Бурыданаў асёл кусачы

У мінулым годзе Беларусь дасягнула самых высокіх валавых паказчыкаў у знешнім гандлі. І ўпершыню за апошнія гады аднавіла экспарт уласнай сырой нафты.

Але яшчэ з савецкіх часоў вядома, што вываз адной цыстэрны сырой нафты, замест нафтапрадуктаў з яе, азначае для экспарцёра страту вартасці яшчэ адной цыстэрны сырой нафты.

Па дадзеных гандлёвага балансу, аб’ём знешняга гандлю таварамі за 2011 год склаў 86,1 мільярда долараў, у тым ліку экспарт — 40,3 мільярда долараў, імпарт — 45,8 мільярда долараў.

У мінулым годзе Беларусь дасягнула самых высокіх валавых паказчыкаў у знешнім гандлі. І ўпершыню за апошнія гады аднавіла экспарт уласнай сырой нафты.

Але яшчэ з савецкіх часоў вядома, што вываз адной цыстэрны сырой нафты, замест нафтапрадуктаў з яе, азначае для экспарцёра страту вартасці яшчэ адной цыстэрны сырой нафты.

Па дадзеных гандлёвага балансу, аб’ём знешняга гандлю таварамі за 2011 год склаў 86,1 мільярда долараў, у тым ліку экспарт — 40,3 мільярда долараў, імпарт — 45,8 мільярда долараў.

Вартасны памер экспарту ў параўнанні з 2010 годам па разліку ў бягучых коштах павялічыўся на 59,4%, або на 15 мільярда долараў, імпарту — 31,1%, або на 10,9 мільярда долараў.

У выніку апераджальнага тэмпу росту экспарту над імпартам велічыня адмоўнага сальда ў цэлым зменшылася з 9,6 да 5,45 мільярда долараў. На 4,15 мільярда!

Калі так і далей пойдзе, дык хто забароніць нашаму цяляці ваўка з’есці? Лукашэнка лічыць, што ніхто. Ён станоўча адзначыў вынікі эканомікі, сярод якіх спецыяльна падкрэсліў дасягненне дадатнага сальда ў гандлі таварамі і паслугамі. І што пасля гэтага застаецца крытыкам, якія адмоўна паставіліся і да дэвальвацыі рубля, і да скарачэння попыту на ўнутраным рынку, і да збяднення насельніцтва. А застаецца прызнаць, што каманда Лукашэнкі мела рацыю, калі праводзіла палітыку жорсткага абмежавання магчымасцяў беларусаў праз скарачэнне іх патрэб. Калі скончыліся “лішнія грошы, перасталі купляць імпартнае бразгоцце і пачалі больш спажываць сваё. Хто казаў, што ў эканоміцы не патрэбен прымус?

На жаль, я не маю дадзеных па знешнім гандлі за студзень-люты. Белстат іх надрукуе толькі ў сярэдзіне красавіка. Таму паспрабуем ацаніць яго стан і перспектывы па дадзеных студзеня — вельмі нетыповага месяца, дадзеныя па якім, тым не менш, могуць лічыцца карэктнымі ў параўнанні з дадзенымі такога ж нетыповага студзеня мінулага года. Дык вось, у студзені вартасць экспарту павысілася ў 1,9 разу (у параўнанні са студзенем 2011 года) і дасягнула 3,4 мільярда долараў. Імпарт павысіўся ў 1,3 разу і склаў 3,28 мільярда долараў. Сальда, такім чынам, склалася дадатнае. Невялікае, праўда, — усяго 120 мільёнаў долараў. Але ж у студзені 2011-га яно было адмоўным і вялікім — 740 мільёнаў долараў.

Але не спяшайцеся, панове, з высновамі. Нягле­дзячы на агульнае паляпшэнне сітуацыі, у гандлі з краінамі СНД, Мытнага саюза і Расіяй паказчыкі пагоршыліся. Прыкладам, экспарт у краіны Мытнага саюза павысіўся ў 1,19 разу, а імпарт адтуль — у 1,78 разу. Адпаведна правілам арыфметыкі адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Мытным саюзам павысілася да 1,2 мільярда долараў.



Інакш выглядае сітуацыя ў гандлі з “астатнім светам, у справаздачы Белстата яны абазначаюцца як “краіны за межамі СНД.

Дык вось, у студзені (у параўнанні са студзенем 2011 года) таваразварот з гэтымі краінамі павысіўся ў 1,58 разу (экспарт склаў 273% (!) мінулагодняга, імпарт — 83,6%).

Калі таваразварот з “краінамі за межамі СНД склаў у студзені 2,95 мільярда долараў, то на Еўрасаюз прыйшлося 2,26 мільярда долараў, або 77%, у тым ліку экспарту 1,74 мільярда долараў (87%), імпарту — 520 мільёнаў долараў (55%). Сальда ў знешнім гандлі таварамі з ЕС склала 1,22 мільярда долараў.

Яшчэ раз падсумуем, што маем: сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі ў цэлым склала плюс 126,1 мільёна долараў; у гандлі з краінамі СНД — мінус 919 мільёнаў долараў; у гандлі з краінамі Мытнага саюза — мінус 1,17 мільярда долараў; у гандлі з краінамі за межамі СНД — плюс 1,05 мільярда долараў; у гандлі з ЕС — плюс 1,22 мільярда долараў.

Бачыце, даволі складаныя схемы, патрэбны не толькі бухгалтарскі ўлік, але і якасны аналіз, але любому і кожнаму, будзь ён хоць гаспадарнік, хоць палітык, хоць прэзідэнт, хоць конюх, сітуацыя бачная як на далоні. Дадатнае сальда ў гандлі з Еўрасаюзам дазваляе Беларусі спраўляцца з дысбалансам у гандлі з Мытным саюзам, за якім стаіць Расія.

Добра гэта ці дрэнна? Хутчэй за ўсё, дрэнна, бо ў структуры беларускага экспарту ў студзені, як сведчыць Белстат, 45,5% займалі калійныя ўгнаенні і 38,3% — нафтапрадукты. На ўсё астатняе, што робіцца ў краіне, выпадае меней за 16%.

Як вышэй адзначалася, студзень вельмі нетыповы месяц дзеля таго, каб рабіць нейкія абагульненні наконт магчымага развіцця складаных працэсаў на яго аснове. Але ж асноўныя тэндэнцыі, на якіх будавалася і будуецца палітыка беларускіх уладаў (як эканамічная, так і культурная, і нават нейкія ідэалагічныя памкненні), усім вядомыя яшчэ з савецкіх часоў. Памеры Савецкага Саюза, яго рэсурсная база дазвалялі не звяртаць увагі на неэфектыўнасць яго эканомікі. Грошы зарабляліся на продажы нафты, газу ды іншай сыравіны. А складаная прамысловая прадукцыя, уключна з ваеннай, “прадавалася толькі палітычным саюзнікам коштам ільготаў ці прымусу.

Трэба было з самага пачатку нешта мяняць, перарабляць, перайначваць эканоміку на сапраўды капіталістычны лад. Каб прыватнікі самі шукалі ці грошы, ці інвестараў, самі вызначалі ўмовы і правілы канкурэнцыі, улічвалі іх. Увогуле, трэба было вызначыць такія маштабы і крытэрыі існавання, каб эканоміка мела дастатковыя ўласныя рэсурсы, выкарыстоўваючы якія можна было б зарабляць.

Але ўсё з самага пачатку рабілася не так. Адразу не ўсё і не ўсе разумелі, бо на самай справе зрабіць сацыялізм гэтак жа лёгка, як зварыць рыбны суп у акварыуме. А вось назад адкруціць — нашмат цяжэй. Тут патрэбныя дзеячы, якія б і за сваю галаву не баяліся. У іншых краінах яны з’явіліся і былі на кароткі тэрмін да ўлады дапушчаныя. І зрабілі тое і так, што цалкам выключала магчымасць рэстаўрацыі былога ладу.

У нас жа… Топчамся на адным месцы, пагражаем усім і кожнаму. І не разумеем, што жывучы ў шкляным доме, нельга пагражаць суседу каменем.

Нават дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сведчаць пра нясцерпнае жаданне зрабіць так, як раней было. І ў той жа час аб немагчымасці вызначыцца з-за нежадання рабіць нейкі прынцыповы выбар. Быццам бы і есці хочам, але не можам выбраць, што. Быццам бы гатовыя сябраваць, але колькі разоў кусалі руку, якая давала кавалак хлеба.

 

Каментаваць