Беларусь пакуль беспаспяхова спрабуе дамовіцца з Расіяй аб аднаўленні паставак прадуктаў

Мінск пакуль беспаспяхова спрабуе дамовіцца з Масквой аб аднаўленні паставак прадуктаў, РФ вылучае новыя прэтэнзіі — вынік рабочай сустрэчы 29 лістапада кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Ігарам Брыло.



Як паведамляецца на сайце расійскага ведамства, Данкверт зазначыў, што на працягу апошніх трох гадоў праблемы, якія ўзнікалі ў сувязі з забеспячэннем бяспекі імпартуемай з Беларусі паднагляднай і падкаранціннай прадукцыі ў РФ, не вырашаліся належным чынам і абвастрыліся з увядзеннем Расіяй эканамічных мер у адказ.
 
 
Сёлета, напрыклад, Рассельгаснагляд адправіў у Мінсельгасхарч Беларусі 43 лісты з просьбай правесці службовае расследаванне ў сувязі з выяўленымі выпадкамі парушэнняў пры пастаўках прадукцыі жывёльнага паходжання, на што было атрымана толькі пяць адказаў.
 
 
Не лепшыя справы і з узаемадзеяннем па забеспячэнні бяспекі расліннай прадукцыі. Апрача таго, узніклі праблемы і ў сувязі са шматлікімі выяўленнямі геному вірусу АЧС у гатовай мясной прадукцыі, якая пастаўляецца беларускімі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі ў РФ. Асаблівую занепакоенасць Рассельгаснагляду выклікае выяўленне каналаў буйнамаштабнай кантрабанды паднаглядных і падкаранцінных тавараў з тэрыторыі Беларусі. 


Усё гэта, як зазначае расійскае ведамства, робіць неабходнай найхутчэйшую выпрацоўку комплекснага плана па карэнным змяненні сітуацыі са стварэннем сістэмы, якая б гарантавана забяспечвала бяспеку сыравіны і харчовай прадукцыі, прызначанай для расійскага рынку. У ліку такіх мер павінны быць і меры, скіраваныя на прадухіленне транзітных паставак такой прадукцыі па фальшывых або падробленых ветэрынарных ці фітасанірных сертыфікатах. Сур'ёзную занепакоенасць у Рассельгаснагляду выклікае і выяўленне геному АЧС у беларускай мясной прадукцыі, і непрыманне беларускай ветэрынарнай службай якіх-небудзь мер у сувязі з гэтым. 
 

Узрастаюць і рызыкі, звязаныя з выяўленнем каранцінных аб'ектаў у расліннай харчовай прадукцыі, якая паступае з тэрыторыі Беларусі. Не далей як учора, зазначыў Данкверт, было затрымана 20 велікагрузных аўтамабіляў, якія спрабавалі правезці ў Расію польскую раслінную прадукцыю, заражаную пладажэркай і трыпсам. Груз падлягае знішчэнню. 


Данкверт асабліва адзначыў неабходнасць уніфікацыі на ўсёй тэрыторыі МС метадаў, што выкарыстоўваюцца ў кантрольна-нагляднай дзейнасці з правядзеннем параўнальных выпрабаванняў і арганізацыяй адзінай базы даных. 


Ігар Брыло, у сваю чаргу, адзначыў тую акалічнасць, што ўведзеныя Рассельгаснаглядам часовыя абмежаванні на пастаўку ў РФ прадукцыі з цэлага шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, аказалі вельмі негатыўны ўплыў на двухбаковы гандаль. У сувязі з гэтым ён звярнуўся з просьбай аб аднаўленні паставак ужо з 1 снежня гэтага года беларускай харчовай прадукцыі на расійскі рынак. Беларускі бок, зазначыў ён, гатовы да перамоў па ўдасканаленні на тэрыторыі МС сістэмы лабараторнага маніторынгу харчовай прадукцыі па асобных фактарах рызыкі. Такая сістэма, указвае ён, павінна прадугледжваць правядзенне арбітражных даследаванняў у спрэчных выпадках. Гатовы Мінсельгасхарч Беларусі і да стварэння сумеснай камісіі па выяўленні шляхоў трапляння геному афрыканскай чумы свіней у мясную прадукцыю, выпрацаваную некаторымі беларускімі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі і пастаўленую ў Расію.
 

Намеснік кіраўніка Рассельгаснагляду, галоўны ветэрынарны інспектар РФ Яўген Непаклонаў пагадзіўся з Ігарам Брыло ў тым, што на ўсёй тэрыторыі МС у сферы ветэрынарыі і фітасанітарыі павінны дзейнічаць адны і тыя ж нормы і правілы, якія забяспечвалі б бяспеку і аблягчалі ўзаемны гандаль. Да аб'яднання трох краін у МС, нагадаў ён, па выніках маніторынгу прадукцыі на бяспеку і выніках праверак прадпрыемстваў, часам Рассельгаснаглядам уводзіліся часовыя абмежаванні на палову ўсіх беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўлялі прадукцыю на расійскі рынак.

Пасля ўстановы МС беларуская ветэрынарная служба не выяўляла на прадпрыемствах Беларусі ніякіх парушэнняў. Аднак парушэнні сталі відавочныя пасля таго, як Рассельгаснагляд аднавіў свой маніторынг беларускай прадукцыі жывёльнага паходжання на бяспеку. Аб кожным выпадку выяўлення ў такой прадукцыі шкодных і небяспечных рэчываў Рассельгаснагляд паведамляў ветэрынарнай службе Беларусі з просьбай правесці службовае расследаванне і прыняць усе неабходныя меры для таго, каб такія парушэнні не паўтараліся. Аднак Рассельгаснагляд не атрымліваў інфармацыі аб праведзеных расследаваннях, а парушэнні паўтараліся. Справа дайшла да таго, што адно з прадпрыемстваў беспакарана дапусціла ўжо тры дзясяткі парушэнняў.

Не меншую трывогу выклікала і тое, што ў 11 суб'ектах РФ былі выяўлены таварныя партыі гатовай мясной прадукцыі, якая ўтрымлівала геном вірусу АЧС, вырабленай пяццю буйнымі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі, размешчанымі ў чатырох абласцях Беларусі. Гаворка ідзе пра сотні тон такой прадукцыі, падкрэсліў Яўген Непаклонаў. Ніякай інфармацыі пра вынікі расследавання па гэтай праблеме і аб прынятых мерах Рассельгаснагляд не атрымліваў, нягледзячы на тое, што маштабы вытворчасці такой прадукцыі сведчаць аб масавым зарэзе жывёл, інфіцыраваных вірусам АЧС. Крыніца сыравіны, атрыманай ад такіх жывёл, так і не ўстаноўлена.
 

Разам з тым, як гаворыцца ў паведамленні, беларуская ветэрынарная служба афіцыйна аб'явіла толькі аб дзвюх успышках АЧС на тэрыторыі краіны. У расіян выклікаюць пытанні і ўспышкі захворвання паблізу мяжы з Беларуссю — у Польшчы, Літве, а таксама ў Смаленскай і Пскоўскай абласцях РФ.
 

Другая праблема, зазначыў Непаклонаў, — гэта буйнамаштабная кантрабанда паднагляднай і падкаранціннай прадукцыі, якая ідзе з тэрыторыі Беларусі ў суправаджэнні фальсіфікаваных суправаджальных дакументаў. Цяжка ўявіць, заўважыў Непаклонаў, каб беларускім мытнікам не было вядома, што транзіт бразільскай мясной прадукцыі цераз тэрыторыю Еўрасаюза забаронены, тым не менш яны прапускалі таварныя партыі прадукцыі, якая далей рухалася нібыта як бразільская. Эксперты Рассельгаснагляду ўстанавілі, што насамрэч гэта прадукцыя была выраблена ў краінах Еўрасаюза — Германіі, Нідэрландах і Польшчы. Не трэба забываць пры гэтым, зазначыў расійскі спецыяліст, і пра тое, што Польшча з'яўляецца краінай, неспрыяльнай па АЧС. 

Не звяртала ўвагі беларуская ветэрынарная служба і на тое, што нібыта з Чарнагорыі на тэрыторыю Беларусі для наступнага транзіту было пастаўлена больш як 10 тысяч т свініны, пры тым што пагалоўе ўсіх чарнагорскіх свіней не перавышае 18 тысяч галоў. Пасля ўвядзення РФ эканамічных санкцый у адказ Беларусь стала пастаўляць у Расію не толькі вялікія аб'ёмы прадукцыі, але і тыя віды прадукцыі, якія раней не пастаўляла. Рассельгаснагляд выяўляе буйныя аб'ёмы кантрабанднай не толькі мясной, але і плодаагародніннай прадукцыі. Выяўляюцца і ўкраінскія сыры, што пастаўляюцца пад выглядам беларускай прадукцыі.


Пры гэтым, як зазначаюць у Рассельгаснаглядзе, апрача ўсяго наносіцца ўдар па рэпутацыі добрасумленных беларускіх вытворцаў, бо ўкраінская малочная прадукцыя, якая часта выдаецца за беларускую, часта фальсіфікуецца дабаўленнем раслінных тлушчаў. Там кажуць, што сітуацыя з пастаўкамі кантрабанднай прадукцыі цераз тэрыторыю Беларусі паказала неабходнасць найхутчэйшай уніфікацыі адпаведных патрабаванняў і правілаў на ўсёй тэрыторыі МС.
 

Дырэктар Дэпартамента санітарных, фітасанітарных і ветэрынарных мер ЕЭК Алег Арнаутаў адзначыў красамоўнасць прыведзеных прыкладаў, якія сведчаць аб настойлівай неабходнасці прыняцця сістэмных мер для звужэння магчымасцяў для супрацьпраўнай дзейнасці. Гэта запатрабуе прыняцця новых заканадаўчых актаў, скіраваных на ліквідацыю ўжо існуючых або патэнцыяльных рызыкаў. Пры гэтым абавязкі кантрольна-наглядных службаў пры наступленні пэўных сітуацый павінны быць прапісаны ясна і адназначна. 

Важнае значэнне мае і забеспячэнне рэальнай эквівалентнасці ў працы нацыянальных кантрольна-наглядных службаў. Спецыяльныя эканамічныя меры, уведзеныя Расіяй, зазначыў Арнаутаў, высвецілі структурныя недахопы існуючай сістэмы і пераканаўча паказалі неабходнасць яе рэфармавання з наданнем ёй большай адкрытасці і празрыстасці. У прыватнасці, павінен быць выпрацаваны агульны алгарытм дзеянняў пры выяўленні геному АЧС у прадукцыі і на яго падставе падрыхтаваныя неабходныя дакументы камісіі МС.

Неабходна і новая канцэпцыя ўзаемадзеяння ветэрынарных і фітасанітарных службаў з сілавымі ведамствамі па барацьбе з кантрабандай. У аснову такіх рашэнняў можа быць пакладзены вялікі вопыт, назапашаны Рассельгаснаглядам, заўважыў Арнаутаў. Камісія МС гатова ў экстранным парадку падрыхтаваць першачарговыя дакументы, падкрэсліў ён.
 

Кажучы пра неабходнасць павышэння даверу паміж кантрольна-нагляднымі службамі краін МС, памочнік Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка заўважыў, што вялікую ролю як у павышэнні такога даверу, так і ў зніжэнні рызыкаў, павінна адыграць увядзенне на ўсёй тэрыторыі МС комплексу электронных сістэм праверкі, сертыфікацыі і прасочвання паднаглядных і падкаранцінных грузаў.
 

Начальнік упраўлення ўнутранага ветэрынарнага нагляду Рассельгаснагляду Уладзімір Шаўкапляс зазначыў, што калі партнёры Расіі па МС будуць гэтак жа строга кантраляваць расійскую прадукцыю, якая ідзе да іх, як Рассельгаснагляд, то гэта паслужыць павышэнню ўзроўню бяспекі на агульным рынку. Кажучы пра важнасць сумеснага выкарыстання электронных кантрольна-наглядных сістэм, ён зазначыў, што Рассельгаснагляд гатовы прыняць для стажыроўкі спецыялістаў з  Беларусі і Казахстана. Гатовыя працаваць з імі спецыялісты Рассельгаснагляду і па іншых блоках праблем, у прыватнасці, у сферы лабараторнага кантролю і арганізацыі маніторынгу.
 

Каардынацыю сумесных дзеянняў абцяжарвае адсутнасць адказаў беларускай ветэрынарнай службы на звароты Рассельгаснагляду, зазначыў начальнік аднаго з галіновых упраўленняў Рассельгаснагляду Уладзімір Шаўкапляс.
 

Галоўны ветэрынарны інспектар Беларусі, дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Васіль Півавар запэўніў, што па кожным лісце Рассельгаснагляду праводзяцца дзеянні, аднак расійскаму бок пра іх не заўсёды паведамляецца. Дырэктар галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Мінсельгасхарчу Леанід Пляшко таксама запэўніў, што па кожным звароце Рассельгаснагляду праводзяцца неабходныя дзеянні. Разам з тым, ён зазначыў, што ўзначальваемая ім інспекцыя не валодае неабходнымі  паўнамоцтвамі для таго, каб не дапусціць трапляння кантрабандных раслінных грузаў з Беларусі ў Расію.
 

Па выніках сустрэчы падпісаны пратакол, які дакументуе дасягнутыя дамоўленасці аб сумесных дзеяннях па вырашэнні ўзніклых праблем. У прыватнасці, наконт  эпізаатычнай сітуацыі па АЧС і мерах, што прымаюцца дзяржветслужай Беларусі па недапушчэнні паставак на тэрыторыю РФ прадукцыі, што ўтрымлівае геном вірусу АЧС, вырашана, што беларускі бок дасць Рассельгаснагляду падрабязную інфармацыю аб выніках расследавання па кожным мясакамбінаце, у  прадукцыі якога быў выяўлены геном АЧС і прынятых у сувязі з гэтым мерах. 
 

Апрача таго, да 15 снежня гэтага года будуць прадстаўлены даныя пра пастаўшчыкоў свіней і мясной сыравіны аб аб'ёмах выпушчанай прадукцыі, аб выніках маніторынгавых даследаванняў свойскіх і дзікіх свіней на АЧС, а таксама прадукцыі на паказчыкі бяспекі, аб дынаміцы пагалоўя свіней, аб магутнасцях мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў і халадзільнікаў, аб колькасці ветэрынарных спецыялістаў вытворчай і дзяржаўнай ветэрынарных службаў, замацаваных на гэтых прадпрыемствах, аб мерапрыемствах па ліквідацыі ачагоў АЧС, аб выніках лабараторных даследаванняў паталагічнага матэрыялу.

У той жа тэрмін Рассельгаснагляду будзе дадзена інфармацыя аб мерах рэагавання на ўсе выпадкі выяўлення няякаснай прадукцыі жывёльнага паходжання, у тым ліку ў дачыненні да ўзмоцненага лабараторнага кантролю за прадукцыяй прадпрыемстваў, указаных у афіцыйных паведамленнях Рассельгаснагляду, а таксама па правядзенні параўнальных іспытаў, маніторынгавых даследаванняў, акрэдытацыі лабараторый, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.
 

Беларускі бок прапанаваў пад гарантыю Дзяржаўнай ветэрынарнай службы з устанаўленнем узмоцненага лабараторнага маніторынгу зняць часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расію жывёлагадоўчай прадукцыі з прадпрыемстваў ААТ "Бабулін гладыш", ААТ "Рагачоўскі МКК", ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", ААТ "Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка", ААТ "Птушкафабрыка "Рассвет", ААТ "Дзяржынская бройлерная птушкафабрыка" ААТ "Брэсцкі мясакамбінат", ААТ "АФПК" Жлобінскі мясакамбінат", ААТ "Калінкавіцкі мясакамбінат", ААТ "Бярозаўскі мясакансервавы камбінат", на якіх раней былі выяўлены парушэнні.
 

У пратаколе таксама адзначана, што па пытанні перамяшчэння транзітных партый расліннай прадукцыі цераз тэрыторыю дзяржаў МС бакі да пагаднення не прыйшлі. Расійскі бок канстатаваў працяг транзіту расліннай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі ў Казахстан цераз тэрыторыю РФ, нягледзячы на дазвол такога перамяшчэння выключна цераз пункты пропуску цераз дзяржаўную мяжу Расіі.
 

Зазначана таксама, што такая раслінная прадукцыя небяспечная ў каранцінных фітасанітарных адносінах як для Расіі, так і для самой Беларусі. Беларускі бок пры гэтым настойвае, што не валодае паўнамоцтвамі не дапускаць транзіт еўрапейскай расліннай прадукцыі ў Казахстан цераз тэрыторыю Расіі.
 

Расійскі бок просіць да 1 снежня гэтага года прадставіць афіцыйную пазіцыю беларускага боку наконт забароны транзіту цераз пункты беларускія пропуску падкантрольных дзяржаўнаму ветэрынарнаму нагляду санкцыйных тавараў, што ідуць на адрасы казахстанскіх атрымальнікаў і атрымальнікаў у трэціх краінах. Апрача таго, Рассельгаснагляд лічыць мэтазгодным прыняць новы, актуалізаваны ў адпаведнасці з наяўнай на гэты час сітуацыяй парадак узаемадзеяння дзяржаўных кантрольных органаў, у прыватнасці, у пунктах пропуску, для забеспячэння больш эфектыўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння. 

 
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць