Беларусы не змогуць рабіць пакупкі ў польскіх крамах, як раней

Польшча ўвядзе абмежаваньні на гандаль у нядзелі. Пра гэта паведаміў кіраўнік падкамітэту ў пытаннях рынку працы ў Сейме Польшчы Януш Снядэк.
У інтэрвію радыёстанцыі TOK FM Снядэк патлумачыў, што наконт гэтага ўжо прынятае палітычнае рашэнне. Паводле новых правілаў, пакупкі ў крамах можна будзе рабіць кожную другую нядзелю месяца. Гэтыя правілы павінны ўвайсьці ў жыццё 1 студзеня 2018 году.

Дыскусія пра абмежаванне гандлю ў нядзелю адбываецца ў Польшчы не першы год. Прафсаюз «Салідарнасць» выказваўся за поўную забарону нядзельнага гандлю. Гучалі ідэі скараціць працоўны дзень у крамах да 14-й гадзіны.

Паводле апытання з сакавіка, 59% апытаных палякаў былі супраць забароны гандлю ў нядзелю. 35% падтрымалі новыя правілы.

Штогод беларусы пакідаюць у польскіх крамах больш за 100 мільёнаў эўра. Праціўнікі забароны нядзельнага гандлю прыводзілі гэты аргумент у якасці аднаго з галоўных. Скарачэнне гандлю адчучавальна адаб’ецца на гандлёвых сетках у памежных рэгіёнах ва ўсходняй Польшчы.

Паводле Радыё Свабода

Каментаваць