Цар добры — баяры дрэнныя

Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе, запатрабаваў "надзець кайданкі" на вінаватых у падвышэнні камунальных тарыфаў і "пасадзіць дзясятак-другі чалавек".



Сітуацыя ўнікальная: кіраўнік краіны адначасова і кошт камунальных паслуг рэзка падняў, і перад МВФ сябе паказаў "рэфарматарам", і ў вачах электарату зноў стаў "змагаром за справядлівасць".

Аляксандр Лукашэнка ўжо Бог ведае ў які раз згуляў класічны спектакль пад умоўнай назвай "Цар добры — баяры дрэнныя". Падстава для выступу — рэзкае павялічэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі: у лютым новыя квітанцыі аб аплаце сталі галоўнай тэмай для абмеркавання паміж беларусамі. Было бы нават дзіўна, калі бы кіраўнік Беларусі не змог атрымаць для сябе карысць з нараджэння хвалі "народнага гневу".

Магчымасць выступіць перад тэлекамерамі ў ролі "народнага заступніка" яму падаў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. Гэта ён заявіў у прысутнасці ўрадавых чыноўнікаў, што неабходныя разлікі былі праведзеныя, але з іх выкарыстаннем на практыцы ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот, усё было зроблена, як кажуць, "ад доўбні".

Рэакцыя Лукашэнкі была класічна-тэатральнай. "Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім распараджэнні тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Тут павінен быць спіс, хто гэтую "доўбню" прыдумаў. Годзе з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта і прэм'ер-міністр прадставілі яму разлікі тарыфаў ЖКП. "Вываз смецця, асвятленне, ліфт, уборка, цеплавая энергія, цёплая і халодная вада, газ, электраэнергія — усё падлічыць і пакласці мне гэтыя тарыфы", — сказаў “дырэктар краіны”. Ён падкрэсліў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі ім даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць.

Застаецца толькі апладзіраваць. Лукашэнка выйграў абсалютна па ўсіх актуальных для яго накірунках. Давайце глядзець па чарзе:

МВФ і ЕФСР

І Міжнародны валютны фонд, і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, — абодва яны патрабавалі правядзення рэформаў, і ў першую чаргу — менавіта паніжэння субсідавання ЖКГ, адмова ад перакрыжаванага фінансавання ў гэтай галіне (калі прадпрыемствы фактычна плацяць за грамадзян). Зроблена!

Дзяржбюджэт

Значная доля аплаты за ЖКГ перакладзеная з бюджэту дзяржаўнага на асабістыя бюджэты грамадзян. Значыць, часткова эканамічныя праблемы ўжо вырашаныя за кошт шараговых беларусаў. А да канца года на плечы грамадзян перакладуць яшчэ большую долю аплаты за камуналку. Нічога, беларусы цягавітыя, вытрымаюць, не звыкаць.

Электарат

Кіраўнік Беларусі ў чарговы раз паказаў сябе заступнікам народных інтарэсаў. Па сцэнары, Бацька пра народ клапоціцца, ён зусім не жадаў, каб народ такія грошы плаціў за камуналку. Вось толькі дрэнныя (і безаблічныя) службоўцы ўсё, як звычайна, сапсавалі. Іх і пакараюць. Вядома, для людзей, якія думаюць, такі спектакль "не пракатвае", — але ці шмат іх у краіне?

"Ахоўнікі" ва ўладзе

Яшчэ адна група, у інтарэсах якой быў сыграны спектакль з кіарўнічым гневам на ЖКГ — гэта група "ахоўнікаў" у структурах улады, пра якія НЧ ужо пісаў. Прасцей кажучы, гэта "прамыслоўцы", "аграрнікі" і сілавікі. Канкрэтна — віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, якіх падтрымлівае Мясніковіч з пасады спікера Нацыянальнага сходу, кіраўнікі галіновых дзяржканцэрнаў («Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам» і іншых), а таксама ўсе кіраўнікі сілавых ведамстваў.

Гэта тыя, хто супрацьстаіць групе "рэфарматараў" у асобах Мікалая Снапкова, Кірылы Рудага, Васіля Мацюшэўскага, Аляксандра Забароўскага і Паўла Калаўра. Хто патрабаваў рэформаў? Хто настойваў на пакрыцці насельніцтвам паслуг ЖКГ? Правільна, гэта яны, "рэфарматары". Ім і шышкі на галаву, і кайданкі на рукі. "Ахоўнікі" задаволеныя.

Асабіста кіраўнік КДК Леанід Анфімаў

Мы ўжо пісалі пра яго досыць высокія шанцы зрабіцца новым прэм'ер-міністрам. Зараз яны яшчэ больш выраслі.

Але тут застаюцца адкрытымі два пытанні.

Першае: ці знізяцца пасля разносу сумы, пазначаныя ў квітанцыях па квартплаце? Вельмі малаверагодна. Досыць перачытаць заяву кіраўніка Беларусі: ён загадаў знайсці і пасадзіць вінаватых, падлічыць і дакласці яму тарыфы, але зусім не "знізіць" або "кампенсаваць" выдаткі насельніцтву. Гэта значыць, прапагандысцкі эфект дасягнуты а там, пакуль суд ды справа, ужо і вясна. Пацяплее, з квітанцый знікне самая "пражэрлівая" графа — аплата за ацяпленне, і "народзец" адчуе, што жыць яму стала лягчэй.

Другое пытанне: на каго апрануць кайданкі, каго рэальна пасадзяць? Міністра ЖКГ? Дараднікаў з Адміністрацыі прэзідэнта, якія зацвярджалі гэтае рашэнне? Верагодней, абмяжуюцца іх падначаленымі, шараговымі супрацоўнікамі і начальнікамі аддзелаў у розных ведамствах. Гэта значыць тымі, хто добрасумленна выконваў указанні міністра і кіраўніка Беларусі. Вось толькі міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не такое ўжо вялікае, калі там 20 чалавек пасадзіць — хто новыя тарыфы вылічваць будзе? І дарэчы, ці пакажа нам БТ публічныя арышты і суды тых самых "вінаватых" чыноўнікаў?

Каментаваць