Без жорсткай эканоміі

У эйфарыі ад уяўных экспартных прыбыткаў у нас пачынаюцца новыя будоўлі сацыяльных аб’ектаў. Грошы на гэта, канешне, будуць выдаткаваныя з бюджэту, але адкуль яны ў бюджэце знойдуцца?



На гэтым тыдні Аляксандр Рыгоравіч падпісаў указ пра будаўніцтва новага будынку лечкамісіі. Як гаворыцца ў дакуменце, інвестыцыйны праект па будаўніцтве комплексу будынкаў клінічнага медыцынскага цэнтра ў раёне вёскі Ждановічы Мінскага раёна будзе рэалізаваны ў 2014–2017 гадах.

Заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве комплексу з’яўляецца КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама», генеральнай праектнай арганізацыяй — РУП «Інстытут «Белдзяржпраект», генеральнай падраднай арганізацыяй — ААТ «Будтрэст №1». Указ утрымлівае шэраг норм для стварэння неабходных умоў для рэалізацыі інвестпраекта. Працы па праектаванні і будаўніцтву комплексу будуць фінансавацца за кошт рэспубліканскага бюджэту і бюджэту горада Мінска.

Цікава, чым яму не спадабаўся стары будынак Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які размешчаны ў цэнтры Мінска? Не так даўно там была зробленая рэканструкцыя, завезенае новае медыцынскае абсталяванне. Тым не менш, плануецца, што гэты будынак будзе перададзены ў вядзенне гарадскіх уладаў.

Грошы на новую будоўлю, канешне, будуць выдаткаваныя з бюджэту, але адкуль яны ў бюджэце знойдуцца? Тое, што «харчовы Кландайк» накрываецца, ужо ведаюць у Мінсельгасхарчы Беларусі. Прынамсі, у гэтым ведамстве суседзям-расіянам паабяцалі прапрацаваць «у бліжэйшыя дні» новыя падыходы, якія дадуць магчымасць перамагчы рээкспарт і транзіт забароненай у Расіі ежы.

«Патрэбныя дакладныя правілы, каб выключыць рээкспарт і незаконны транзіт. У іх распрацоўцы задзейнічаны ветэрынарная, санітарная і мытная службы. Я думаю, што ў бліжэйшыя дні будуць выпрацаваны новыя падыходы, якія задаволілі б абодва бакі», — заявіў дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі Васіль Півавар.

Канешне, «бліжэйшыя дні» — паняцце вельмі расцягнутае. Беларусь, можа, і хацела б, каб гэтыя дні расцягнуліся на месяцы альбо нават на гады. Але з расіянамі, як паказвае практыка, такое не пракатвае. Як толькі яны даведаліся, што праз Беларусь у Расію ідзе «эмбаргавая» свініна, дык адразу ж у прадукцыі чатырох беларускіх мясакамбінатаў знайшлі геном віруса афрыканскай чумы свінняў. «Пад раздачу» патрапілі прадпрыемствы Оршы, Мінска, Магілёва, Бабруйска. А потым да іх дадалося яшчэ і СЗАО "Белатміт" з магілёўскай вобласці. Прычым, апошняму без усялякіх расследаванняў і пагадненняў (у адрозненне ад чатырох дзяржаўных мясакамбінатаў) Рассельгаснагляд спыніў выдачу ветэрынарных сертыфікатаў на адгрузку ў РФ свініны і прадукцыі свінагадоўлі, уключаючы гатовую прадукцыю.

Мінсельгасхарчу Беларусі прышлося часова спыніць пастаўкі свініны ў Расію. 30 кастрычніка, Беларусь прыняла рашэнне да 11 лістапада прыпыніць пастаўкі свініны ў Расію ў сувязі з АЧС і прыпыніць сертыфікацыю прадукцыі свінагадоўлі для расійскага рынку ў адпаведнасці з рэжымам самаабмежавання. Абмежаванні тычацца астуджанай і замарожанай свініны, субпрадуктаў.

«Асноўная рабочая версія, якую мы сталі адпрацоўваць адразу ж пасля першага выпадку выяўлення геному віруса АЧС у беларускай прадукцыі, — крыніцай магла стаць імпартная сыравіна», — паведаміў прадстаўнік Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў. Ён адзначыў, што ў цяперашні час у заражэнні свініны падазраюцца Чарнагорыя і Малдова, у сувязі з чым з 1 лістапада часова прыпыняецца імпарт свініны з гэтых краін. «Прадукцыю з гэтых краін мы забаранілі ўвозіць, таксама канфіскавалі ўсё ўжо ўвезенае з гэтых краін мяса», — падкрэсліў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Ці ўдасца ўсё зваліць на замежных пастаўшчыкоў сыравіны? Можа быць, і атрымаецца, а можа і не. Па вялікім рахунку, Расіі павінна быць паралельна, адкуль мы бярэм мяса на нашыя каўбасы і сасіскі. Галоўнае, каб прадукцыя, якая ідзе ў Расію, была бяспечнай. Гэта — іх інтарэс. А наш інтарэс у тым, каб гэтыя пастаўкі не спыняліся. І гэта мы павінныя правяраць мяса на магчымую небяспеку.

Але вось што хвалюе. Нашы мінсельгасхарчаўцы, зразумела, сканфіскавалі небяспечную свініну і прыпынілі «сертыфікацыю прадукцыі свінагадоўлі для расійскага рынку». Пра сертыфікацыю прадукцыі для нашага, беларускага рынку, не было сказана ні слова. Ці не патрапіць гэтая «рээкспартная» свініна на сталы беларусаў? Пра гэта ніхто ніводным словам не абмовіўся.

Такім чынам, «харчовае эмбарга» мы абавязаліся выконваць, з пастаўкамі свініны — часовы швах. Дзе ж знайсці грошы на паліклініку?

Канешне, у саміх расіянаў, і канешне ж, звыклым для папаўнення беларускага бюджэту спосабам. Генеральная пракуратура Беларусі не забылася пра былога топ-мэнеджара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, нягледзячы на тое, што ягоную справу цалкам перадала расійскаму следству. Як паведаміў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, ягонае ведамства пацвярджае свой намер прад’явіць грамадзянскія пазовы на судзе над былым гендырэктарам «Уралкалія». «Мы адназначна будзем заяўляць гэтыя грамадзянскія іскі», — сказаў Канюк.

Канюк назваў і суму пазову — каля 100 мільёнаў долараў. На гэтыя грошы можна пабудаваць не адну, а дзве — тры паліклінікі!

Але праблема ў тым, што грошы патрэбныя зараз, а калі яны будуць даступныя — невядома. У цяперашні час расследаванне справы яшчэ працягваецца, таму казаць пра дату суда заўчасна. Генпракурор Беларусі не выключыў таксама, што «калійная» справа можа быць разгледжана і ў міжнародным судзе. «Які гэта будзе суд — або міжнародны, ці ж гэта будзе суд расійскі..., такая практыка існуе», — адзначыў ён.

Улічым, што разгляды спраў у міжнародных судах могуць цягнуцца гадамі, а тое і дзесяцігоддзямі. Напрыклад, справу «ЮКАСА» Еўрапейскі суд па правах чалавека разглядаў 8 год. 

Каментаваць