Беларусь — «аэрадром падскоку»

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай быў поўны планаў. Сапраўды, наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з другой эканомікай свету было б вельмі карысна. Але шматлікія эксперты скептычна ставяцца да выгоднасці гэтага супрацоўніцтва.



Планаў — на мільярды

Напярэдадні візіту Аляксандр Лукашэнка даў вялізнае інтэрв’ю кітайскаму інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа». У прыватнасці, у ім ён адзначыў, што мае вялікія спадзяванні на развіццё стасункаў. Напрыклад, запуск беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка пад Смалявічамі павінен раз і назаўсёды вырашыць праблемы з беларускім экспартам.

«Мы не ствараем тут парк адвёртак, вобразна кажучы. Тут павінен вырабляцца высокатэхналагічны прадукт заўтрашняга дня: ад распрацовак да вытворчасці, у канчатковым рахунку, канкрэтнага тавару, які пойдзе на рынак... Парк арыентаваны на прыцягненне сусветных кампаній з высокатэхналагічным прадуктам, з прадуктам ужо заўтрашняга эканамічнага ўкладу, каб мы маглі на гэтым высокатэхналагічным рынку гандляваць гэтым прадуктам, каб ён знаходзіў збыт і быў канкурэнтаздольны», — марыць Лукашэнка.

Крыху больш рэалістычна выглядае віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Паводле ягоных словаў, падчас візіту планавалася заключыць больш за 30 пагадненняў і кантрактаў, у тым ліку інвестыцыйных праектаў агульнай сумай каля 1,5 мільярда долараў.

А ці будзе карысць?

Варта паглядзець на структуру нашага агульнага экспарту і імпарту. Паводле статыстычных дадзеных, у 2012 годзе Беларусь прадала ў Кітай тавараў на 434 мільёна долараў. Такія грошы, канешне, на дарозе не валяюцца, але і вызначальнымі не з’яўляюцца таксама, бо гэта — толькі 0,9% ад аб’ёму таварнага экспарту. Амаль 46% у структуры экспарту ў Кітай займаюць калійныя, а яшчэ 22% — азотныя ўгнаенні. Што ж тычыцца іншага экспарту, то мы паставілі кітайцам 182 трактары і цэлых 17 грузавікоў. Такія аб’ёмы паставак незаўважныя для Кітая нават у рамках аднаго сярэдняга кітайскага горада.

А вось кітайскія вытворцы ўсё больш і больш захопліваюць рынак Беларусі. У 2012-м доля Паднябеснай у імпарце тавараў склала 5,1% (2 мільярда 368 мільёнаў долараў). Кітай хутка даганяе Германію, чыя доля складае 5,9%.

З Кітая мы завозім тытунёвую сыравіну, валізкі, тканіны, ніткі, адзенне, абутак, часткі абутку, друкавальнае абсталяванне, сельскагаспадарчыя і швейныя машыны, мікрафоны, тэлевізары, маніторы, ровары, цацкі, венікі, шчоткі і пэндзлі і шмат што яшчэ. Частку з гэтага — ровары, сельскагаспадарчыя машыны, тэлевізары і адзенне з абуткам, што складаюць канкурэнцыю беларускай прадукцыі, — нам набываць неабавязкова. Але ў той час, калі галоўнае — таваразварот і палітычныя разлікі, на гэта заплюшчваюцца вочы.

Шмат хто з эканамістаў кажа, што Лукашэнка паехаў у Кітай прасіць грошы. Але гэта таксама праблематычна. Не толькі таму, што Кітай грошы дае вельмі спецыфічныя, а таму, што ранейшы своп-крэдыт у 15 мільярдаў долараў Беларусь проста не здолела засвоіць.

Што ж да спецыфічнасці кітайскіх крэдытаў, дык усе ў адзін голас сцвярджаюць, што гэта так званыя «звязаныя» крэдыты, выгаду з якіх атрымлівае найперш сам Кітай. То бок, Паднябесная выдзяляе грошы на нейкі праект. Але ўмовамі крэдыту з’яўляецца тое, што абсталяванне набываецца кітайскае, матэрыялы набываюцца таксама кітайскія, спецыялісты працуюць з Кітая, а часцяком і звычайныя працоўныя — кітайцы.

Назваць гэта «крэдытам Беларусі» вельмі складана. Беларускіх у ім толькі два моманты: нешта будуецца на нашай тэрыторыі, і тое, што аддаваць гэты крэдыт нам.

На момант напісання матэрыялу было вядома пра два праекты, па якіх заключаныя пагадненні на кітайскае фінансаванне. Першы — гэта інвестыцыі ў зборку ў Беларусі кітайскіх, заўважце, легкавікоў «Geely». «Адвёрткамі» мы іх ужо збіраем, а зараз плануецца пабудаваць завод, разлічаны на выпуск 120 тысяч машын у год. На гэта выдзяляецца 500 мільёнаў долараў з запланаваных 1,5 мільярдаў.

Яшчэ адным «прарывам» можна назваць выдзяленне Кітаем ільготнага пакупніцкага крэдыту тэрмінам на 15 гадоў і вартасцю ў 323,8 мільёна долараў для рэалізацыі праекта «Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай». Але не выключана, што гэта зноў-такі «звязаны» крэдыт пад тое, чаго яшчэ няма і, можа, не будзе.

Што ж тычыцца мараў Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 50 мільярдаў экспарту ад Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, то, па меркаванні экспертаў, гэта не проста мары, а спроба напярэдадні візіту «падагрэць» цікавасць з боку Кітая да праекта. Бо не створаны пакуль што яшчэ ні сам парк, ні ягоныя рэзідэнты. Што ён будзе выпускаць, таксама пакуль не вядома.

«Аэрадром падскоку»

«Аэрадром падскоку» — гэта вайсковы тэрмін, які азначае своеасаблівую «апорную базу», пляцоўку для самалётаў, вызначаную для кароткатэрміновай стаянкі і дазапраўкі тэхнікі, каб павялічыць дальнасць дзеяння авіяцыі. У час Другой сусветнай вайны, напрыклад, амерыканцы проста не даляталі са сваёй тэрыторыі, каб бамбіць Берлін. Але ў якасці апорнай базы яны скарысталі Вялікабрытанію, адкуль да фашыстаў — рукой падаць.

Магчыма, для кітайскай эканомікі Беларусь магла б стаць такім «аэрадромам падскоку» як на Захад, так і на Усход, бо яна знаходзіцца паміж дзвюма буйнейшымі эканамічнымі гульцамі — Еўрасаюзам і Расіяй. Вытворчасць тут кітайскіх тавараў магла б паспрыяць кітайскай экспансіі ў абодва бакі.

Больш складана з Еўропай: для таго, каб быць пляцоўкай для экспансіі Кітая ў ЕС, трэба мець нармальныя адносіны з ЕС. А ў беларускага кіраўніцтва (як дарэчы, і ў кітайскага) існуюць палітычныя праблемы з Брусэлем, што не спрыяе і ўзаемнаму гандлю.

Канешне, як мы неаднаразова пераконваліся ў адносінах з тым жа ЕС, «грошы не пахнуць». Тым не менш, значна больш спрыяльныя ўмовы для кітайскай экспансіі могуць прапанаваць новыя краіны — чальцы ЕС.

З Расіяй таксама ўсё няпроста. Можна было б разлічваць на тое, што мы дадзім Кітаю выхад у рынкі новастворанага Мытнага саюза, але варта прызнацца, што гэтую ролю можа значна лепш выканаць Казахстан — ён да Кітая бліжэй. Ды і Расія наўрад ці паглядзіць на гэта спакойна, а нам яшчэ ад яе нафту атрымліваць.

Калі Лукашэнка замірыцца з ЕС, тады Кітай, канешне, можа разглядаць усур’ёз і доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Беларуссю. Але для гэтага трэба выканаць першую ўмову — адпусціць палітвязняў.

Атрымліваецца, што зусім не дэмакратычны Кітай можа стаць адным з галоўных фактараў паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Бо калі мы на доўгі тэрмін палепшым адносіны з Захадам, мы здолеем стаць і доўгатэрміновым партнёрам для Кітая. Вось тады ўжо ў нас і будуць выгоды ад супрацоўніцтва.

Каментаваць