Бывай, краіна суцэльных мільянераў!

Адбылося тое, чаго мала хто мог чакаць менавіта цяпер. Афіцыйны беларускі лідар 4 лістапада падпісаў указ № 450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь».



Гэтая падзея адбудзецца 1 ліпеня 2016 года. Пасля гэтага 10 тысяч цяперашніх беларускіх рублёў будуць каштаваць 1 «новы» рубель. Да таго ж, у нашай краіне нарэшце зноў з’явяцца манеты.

Відавочна, дэнамінацыі беларускага рубля неабходная, бо нават беларусы пачалі блытацца ў колькасці нулёў на цэнніках у крамах і ў наяўнасці рэальных грошай у сваіх гаманцах. А замежнікі, што прыязджаюць у нашу краіну, пасля наведвання абменнікаў пачынаюць упадаць у транс і кагнітыўны дысананс, бо колькасць лічбаў на нашых купюрах змушае вочы іншаземцаў разбягацца ў розныя бакі. Яны проста не могуць пералічыць беларускія грошы ў долары і еўра, франкі ці злотыя, супаставіць, колькі і за што яны плацяць.

Эксперты не могуць адказаць на пытанне, чаму такое рашэнне кіраўніком дзяржавы было прынята менавіта цяпер. Па словах першага кіраўніка Нацыянальнага банка незалежнай Беларусі прафесара Станіслава Багданкевіча, дэнамінацыю варта было б праводзіць тады, калі б інфляцыя складала 3–5% за год. Зараз мы маем двухзначныя лічбы. Нават Нацбанк прагназуе ўзровень інфляцыі па выніках 2015 года ў памеры 15–18%.

Багданкевіч не выключае, што, магчыма, урад і рэгулятар маюць нейкія свае планы па змяншэнні інфляцыі да сярэдзіны наступнага года, але якія, невядома. «Без структурных рэформаў у эканоміцы рэальна зменшыць інфляцыю не атрымаецца, а ці гатовая ўлада да такіх рэформаў?» — задаецца рытарычным пытаннем эканаміст.

Яшчэ адзін момант. Узровень эканамічнай адукаванасці беларускага насельніцтва, мякка кажучы, не надта высокі, яно не вельмі абазнанае ў навуковых тэрмінах. Таму зблытаць «дэнамінацыю» з «дэвальвацыяй» здольныя амаль усе. Хоць, як звяртае ўвагу Станіслаў Багданкевіч, дэнамінацыя ёсць выключна тэхнічнай працэдурай, калі з грашовых адзінак «выкрэсліваюцца» нулі. «Гэтых ведаў не хапала і ў мой час кіравання Нацбанкам, калі я праводзіў першую дэнамінацыю. Бо нават некаторыя дэпутаты парламента збіраліся падаваць на мяне ў суд за гэты «антынародны крок», і самае цікавае, што Канстытуцыйны суд тады нават узяў на разгляд гэтую справу. Так што ў той час было шмат непісьменных у эканамічным плане асобаў. Сёння ж узровень адукаванасці павялічыўся», — спадзяецца доктар эканамічных навук.

Тым не менш, нельга выключаць, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі можа справакаваць «набегі» беларусаў на крамы, каб уратаваць свае грошы, скупляючы тавары, як тое было ў 2009, 2011 гадах і пазней. Таму, па вялікім рахунку, трэба было б уладам правесці адукацыйную кампанію сярод сваіх грамадзянаў, каб патлумачыць сапраўдны сэнс і неабходнасць дэнамінацыі. Растлумачыць, што гэтая тэхнічная працэдура толькі спросціць працэдуру разлікаў, а не ўдарыць зноў па кішэнях шарагоўцаў. Адзіны «негатыўны» момант ад будучай дэнамінацыі палягае ў тым, што Беларусь перастане быць краінай суцэльных мільянераў.

Вось толькі ці паверыць насельніцтва чарговым словам чыноўнікаў, хоць і правільным? Пытанне пытанняў. Бо «народзец» ужо прызвычаіўся ўспрымаць словы сваіх правадыроў з дакладнасцю да наадварот.

 
 

Каментаваць