтага — прадастаўленне гарантый захавання ўласнасці і стабільнасці.

У нас у бізнэсе дзве праблемы — адсутнасць гарантыяй і тое, што правілы гульні пастаянна мяняюцца і часцей за ўсё не ў лепшы бок. Дзяржава занадта шмат і часта пагаршае гэтыя правілы гульні, і таму ў бізнэса няма гарантыі захавання ўласнасці, гарантыі стабільнасці.

— Лукашэнка ў розныя гады па-рознаму выказваўся пра прадпрымальнікаў — і «вашывыя блыхі», і тое, што ён гатовы паціснуць руку апошняму прадпрымальніку...

— Лукашэнка казаў і зусім іншыя фразы — «прадпрымальніцтву ў Беларусі быць», і «прэзідэнт — лепшы для вас дах». Я магу цэлы такі цытатнік скласці.

— Тым не менш — як бы вы сёння абазначылі стаўленне ўладаў да прадпрымальнікаў? Улада проста вымушаная іх трываць або разглядае іх як эканамічную будучыню?

— Я думаю, ва ўладаў сёння няма выразнай канцэпцыі эканамічнага развіцця краіны. У Лукашэнкі стаўленне да прадпрымальнікаў складанае і напоўненае савецкімі стэрэатыпамі. Чыста тэарэтычна ён нібыта любіць прадпрымальнікаў, але ён любіць нейкіх абстрактных прадпрымальнікаў, якіх сам сабе прыдумаў — несвабодных, залежных, «чэсных». Гэты вобраз хутчэй нагадвае арандатараў у калгасе.

А рэальны бізнэс улады хутчэй за трываюць як нейкую вымушаную меру. Камусьці проста дазваляюць існаваць, а да асноўнай масы рукі не даходзяць.

— А ў саміх прадпрымальнікаў ёсць нейкае ідэальнае бачанне адносінаў паміж уладай і бізнэсам ?

— Па вялікім рахунку дзяржава павінна гуляць ролю «начнога вартаўніка» — усталяваць правілы гульні і сачыць за іх выкананнем. А ўжо суб'екты гаспадарання паміж сабой самі будуць ўзаемадзейнічаць. Так што мы упіраемся ў тыя рэчы, якія ў цывілізаваным свеце дзейнічаюць ужо сотні гадоў — свабода слова, падзел уладаў, недатыкальнасць уласнасці і іншае.

Калі ж казаць пра рэальны беларускі бізнэс, у большасці сваёй ён досыць абыякавы да палітыкі, да грамадскіх працэсаў. І часцей за ўсё кіруецца імгненнай выгадай — як, зрэшты, і большасць беларусаў.

«Свободные новости плюс»

Каментаваць