Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Беларусь павольна, але дакладна набліжаецца да дэфолту?

Знешні дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся з пачатку года амаль на 20% і склаў на 1 кастрычніка 16,3 млрд даляраў. Эканамісты разыходзяцца ў меркаванні пра магчымыя наступствы.

Балточка: Рызыкі, звязаныя з павелічэннем знешняга доўгу, растуць

Эканаміст Ліберальнага клуба Антон Балточка звяртае ўвагу, што да вонкавага доўгу можна аднесці і шэраг іншых запазычанняў, да прыкладу, унутраны доўг, намінаваны ў замежнай валюце. На самай справе лічба знешняй запазычанасці прыкметна вышэй, чым 16,3 млрд даляраў.

— Калі ацэньваць усе комплексна, то рызыкі, звязаныя з павелічэннем знешняга доўгу, для Беларусі растуць і растуць не першы год, — адзначае Антон Балточка.

У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні аб магчымасцях стабільнага абслугоўвання знешняга доўгу і пра тое, наколькі Беларусь сёння здольная генераваць эканамічны рост, каб расплаціцца па крэдытах і працэнтах па іх.

Аб'ём золатавалютных рэзерваў, які перавысіў 7,2 млрд даляраў, у кароткатэрміновай перспектыве дазволіць утрымліваць стабільную сітуацыю ў краіне. Аднак рост рэзерваў не кажа пра паляпшэнне сітуацыі, паколькі ён адбываўся паралельна з ростам знешняй запазычанасці, адзначае Антон Балточка.

Па паведамленнях у прэсе, Міжнародны валютны фонд не выключае, што ў 2019-2020 гадах у выпадку нестабільнасці на замежных рынках Беларусь можа не справіцца з выплатамі даўгоў.

Антон Балточка лічыць, што ўраду неабходны больш прафесійны падыход да працы з фінансамі. Цяпер выкарыстоўваемая мадэль мае на ўвазе перакрэдытаванне, калі для выплаты старых даўгоў бяруцца новыя. Заяўлялася, што запазычанні будуць брацца ў меншым аб'ёме, каб знешні доўг паступова зніжаўся.

— Але, як бачым, гэтага не адбылося. Наадварот, нарасцілі нагрузку на бюджэт, — кажа эканаміст Ліберальнага клуба. — Беларусь пакуль добры пазычальнік і выконвае ўсе абавязацельствы, але рызыкі існуюць. Мы бачым, што эканамічны рост дастаткова павольны. Свежыя лічбы пацвярджаюць, што Беларусь застаецца краінай з высокарызыкоўнай эканомікай.

Муха: Да крытычнага парога Беларусь не падышла

Фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха прызнае, што знешні доўг Беларусі з'яўляецца значным, але пры гэтым называе яго умераным.

— Я лічу, што да крытычнага парога мы не прыйшлі, — адзначае эксперт.

Больш за тое ён бачыць і пазітыўныя моманты. Напрыклад, «патанненне і падаўжэнне» крэдытаў і тое, што насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом валюты ў досыць істотным памеры.

— З гэтага пункту гледжання ва ўрада і Нацбанка ніколі не было такіх камфортных умоў, — кажа Аляксандр Муха.

У 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць на выплаты 3,7 млрд долараў, і фінансавы аналітык не выключае, што дзярждоўг можа прыкметна скараціцца.

Разам з тым, на яго думку, ураду трэба больш узважана падыходзіць да пытання знешніх запазычанняў і прытрымлівацца тактыкі іх паступовага змяншэння.


Паводле zautra.by

Каментаваць