Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Беларускі ВУП вырас упершыню за апошнія два гады

 Упершыню за апошнія два гады вырас валавы ўнутраны прадукт. Паводле даных Белстата, згодна з першай ацэнкай, у студзені—сакавіку 2017 года аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў 22,4 млрд рублёў, або на 0,3% больш за ўзровень першага квартала 2016 года.

У студзені 2017 года ў гадавым вымярэнні ВУП знізіўся на 0,5%, студзені—лютым — на 1%.

У 2016 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіралася рэцэсія. У 2015 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%.

І ў 2015-м, і ў 2016 годзе ўрад прагназаваў эканамічны рост. Паводле афіцыйных планаў уладаў, у 2015 годзе эканамічны рост у краіне павінен быў скласці не менш як 0,2%, у 2016-м — не менш за 0,3%. На 2017 год ізноў запланаваны рост — на 1,7%.

Між тым міжнародныя фінансавыя арганізацыі, з якімі ўлады Беларусі вядуць перамовы аб атрыманні новых крэдытаў, чакаюць працягу рэцэсіі. Згодна з прагнозам Міжнароднага валютнага фонду, у 2017 годзе ВУП знізіцца на 0,5% і вялы эканамічны рост у Беларусі можа аднавіцца толькі ў наступным годзе.

Падобнага прагнозу прытрымліваецца Сусветны банк, які мяркуе, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе можа знізіцца на 1%.

Аналагічнае меркаванне ў дачыненні да перспектыў беларускай эканомікі мае і расійскі "Ашчадбанк". Паводле ацэнкі Цэнтра макраэканамічных даследаванняў "Ашчадбанка", рэцэсія ў Беларусі сёлета будзе працягвацца і ВУП знізіцца на 0,2%, а вялы эканамічны рост (на 0,8%) магчымы толькі ў 2018 годзе.

У той жа час, як зазначыў у каментары БелаПАН загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч, даныя статыстыкі кажуць пра пачатак выхаду беларускай эканомікі з рэцэсіі.

"Калі паглядзець на месячныя даныя мінулага года і пачатак гэтага (запаволенне тэмпаў падзення ВУП), то тэхнічны аналіз паказвае, што мы выходзім з рэцэсіі. Рост ВУП у першым квартале гэтага года я б патлумачыў тым, што ўжо многія прадпрыемствы, асабліва буйныя, выходзяць з цяжкага фінансавага становішча, са страт, атрымліваюць прыбытак. Палепшыўся і продаж, у тым ліку на ключавым расійскім рынку, які ўжо па выніках мінулага года выйшаў з рэцэсіі", — адзначыў эксперт.

На пытанне, як на рост ВУП паўплываюць нядаўнія нафтагазавыя дамоўленасці з Расіяй, ён адзначыў: "Па сакавіку мы гэтага не ўбачым, але красавік—май адназначна пакажуць даволі прыкметны рост. Я ўпэўнены, што і па выніках года ВУП вырасце, праўда, ён будзе меншы, чым афіцыйна прагназаваны. Калі мы выйдзем на 1% росту — гэта ўжо будзе велізарным дасягненнем. Для большага росту ў нас пакуль няма шырокіх эканамічных падстаў і перадумоў".

На думку Ярашэвіча, на нязначны рост эканомікі будзе ўплываць жорсткая манетарная палітыка ўладаў. "Наша эканоміка акрамя знешніх фактараў, экспарту яшчэ залежыць і ад стану ўнутранага попыту, а ён у нас пакуль стагнуе", — адзначыў ён.

Марына Носава, БелаПАН

Каментаваць