Без аркестра

Аляксандр Рыгоравіч на тыдні адрэпетаваў сваю навагоднюю прамову перад народам. Гэтая прамова будзе поўная надзеяў, але, як заўжды, нам не скажуць, за кошт чаго гэтыя надзеі будуць увасабляцца ў жыццё. А таму лагічна было б завяршыць яе словамі: «І хай дапаможа нам Бог».

Толькі так можна расцаніць нараду ў кіраўніка дзяржавы па эканамічных пытаннях. Самы галоўны яе вынік — тое, што да Новага года «па пяцьсот» не будзе. І ў студзені 2018-га не будзе па пяцьсот.

Праўда, як заўсёды, знайшліся аб’ектыўныя фактары. Паводле меркавання Лукашэнкі, у студзені працоўныя не атрыма­юць такі заробак праз «вялікую колькасць выходных». І ў лютым таксама не атрымаюць з той жа прычыны. І ўвогуле, «вялікая колькасць выходных» скончыцца толькі ў ІІ квартале 2018 года, калі «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».

Ну а там знойдуцца яшчэ прычыны — вясна, дрэннае (ці, наадварот, добрае) надвор’е або проста не складуцца зоркі…

Увогуле, як сказаў на нарадзе беларускі правадыр, за 2018 год трэба будзе «выйсці на траекторыю» выканання абяцанняў на «пятую пяцігодку».

Па-першае, узнікае пытанне, што ж мы рабілі два з паловаю гады пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па-другое, калі мы і выйдзем на траекторыю, дык што будзе? «Выканаць пяцігодку за два гады» — як у часы ваеннага камунізму?

Пры гэтым Аляксандр Рыгоравіч, напэўна, усё ж зразумеў, што ВУПам людзей не накорміш. І задаўся пытаннем, чаму пры росце гэтага ВУП не растуць даходы насельніцтва. «Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост — прымальны рост, і ён вызначаны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. І зноў запытаў: «У сувязі з гэтым што мы мяркуем у гэтай частцы на 2018 год?» Пра тое, як адказалі Лукашэнку на гэтае пытанне, не паведамляецца.

А што тут адкажаш? Усе ведаюць, што наш ВУП лічыцца ад вырабленай, а не ад прада­дзенай прадукцыі. ВУП можа расці і на 10%, і на 20%, але калі гэтую прадукцыю прадаць не здолелі, то, зразумела, і грошай не атрымалі. А калі не атрымалі грошай — адкуль заробак?

Дарэчы, узгадаем, што ім жа самім планка заробку была пастаўленая не толькі ў 1000 рублёў на канец 2017 года. Але і 1500 рублёў цягам 2018-га. Нават калі мы раптам «скокнем» у ІІ квартале 2018-га да тысячы, ці атрымаецца вылезці на 1500 у IV квартале, напрыклад?

Дый за што плаціць такі заробак? А галоўнае — каму? Нават Аляксандр Рыгоравіч заўважыў, што, хоць урад і кажа пра стварэнне новых працоўных месцаў (50 тысяч на год, як і думалі па плане), колькасць звольненых перавышае колькасць прынятых на працу амаль на тыя ж самыя лічбы (43 тысячы з пачатку года). За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных.

Гэта ўжо не лечыцца. Гэта азначае, што эканоміцы патрэбнае сур’ёзнае хірургічнае ўмяшанне, комплексны рамонт. І загадамі-прыпаркамі праблему не вырашыш.

Як ілюстрацыі да хранічнай хваробы эканомікі на тыдні прыйшлі дзве навіны. Па-першае, паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, рынак нерухомасці ў Мінску расце трэці месяц запар. Больш за тое, расце і рынак загараднай нерухомасці Мінскай вобласці. Пры гэтым, рост адносна 2016 года ідзе з нарастаючай прагрэсіяй. Калі жнівень 2017 года апярэдзіў жнівень 2016 года ўсяго на 2,3%, то верасень — ужо на 6,2%, а кастрычнік — на 19,4%.

Па-другое: Камітэт дзяржкантролю ацаніў становішча будаўнічай галіны краіны як вельмі цяжкае: сітуацыя ў будаўніцтве далёкая ад прымальнай і кажа пра набліжэнне сістэмнага крызісу галіны. «Вельмі складанае становішча прадпрыемстваў будаўнічай галіны: 38% арганізацый стратныя. Такога ніколі не было», — цытуе БелТА старшыню КДК.

Як такое можа быць? Людзі актыўна набываюць кватэры і будуюць дамы, а будаўнічая галіна — на парозе крызісу, стратныя больш за траціна прадпрыемстваў. Гэта значыць, у сістэме трэба нешта мяняць…

І яшчэ адна цікавая навіна. Памятаеце, да 1 кастрычніка Аляксандру Рыгоравічу павінны былі пакласці на стол чарговую версію дэкрэта аб дармаедах? Прайшло паўтара месяцы. І кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава кажа: «Цяпер мы рыхтуем і практычна заўтра ўнясем новую канцэпцыю дэкрэта №3. Мы аналізуем гэтую сітуацыю, яна сапраўды сур’ёзная».

Калі б дэкрэта №3 не было — яго трэба было б выдумаць. У мінулым нумары мы згадвалі, што над ім працуе безліч чыноўнікаў, якія за гэта атрымліваюць заробак. Працуюць, як высвятляецца, без істотнага выніку, гатовыя «дапрацоў­ваць», «удакладняць» і «паляпшаць» яго бясконца. Звярніце ўвагу: Качанава не сказала, што «практычна заўтра» ўнясе новы, распрацаваны дакумент. Гэта будзе толькі «канцэпцыя».

Што ж, Аляксандр Рыгоравіч, які здзіўляецца, чаму ВУП расце, а заробкі — не, «заўтра», калі Качанава пакладзе яму на стол «канцэпцыю», ва ўсім пераканаецца сам. Бо праца над гэтымі паперамі — таксама чалавека-гадзіны, якія залічваюцца ў ВУП. Але ў дадзеным выпадку гэты ВУП бессэнсоўны і безвыніковы.

Ды што там казаць пра ВУП, калі ў нас не ўмеюць лічыць грошы нават у тым ведамстве, якое павінна рабіць гэта прафесійна! Дэпутатка Ганна Канапацкая запыталася ў Міністэрстве па падатках і зборах, колькі дзяржаўных грошай пайшло на абслугоўванне Дэкрэта №3. Але ў афіцыйным лісце з міністэрства ёй адказалі, што… асобнага радка ў дзяржаўных выдатках на «дэкрэт аб дармаедах» не ўводзілі. А паштовыя выдаткі на рассылку «лістоў шчасця» падаткавікі аднеслі да агульнай сумы выдаткаў паводле артыкула «Аплата паслуг сувязі».

Між тым, адзначае Канапацкая, толькі рассылка 400000 заказных лістоў з паведамленнем «дармаедам» каштуе 1296000 рублёў (каля 648000 долараў ЗША). А цяпер бюджэтныя рэсурсы выдаткоўваюцца і на вяртанне выплачаных сум па дэкрэце №3 некаторым катэгорыям грамадзян. «Гэта ўсё, што трэба ведаць пра тое, як размяркоўваюцца нашы з вамі грошы, сабраныя ў выглядзе розных падаткаў і збораў, якія маглі пайсці, напрыклад, у дзіравы фонд сацыяльнай абароны, на развіццё аховы здароўя ці адукацыі», — напісала ў фэйсбуку Ганна Канапацкая.

Калі ўжо ў Міністэрстве па падатках і зборах не могуць палічыць грошы, дык што казаць пра астатнія ведамствы?

Зразумела, што ў такой сітуацыі надалей спадзявацца даводзіцца толькі на Божую ласку.



Каментаваць