Чаму канфлікт Саудаўскай Аравіі з Іранам не наганяе цану на нафту?

Рост напружанасці на Блізкім Усходзе, як правіла, прымушае цану на нафту ўпэўнена падымацца з каленяў. Аднак сёння на нафтавым рынку склалася нетыповая сітуацыя. 



Іран і Саудаўская Аравія разам валодаюць чвэрцю разведаных запасаў нафты на планеце. Больш за тое, яны не толькі сядзяць на 400 мільярдах барэляў нафты, але і знаходзяцца паблізу ад Армузскага праліва — канала дастаўкі нафты, які мае сусветнае значэнне,  улічваючы, што праз яго праходзіць 17 мільёнаў барэляў штодня. Перапыненне паставак праз яго на пэўны час мела б драматычныя наступствы. 
 
 
 
Супрацьстаянне шыіцкага Ірана і суніцкай Саудаўскай Аравіі раней вылівалася ў апасродкаваныя войны ў Іраку, Емене і Сірыі. Пасля таго, як на мінулых выходных у Саудаўскай Аравіі быў пакараны смерцю відны шыіцкі рэлігійны дзеяч, яно перарасло ў адкрыты дыпламатычны канфлікт. Пакаранне выклікала абурэнне ў Іране. Раз'юшаны натоўп падпаліў амбасаду Саудаўскай Аравіі у іранскай сталіцы. Пасля чаго Саудаўская Аравія разарвала з Іранам дыпламатычныя адносіны, а таксама прыпыніла авіязносіны з гэтай краінай. Кувейт, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн і Судан тым ці іншым чынам падтрымалі Саудаўскую Аравію ў канфлікце. 
 
 
Сітуацыя выглядае даволі трывожнай і цяжка прадказальнай. Яшчэ нядаўна яна б абавязкова выклікала імклівы рост цэнаў на нафту. Чаму ж цяпер  нафтатрэйдары не надта турбуюцца?
 
 
Аналітыкі называюць шэраг прычын, з якіх цэны на нафту будуць заставацца нізкімі ў агляднай будучыні: запаволенне кітайскай і стагнацыя еўрапейскай эканомік, сланцавы бум і адмена забароны на экспарт нафты ў ЗША, чаканае аднаўленне экспарту іранскай нафты. 
 
 
Рынак нафты перанасычаны, прапанова перавышае попыт. Каб зноў накруціць цану, краіны АПЕК мусілі б дамовіцца знізіць здабычу. Аднак тая ж Саудаўская Аравія адмовілася ад гэтага кроку. Шчаслівы ўладальнік найбуйнейшых запасаў нафты, яна, да таго ж, здабывае яе па самым нізкім сабекошце ў свеце, таму разлічвала выцесніць з рынку канкурэнтаў, якім здабыча абыходзіцца значна даражэй. 
 
 
Зараз, калі на рынак выходзіць Іран, у найбуйнейшага ўладальніка нафты ў свеце з'яўляецца яшчэ адна прычына, каб не зніжаць здабычы. Наадварот, гэта падштурхне Саудаўскую Аравію да яшчэ большага зніжэння цаны. 
 
 
Добрай навіной для нафтазалежных краінаў можа быць толькі адкрыты ўзброены канфлікт паміж Іранам і Саўдаўскай Аравіяй. Ён, на думку аналітыкаў, узняў бы цану на нафту да 200 долараў за барэль. Але ў верагоднасць такога канфлікту пакуль ніхто не верыць.   

Абмеркаванне:

  • Сябра
  • 2016-01-06 22:05:41
Зміцер, навошта Пуціну падказваць выйсце з тупіковай сітуацыі? Бо па вайнушках ён майстар. Возьме и скарыстаецца тваімі парадамі :)
  • Генадзь
  • 2016-01-07 15:28:33
Дзякуй за аптымістычны прагноз. Але ж, калі кране Пуціна, і мы пападзем у пастку...Ён нас за сабой пацягне. :(
  • Мірончык
  • 2016-01-08 02:43:04
Ну дык мы самі загналі сябе ў гэтую пастку, счапіўшыся з тым Пуціным у брацкіх абдымках.
  • Чытач
  • 2016-01-09 00:15:27
"Мы" - гэта хто? Народ ці кіраўніцтва, ці тыя і другія разам?
  • Сямён
  • 2016-01-08 05:26:31
Саудаўскі прынц сказаў, што вайны з Іранам не будзе, што яна стала б катастрофай для рэгіёну, які і без таго заграз у крывавых канфліктах.

Каментаваць