Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Бізнес назваў самыя карумпаваныя дзяржслужбы

Паводле апытання малога і сярэдняга бізнесу, праведзенага ІПМ, найбольш схільныя да карупцыі такія сферы, як санітарны і пажарны нагляд і дзяржзамовы.


Даследчы цэнтр ІПМ апублікаваў аналітычную працу аб праблемах карупцыі ў ацэнках беларускага малога бізнэсу. Даследаванне грунтуецца на апытанні 400 малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП), праведзенага ў красавіку-маі 2016 года.

Самыя карумпаваныя дзяржсектары

У працы выяўлены пяць сфер дзяржаўнага рэгулявання, найбольш схільныя да злоўжыванняў і карупцыі на думку МСП. Імі сталі санітарны і пажарны нагляд, атрыманне дзяржаўных замоваў і ўдзел у тэндэрах, атрыманне розных дазволаў у мясцовых органах улады, а таксама гігіенічная рэгістрацыя і сертыфікацыя.

Названыя сферы па дадзеных апытанняў 2014 г. і 2016 г. фактычна не адрозніваюцца, што сведчыць аб хранічным характары дадзеных праблем для малога і сярэдняга бізнесу.

У цэлым апытаныя бізнесмены паставілі карупцыю на 9 па важнасці месца сярод 22 асноўных бар'ераў, якія перашкаджаюць развіццю бізнесу ў Беларусі. Ёсць падставы меркаваць, што вастрыня гэтай праблемы за апошнія гады некалькі знізілася. У прыватнасці, у 2014 г. i 2015 г. карупцыя займала 3-5 і 5 пазіцыю адпаведна.

Прадпрыемствам было прапанаванае пытанне аб распаўсюджанасці карупцыі ў іх сферы дзейнасці. 45% МСП назвалі ўзровень карупцыі нізкім. У параўнанні з 2014 годам зменшылася колькасць тых, хто лічыць ўзровень карупцыі высокім — з 35% да 22%.

Найбольш нізкія ўзроўні ацэнкі карупцыі назіраліся ў кіраўніцтва больш буйных прадпрыемстваў, накіраваных на развіццё бізнесу.

У карупцыі вінаватыя карыслівыя чыноўнікі

Паводле апытання, карупцыя найбольш негатыўна ўплывае на рост і развіццё прыватнага бізнесу, эканамічны рост у цэлым, а таксама на эфектыўнасць работы органаў дзяржаўнага кіравання.

Таксама бізнесменаў запытваліся пра прычыны карупцыі. На першае месца МСП паставілі карысталюбства дзяржаўных служачых, на другім — памяркоўнасць грамадства да карупцыі, на трэцім — высокую ступень дзяржаўнага рэгулявання эканомікі.

Паказальна, што нізкая заработная плата дзяржаўных служачых, на думку рэспандэнтаў, з'яўляецца найменш важнай прычынай карупцыі ў краіне.

Большасць рэспандэнтаў (больш за 64%) не бачыць ніякіх змяненняў у барацьбе з карупцыяй за апошні год.

Аналітыкі ІПМ разлічылі індэкс ўспрымання карупцыі па сваіх дадзеных, каб параўнаць яго з паказнікам міжнароднай арганізацыі Transparency International.

У 2015 годзе індэкс ўспрымання карупцыі Transparency International для Беларусі склаў 32 балы, што адпавядала 107 месцу сярод разгляданых краін.

ІПМ правёў пералік са сваімі дадзенымі, атрымаўшы ўзровень ўспрымання карупцыі ў 60 балаў. Гэта адпавядала б 30-35 месцам ў рэйтынгу, разам з такімі краінамі як Польшча, Тайвань, Кіпр, Ізраіль, Літва і Славенія.

«Мы не ставілі задачу ўсумніцца ў правільнасці вынікаў Transparency International адносна Беларусі. Тут варта ўлічваць, што гэта толькі меркаванне малога і сярэдняга бізнесу з нагоды ўзроўню карупцыі ў сферы МСП, а не грамадства ў цэлым», — падкрэслілі ў ІПМ.


Паводле ej.by

Каментаваць