Беларусы хутка змогуць тэлефанаваць з-за мяжы без паслугі роўмінг і па «хатніх» тарыфах

Еўрасаюз адменіць плату за роўмінг для 6 краін-членаў Усходняга партнёрства. Гэта азначае, што жыхары Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Беларусі і Украіны падчас паездак у Еўропу змогуць карыстацца сваімі тэлефоннымі нумарамі без падключэння паслугі роўмінг.
 
Чакаецца, што працэс адмены роўмінгу будзе завершаны да 2020 года, піша digital.report.

Еўрапейскі Саюз мае намер укараніць бясплатны роўмінг для краін праграмы Усходняга партнёрства. Пра гэта заявіў кіраўнік службы знешніх дзеянняў ЕС Барыс Ярашэвіч Грамадскаму вяшчальніку Грузіі. «Калі вы падарожнічаеце ў краіны Усходняга партнёрства або з гэтых краін у ЕС, тарыфы ў роўмінгу занадта высокія. Плата за роўмінг у ЕС ужо адменена. Цяпер мы плануем зрабіць гэта і за межамі Еўрасаюза для 6 краін Усходняга партнёрства. Калі вы з грузінскім нумарам паедзеце ў Бельгію, то не павінны там расходваць на званки больш, чым у Грузіі», — сказаў Ярашэвіч.

Ён дадаў, што таксама будуць перагледжаны і ўзгоднены з мабільнымі аператарамі тарыфы на сотавую тэлефонную сувязь і паабяцаў, што «плата будзе нізкая і даступная». Па словах Ярашэвіча, ініцыятыва будзе зафіксавана ў дэкларацыі на саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе ў лістападзе 2017 года ў Бруселі. Поўнасцю рэалізаваць ініцыятыву плануецца да 2020 года.

Праект ЕС «Усходняе партнёрства» пачаты ў 2009 годзе. Яго мэта — інтэграцыя 6 постсавецкіх краін у еўрапейскія структуры. У праекце ўдзельнічаюць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.

Роўмінг у ЕС


У 2013 годзе ў большасці краін Еўропы тарыфы на роўмінг пры званках з мабільнага тэлефона ў межах ЕС былі максімальна зніжаны. Неўзабаве панізілі роўмінгавыя тарыфы і на мабільны інтэрнэт. А 15 чэрвеня гэтага года ў краінах Еўрасаюза ўступіў у дзеянне закон аб адмене міжнароднага роўмінгу. Цяпер абаненты сотавых аператараў не будуць плаціць за роўмінг. Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер назваў гэты дзень гістарычным. «Кожны раз, калі еўрапейскія грамадзяне перасякалі ўнутраныя межы ЕС, ім даводзілася дорага плаціць за мабільную сувязь. Мы спрабавалі вырашыць праблему апошнія 10 гадоў. Зараз абаненты могуць тэлефанаваць, пісаць і размаўляць па тэлефоне па тым жа кошце, што ў сваёй краіне. Адмена платы за роўмінг — сапраўдная еўрапейская гісторыя поспеху. Еўрапейскі саюз аб'ядноўвае людзей і робіць іх жыццё больш лёгкім», — гаворыцца ў дакуменце.

Роўмінг у ЕАЭС


Некалькі гадоў таму Еўразійская эканамічная камісія ЕАЭС правяла даследаванне ў сферы паслуг мабільнай сувязі і ацаніла тарыфы на роўмінг у краінах-удзельніцах аб'яднання. Па дадзеных арганізацыі, у 2013-2015 гадах тарыфы на зыходзячыя званкі ў роўмінгу ў краінах ЕАЭС да 40 разоў перавышалі тарыфы на ўнутраныя званкі і да 5 разоў — максімальны тарыф у краінах Еўрапейскага саюза. У цэлым роўмінгам рэгулярна карыстаецца больш за 20 млн грамадзян ЕАЭС. У выніку было вырашана знізіць тарыфы. У арганізацыі лічаць, што гэта павысіць спажыванне паслуг і павялічыць даходы аператараў. Да 2016 года тарыфы на паслугі сувязі ў роўмінгу на тэрыторыі дзяржаў-членаў ЕАЭС (Расія, Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан) былі зніжаны ў сярэднім у 10 разоў.


Каментаваць