Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да 10,5% гадавых

З 14 лютага 2018 года стаўка рэфінансавання ў Беларусі будзе зніжаная з 11 да 10,5% гадавых, стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці — з 12 да 11,75% гадавых.

Такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банка.

Гэта першае зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў 2018 годзе. Летась Нацбанк зніжаў стаўку восем разоў. Апошняе рашэнне аб яе памяншэнні з 11,5 да 11% набыло моц 18 кастрычніка.

Як адзначаюць у галоўным банку краіны, чарговае рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання прынятае з улікам існуючага і прагнознага ўзроўню інфляцыі, які працягу аднаўленчага росту эканомікі, а таксама спрыяльных тэндэнцый на знешніх рынках.

Інфляцыя па выніках 2017 года паменшылася да 4,6 з 10,6% у 2016 годзе. Асноўны ўклад у запаволенне росту спажывецкіх цэн зрабіла базавая інфляцыя, якая ў 2017 годзе знізілася да 2,5% (у 2016 годзе — 10%). Паводле ацэнак Нацбанка, у найбліжэйшыя месяцы прырост спажывецкіх цэн складзе прыкладна 5% у гадавым выражэнні. З улікам прынятага рашэння манетарныя ўмовы забяспечаць па выніках 2018 года ўтрыманне інфляцыі ў межах мэтавага параметру.

"Фактары з боку попыту, такія як аднаўленне росту беларускай эканомікі і павелічэнне выдаткаў на канчатковае спажыванне, абумоўленае ростам грашовых даходаў насельніцтва, знаходзяцца паблізу раўнаважкіх значэнняў, якія не робяць націску на інфляцыю", — падкрэсліваюць у Нацбанку.

Больш нізкія паказчыкі інфляцыі ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі абмяжоўваюць рост унутраных цэн. Рызыкі паскарэння інфляцыі з боку знешніх фактараў ацэньваюцца Нацбанкам як нізкія.

Дынаміка сярэдняй шырокай грашовай масы складваецца ў межах траекторыі, якая адпавядае ўстаноўленаму мэтаваму дыяпазону на 2018 год. У бліжэйшыя месяцы чакаецца некаторае паскарэнне гадавых тэмпаў яе росту, што абумоўлена эфектам нізкай базы папярэдняга года, падкрэсліваюць спецыялісты галоўнага банка краіны.

Далейшыя рашэнні Нацбанка па змяненні працэнтных ставак будуць залежаць "ад адпаведнасці інфляцыі прагнознай траекторыі, развіцця сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы, а таксама верагоднасці і велічыні рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі".

Стаўка рэфінансавання да канца гэтага года можа знізіцца да 9,5—10,5%, паведаміў журналістам 24 студзеня начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын. Ён звярнуў увагу, што на гэты год інфляцыя запланаваная на ўзроўні 6%. "З улікам гэтага, на наш погляд, стаўка рэфінансавання да канца года можа знізіцца да 9,5—10,5%", — сказаў Мурын.

На яго думку, зніжэнне працэнтных ставак у сярэднетэрміновай перспектыве магчымае ў выпадку забеспячэння адносна нізкай інфляцыі. Адказваючы на пытанне БелаПАН, наколькі рэальна знізіць інфляцыю да 2—3%, прадстаўнік Нацбанка адзначыў, што пакуль рэгулятар у сярэднетэрміновай перспектыве арыентуецца на больш высокую інфляцыю. "Інфляцыя на ўзроўні 2—3% характэрная для развітых краін. У той жа час для краін, якія развіваюцца, да якіх мы адносім і нашу краіну, характэрны больш высокі ўзровень інфляцыі. На сярэднетэрміновую перспектыву мы ацэньваем інфляцыю ў раёне 5%", — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць