Марат Новікаў: «Быць гаспадаром у Беларусі немагчыма»

Чаму беларускія цукеркі зніклі з продажу ў ЗША і што чакае беларускую кандытарку, расказвае былы ўладальнік фабрык «Камунарка» і «Спартак» Марат Новікаў.



фото «Народная воля»


 — Гавораць, нібыта склады кандытарскіх фабрык поўныя. А вінаваты ў гэтым былы іх ўладальнік Марат Новікаў, які перакрыў каналы. Навошта вы гэта зрабілі?!
 

— “Калі ў кране няма вады, значыць – выпілі жыды!” У дадзенай сітуацыі гэта лепшы адказ. Заўсёды некага трэба знайсці вінаватага. Як толькі гэта ўсё пачалося, я адразу ведаў, што ва ўсім далей будуць вінаваціць Новікава і больш нікога. А могуць яшчэ і Амерыку прыплесці — скажуць, што гэта агент ЦРУ быў, разваліў кандытарку, бл***, цяпер з’ехаў і загарае ў Фларыдзе. Толькі абавязкова дадайце ў тэксце бл***, дакладна так, я як сказаў!

— І ўсё ж такі — што там са звезенымі вамі з Беларусі каналамі збыту?

— Рабіць на гэту тэму са мной інтэрв’ю нельга, бо яно будзе неаб’ектыўнае. Усё, што я скажу — гэта будзе ад мяне і гэта будзе неаб’ектыўна. А каб было аб’ектыўна, вы вазьміце інтэрв’ю ў міністра харчовай прамысловасці Беларусі, які і вам раскажа тыя ж байкі, якія ён расказвае ўсім. Потым вазьміце інтэрв’ю ў дырэктара “Камунаркі” — пра тое, што адбываецца там пасля таго, як было нацыяналізаванае прадпрыемства, на “Спартаку”, на “Слодычы”, дзе дзяржава мае кантрольныя пакеты акцый. Запытайцеся ў іх: “Што адбылося?”.

І яны вам раскажуць казкі, што ідзе мадэрнізацыя, таму нічога новага не ўводзілася і таму не рэалізоўваецца прадукцыя. Тады вы ў іх запытайцеся: “Як жа нічога не ўводзілася, калі на “Камунарцы” сем гадоў таму паставілі новую лінію і яна выпускае шакаладныя батончыкі. Пры інвестарах былі пастаўленыя яшчэ дзве лініі, якія вы ніяк запусціць не можаце?” І тое ж самае — на фабрыцы “Спартак”, што каштавала нам 11 мільёнаў долараў. І пазваніце ў Амерыку Вользе Новікавай, гэта мая дачка, якая раскажа вам, чаму не рэалізоўваюцца цукеркі ў Амерыцы — бо яны іх сюды не даюць! Дарэчы, мы ў ЗША рэалізуем прадукцыю 27 беларускіх прадпрыемстваў! Пасля гэтага зрабіце аналіз таго, чаму цяпер на “Камунарцы” і “Спартаку” катастрафічнае становішча!

— Між тым, год з таго часу, як фабрыкі "прыватызавала" дзяржава, не мінуў…

— Але ўжо праз некалькі месяцаў на адной і на другой фабрыцы засталося па 2 тысячы тон нерэалізаванай прадукцыі — гэта па-за межамі майго разумення, як спецыяліста, які аддаў 20 гадоў кандытарцы! Цяпер я разумею, што ўсё гэта адбылося з-за таго, што кожны пачаў цягнуць коўдру на сябе — дырэктар “Камунаркі” пасварыўся з дырэктарам “Спартака” і пачалі весці ледзь не вайну, забараняць нават кантактаваць паміж сабой супрацоўнікам. Канкурэнцыя! Вы такое разумееце?! Канкурэнцыя ў нас, бачыце, з’явілася! У нас ніколі такога не было — мы заўсёды праціскалі рынак разам, калектыўна.

Афіцыйна ў нас не было холдынга, але неафіцыйна ён быў. І Лукашэнка меў рацыю, калі казаў, што адзін кіраваў. Толькі я ніколі не кіраваў кандытарскай прамысловасцю Беларусі. Кіраваў генеральны дырэктар, якога прызначалі акцыянеры. Адзінае, як самы буйны акцыянер на абедзвюх фабрыках — я іх кансультаваў. Бо я ездзіў па ўсім свеце, збіраў інфармацыю, вывучаў маркетынг, асартымент цукерак і меў падставы іх кансультаваць. А кіраўнікі фабрык былі добрыя свае, на месцах.

Цяпер прыйшлі кіраўнікі, якія не ведаюць, што такое кандытарка. Бо кандытарка — гэта не проста вытворчасць, а мастацтва. Вырабіць цукерку, шакаладку, печыва ці вафельку — гэта цэлае мастацтва. Чыноўнікі спадзяюцца, што загадамі і ўказамі навядуць у гэтым пытанні парадак, але нічога ў іх не атрымаецца. Кандыдарка сябе пахавала, і да лета гэта будзе як “Мотавела” ды гадзіннікавы завод.

“Белкандытар” працягвае супрацоўнічаць са “Спартаком”, “Камунарка” ад супрацоўніцтва адмовілася, і мы бачым, што якасць прадукцыі знізілася. Пастаўлялі шакалад у Венесуэлу, Калумбію — прыйшоў з фабрыкі шакалад бела-зялёны, і мы адразу згубілі гэты рынак. Толькі пачалі з ім працаваць і адразу яго згубілі — з-за якасці шакаладу. Фабрыка ж абвінавачвае нас: нібыта мы шакалад замарозілі — праўды не відаць.

Дырэктар “Камунаркі” кажа, што апошнім часам яны з’эканомілі 450 мільёнаў на сыравіне. А вы спытайцеся, якую яны сыравіну набываюць? Заўтра вы цукерку “Камунаркі” не возьмеце ў рот! З Чэлябінска даслалі фотаздымак і пытаюцца: “Што рабіць з цукеркамі — у гарэху чарвяк!”.

— Змрочна неяк выглядае сітуацыя…

— Мой аналіз такі — кандытаркі больш у Беларусі не будзе. І яе немагчыма будзе падняць. Я часам думаю, калі б я вярнуўся — ці змог бы я ўзняць наноў кандытарку? Не, я ўжо не змагу. Бо, найперш, — згублены рынак. Мы гандаль трымалі ў руках, даведзеныя былі адтэрміноўкі плацяжоў да 10–15 дзён, а цяпер яны ўжо карыстаюцца 60 днямі, што толькі разбэшчвае гандаль. У змаганні з прыватнікамі такія дзяржаўныя прадпрыемствы, як “Камунарка” і “Спартак”, безумоўна, загінуць. Канец відавочны.

— Але, напрыклад, маглі па-ранейшаму карыстацца напрацаванымі каналамі збыту — проста пакінуўшы працаваць усё як было...

— Новікаў на гэтых каналах зарабляў грошы — гэта ні для каго не сакрэт. А што ён павінен быў рабіць?! Новікаў прыехаў у Беларусь, каб зарабляць грошы! Але ён іх зарабляў прафесійна, не парушаючы законаў. Не хочаце працаваць з Новікавым — паступова вывадзіце цукеркі ў Цукровую кампанію, каб яны гэты гандаль раскруцілі. “Белкандытару” спатрэбілася 7 гадоў, каб пра сябе заявіць на расійскім рынку — яны гэта ўсё абарвалі. Яны, а не Новікаў — Новікаў хоча зарабляць грошы.

Вось, заўтра яны прачытаюць ваш артыкул і паздымаюць усіх, а сэнсу? Заўтра прыйдзе на іх месца на “Камунарку” намеснік старшыні гарвыканкама, а на “Спартак” — намеснік старшыні аблвыканкама, і што далей? Неабходна прызнаць, што патрэбныя “Новікавы”. І чым такіх “Новікавых” будзе больш, тым больш моцнай будзе дзяржава і людзі будуць задаволеныя.

“Спартак” яшчэ трымаецца — разумее, што без “Белкандытара” зусім абрынецца. Мы прадаём сёння “Спартака” на 3 мільёна долараў у месяц. А “Камунарка” з лютага абарвала з намі кантакты і не дае нам нічога. Там 2 800 тон на складзе — ніколі такога не было за ўсю гісторыю кандытарскай прамысловасці!

— Адкуль у вас такія дакладныя звесткі?!

— Людзі з прадпрыемстваў расказваюць. І абураюцца. Вы ведаеце, на “Камунарцы” і “Спартаку” знялі ўсе сацыяльныя надбаўкі, усе прэміі?! На “Камунарцы” заробкі ўрэзалі. На “Спартаку” — яшчэ не, але і там урэжуць. Я вам больш скажу: з 3 па 13 красавіка “Спартак” не будзе працаваць. Прыдумалі нейкую прафілактыку — няма куды прадукцыю складаць, ужо арэндавалі склады ледзь не да Бранска!

Добра, паклалі вы гэта на склад, а заўтра што будзе з гэтай прадукцыяй? 90% прадукцыі немагчыма перапрацаваць. Жывёлу карміць? Сёння “Камунарка” і “Спартак” дае гандлю 15% скідкі — калі такое было?! У нас, асабліва напярэдадні Новага года, чэргі былі на прахадной, званілі дырэктары і прасілі: “Марат, дапамажы, цукерак не хапае з “Камунаркі”. А ў іх на Новы год столькі пазаставалася — калі такое было?! І што — зноў Марат вінаваты?

— Ну, а хто яшчэ?!

— Вы троху адсталі: днямі на фабрыках прайшлі справаздачна-выбарчыя сходы, і там ужо не казалі, што вінаваты Новікаў. Цяпер кажуць, што фабрыкі да такой ступені занядбаныя, не мадэрнізаваныя і што каласальныя грошы неабходныя на мадэрнізацыю. “Спартаку” на мадэрнізацыю, паводле распрацаванага бізнэс-плану, неабходна 500 мільярдаў рублёў, таму ад дывідэндаў неабходна адмовіцца — за гэта дзяржава прагаласавала на абодвух прадпрыемствах.

Чаму? “Спартак” зрабіў 13,5 мільёнаў долараў за 2012 год, а “Камунарка” — 10 мільёнаў долараў. Калі сёння выплаціць дывідэнды і дзяржаве — 20% паводле ўказа прэзідэнта, і акцыянерам, то абедзве фабрыкі адразу стануць банкрутамі. У выпадку выплат дывідэндаў яны лягуць адразу — не будзе за што ні сыравіну набыць, ні заробкі заплаціць, ні іншыя выплаты зрабіць. А так яшчэ троху пратрымаюцца.

— І нават вы б не здолелі іх выратаваць?

— Ведаеце, я ўдзячны Лукашэнку за тое, што ён мяне своечасова спыніў — я занадта шмат сябе аддаваў гэтай справе. Мы з ім прышлі амаль адначасова: ён — да ўлады, я — на кандытарку. Калі ўсё гэта здарылася, я пачаў аналізаваць, што я дрэннага зрабіў прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Узважыў усю сваю практычную дзейнасць за 20 гадоў у Беларусі і падумаў, што нічога, апроч добрага. З першага дня, як мы прыйшлі, запрацавалі фабрыкі, потым яны запрацавалі, людзі пачалі атрымліваць заробкі. І ў разуменні людзей гэта зрабіў не Марат, а ўлада. Але ж мы плацілі вялізныя падаткі, якія ішлі на ахову здароўя, на школы, на армію, на КДБ, на МУС і гэтак далей.

Лукашэнка сказаў заробкі падняць, а мы гэта рабілі раней, чым ён ставіў гэтыя задачы. Магчыма, мы мадэрнізавалі фабрыкі не так, як нехта хацеў, але рабілі гэта так, як таго патрабаваў рынак. І за кошт інвестараў. У гэтай справе мазгі важаць больш, чым грошы. Вось, Лукашэнка кажа: “Мы дадзім вам грошы!” Ну, і што, Аляксандр Рыгоравіч?! Каму вы грошы дадзіце — Данчанку (Данчанка Іван Іванавіч — гендырэктар “Камунаркі” — Еўрарадыё), Жыдкову (Жыдкоў Алег Мікалаевіч — гендырэктар “Спартак” — Еўрарадыё)? Лепш аддайце іх на медыцыну, на школу. Больш карысці будзе. На прадпрыемства вяртаюцца людзі, з якімі мы ў свой час перарвалі кантракт.

— Калі, да прыкладу, вам прыйдзе ліст за подпісам кіраўніка краіны з просьбай вярнуцца, пагодзіцеся? Каб даказаць самому сабе, што гэта вам па сілах?

— Снарад двойчы ў адно месца не падае. У 1993 годзе да мяне прыехалі тагачасныя гендырэктар і камерцыйны дырэктар фабрыкі “Спартак” і слёзна папрасілі дапамагчы адкрыць фабрыку, якая на той момант стаяла. Я на той момант займаўся гандлем, быў досыць паспяховым бізнесменам, працаваў з Расіяй — калі б кінуў, то, напэўна, ужо быў бы мільярдэрам. А я ўзяў, ды пайшоў у гэтую кандытарскую прамысловасць. Сказаць, што шкадую… Не будзем на гэтую тэму гаварыць.

На гэты раз я да такой ступені ўпэўнены, што нават калі сёння дзесяць Маратаў прыйдзе — яны нічога не змогуць зрабіць. Ужо страчаны рынак, згубленая сувязь паміж кандытарскай вытворчасцю і гандлем. Парушаныя сувязі паставак — цяпер сыравіну пастаўляюць усе, хто хоча і ўсё, што хоча. Сёння не павінна быць ні тэндэраў, ні аўкцыёну. Сёння павінен быць гаспадар на прадпрыемстве, які вызначае і кошт, і ўсё астатняе. А быць гаспадаром у Беларусі немагчыма.

Таму кандытарка не мае шансаў — яна спатыкнулася і вельмі моцна параніла абедзве нагі. Узняць яе ніхто не зможа — ёй ампутавалі ногі і галаву. Засталіся толькі тулава — гэта вытворчасць, і рукі — каб браць бабкі. Вось і ўсё!

Каментаваць