Чаго чакаць ад Украіны?

З 1 студзеня 2016 года Украіна ўвойдзе ў зону свабоднага гандлю з Еўрасаюзам, паведаміў яе міністр замежных спраў Павел Клімкін. Як гэта адаб'ецца на Беларусі? Паўднёвая суседка — наш трэці па значнасці эканамічны партнёр.



Клімкін таксама паведаміў, што бліжэйшым часам адбудуцца тэхнічныя кансультацыі па практычных аспектах рэалізацыі ЗСГ, датычныя трох сфер: мытнага адміністравання, тэхнічных бар’ераў у гандлі і санітарных і фітасанітарных мераў.

Такім чынам, з пачатку наступнага года Украіна будзе ў еўрапейскай зоне гандлю. Беларускім уладам таксама трэба звярнуць на гэта ўвагу, бо паўднёвая суседка — наш трэці па значнасці (пасля Расіі і ўсяго ЕС, разам узятага) эканамічны і гандлёвы партнёр. Наш агульны таваразварот за тры месяцы гэтага года склаў 671 мільён 996,5 тысячы долараў ЗША. Гэта больш, чым таваразварот Беларусі з Кітаем ($626 мільёнаў 720,2 тысячы). Але, калі з Кітаем у нас адмоўнае гандлёвае сальда (то бок, мы купляем у іх больш, чым туды прадаём на $334 мільёны), то з Украінай — сітуацыя адваротная. За тры месяцы мы зарабілі на гандлі з ёй $310 мільёнаў.

У 2014 годзе Беларусь была адзінай краінай, з якой Украіна павялічыла імпарт тавараў — на 7,4%. З усімі астатнімі (у тым ліку еўрапейскімі) краінамі яе імпарт знізіўся, што яшчэ раз падкрэслівае важнасць нашага партнёрства.

Таму ўваходжанне Украіны ў ЗСГ з ЕС нас не можа не турбаваць. Змены ў правілах гульні з нашай суседкай могуць адбіцца на вельмі прыбытковым і прывабным для нас бізнесе. І хаця мы паспяхова гандлюем і з Еўрасаюзам, усё ж перастаноўкі на ўкраінскім рынку могуць стаць сюрпрызам для партнёраў у сінявокай.

Чаго чакаць Беларусі ад уступлення Украіны ў ЗСГ з Еўрасаюзам?

Нічога дрэннага, апроч добрага, лічыць эканаміст Барыс Жаліба. Найперш, добра будзе насельніцтву. «Калі разважаць лагічна, то на ўкраінскі рынак вальней будуць паступаць еўрапейскія тавары, больш якасныя, больш танныя альбо недарагія. А калі доступ еўрапейскіх тавараў на ўкраінскі рынак спросціцца, то і для беларусаў асартымент пашырыцца: як для фізічных асобаў, так, я мяркую, і для юрыдычных», — кажа эканаміст. Пэўна, ён мае на ўвазе, што шмат беларусаў маюць магчымасць затарвацца на аптовых рынках Чарнігава і Хмяльніцкага.

Канешне, у сувязі са спрошчаным допускам тавараў з ЕС, частка беларускай прадукцыі зазнае больш моцную канкурэнцыю. «Але я б не сказаў, што гэта дрэнна. Гэта значыць, што ўжо зараз беларускім вытворцам, якія працуюць з Украінай, трэба падцягваць свае тавары па якасці і кошце да еўрапейскіх стандартаў», — адзначае Жаліба.

Між тым, ён не разлічвае, што больш танныя і больш якасныя еўрапейскія тавары, праскокваючы праз бязвізавую ўкраінска-беларускую мяжу, неяк істотна пагоршаць становішча беларускай прамысловасці. «Нам шмат разоў такое казалі. Напрыклад, што ўступленне Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз адкрые мяжу для расійскіх тавараў, і што яны задавяць беларускую прадукцыю, беларускія прадпрыемствы. Былі такія перасцярогі. Але ЕАЭС працуе ўжо амаль паўгода, і нічога падобнага не адбываецца. Канешне, у параўнанні з часамі «да ЕАЭС» канкурэнцыі паболела. Аднак трэба аддаць належнае і нашым вытворцам: яны паспяхова канкуруюць з імпартам. А значыць, для спажыўца пашырыўся выбар прадукцыі», — лічыць Жаліба.

«Так што я не думаю, што апасродкаваны «еўрапейскі імпарт» у Беларусь праз Украіну нанясе нейкую значную шкоду айчынным прадпрыемствам. Нашы вытворцы таксама не спяць у шапку. А канкурэнцыя прымусіць іх варушыцца актыўней», — лічыць Жаліба.

Эканаміст Леў Марголін салідарны з Барысам Жалібам, і нават не прадбачыць канкурэнцыі еўрапейскіх і беларускіх тавараў на ўкраінскім рынку. «Па вялікім рахунку, тое, што казала Расія пра экспансію праз Украіну еўрапейскіх тавараў на іх рынак і на рынак ЕАЭС, — гэта збольшага палітычная гульня. Я думаю, што ані для Расіі, ані для Беларусі нейкіх значных наступстваў не будзе. Справа ў тым, што наш экспарт ва Украіну амаль не перасякаецца з тымі таварамі, якія да іх прыйдуць з ЕС. Могуць узнікнуць праблемы па асобных пазіцыях тавараў, прычым па тых, якія цяжка зараз прадбачыць. Але гэтыя праблемныя пытанні зазвычай здымаюцца на двухбаковых перамовах», — кажа Марголін.

Канешне, для еўрапейскіх тавараў ва Украіне зменшацца ўвазныя пошліны, здымуцца нейкія бар’еры, але, па меркаванні Марголіна, гэта будзе не настолькі крытычна, каб ад гэтага пацярпеў беларускі экспарт у паўночную суседку.

Так што ЗСГ Украіны і ЕС пойдзе толькі на карысць Беларусі. Прынамсі, так лічаць эканамісты.

Каментаваць