Барыс Жаліба: эканамічны крызіс ахоплівае толькі краіны СНД і ідзе ад Расіі

Калі ў 2008–2009 гадах назіраўся сусветны эканамічны крызіс, дык сёння эканамічны крызіс ахоплівае толькі краіны СНД і ідзе ад Расіі. Пра гэта 28 лютага ў Мінску на чарговым пасяджэнні рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць заявіў доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.



Барыс Жаліба. Фота: www.svaboda.org


Паводле яго слоў, асаблівасцю сённяшняй сітуацыі ў Расіі і краінах СНД з’яўляецца ўзаемасувязь эканамічнага і ваенна-палітычнага фактараў. Так, замарожванне сітуацыі ў Данбасе можа прывесці да зняцця эканамічных санкцый з Расіі, якая пачне купляць беларускую прадукцыю ў ранейшых аб’ёмах, што, у сваю чаргу, прывядзе да нейкага эканамічнага ажыўлення ў Беларусі, зазначыў Барыс Жаліба.  

Гэтыя думкі навукоўцы будуць вызначаць ягоны выступ на I сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, прысвечанай эканамічным праблемам Беларусі, што адкрыецца 14 сакавіка а 11.00 у Мінску, у сядзібе Партыі БНФ.

Да ўдзелу ў сесіі запрошаныя эканамісты — навукоўцы і практыкі, прадпрымальнікі, лідары палітычных партый і грамадскіх рухаў, а таксама журналісты. У парадак дня сесіі ўключаны наступныя пытанні: эканамічны стан Беларусі: праблемы і прапановы; першыя вынікі і наступствы дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС); прыватны бізнес у сучасных умовах. Плануецца таксама абмеркаваць праблему прадпрымальніцтва і маралі.

Сярод найбольш актуальных пытанняў эканамічнага жыцця краіны айчынныя прадпрымальнікі называюць наступныя: адсутнасць дыялогу уладаў з бізнесам; невыкананне дзяржавай дырэктывы прэзідэнта № 4 ад 31 снежня 2010 г. "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь"; адсутнасць у краіне нарматыўных актаў, што бароняць прыватную ўласнасць; нежаданне ўлады развіваць прыватны бізнес; неразуменне пэўнай часткі прадпрымальніцкіх колаў, што рашэнне іх эканамічных праблем ляжыць у палітычнай плоскасці.

Падчас сесіі будуць абагульненыя думкі айчынных спецыялістаў і палітыкаў па эканамічнай праблематыцы, а таксама агучаныя прапановы па эканамічнаму развіццю краіны. Пасля сесіі гэтыя прапановы мяркуецца выкласці ў адпаведным дакуменце рады кангрэса.

Каментаваць