Час для непапулярных рашэнняў

Лета — самы час для прыняцця непапулярных рашэнняў. Хтосьці ўжо з'ехаў у адпачынак, а тыя, хто застаўся, вельмі занятыя яго планаваннем. Таму ва ўлады развязаныя рукі, каб заняцца ўнутранымі праблемамі.



Першая праблема, канешне ж, у эканоміцы. Негатыўныя прагнозы развіцця Беларусі — ужо даўно не навіна на старонках газет. Чарговы негатыў падкінуў зараз найлепшы сябра Беларусі апошнім часам — Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і фінансуе стабілізацыйную праграму ўрада Беларусі ў 2011–2013 гадах.

 

Паводле экспертаў ЕАБР, інфляцыя ў Беларусі ў гэтым годзе можа скласці да 30% гадавой, супраць прагнозных 12%. А вінаваты ва ўсім рост заробкаў. «Палітыка апера​джальнага росту рэальнай заработнай платы над прадукцыйнасцю працы вядзе да павелічэння інфляцыйнага навеса, умацаванню рэальнага валютнага курсу і пагаршэння знешніх балансаў», — гаворыцца ў ацэнцы выканання Беларуссю ўмоў 5-га траншу крэдыту АКФ ЕўрАзЭС.

 

«Тэмпы інфляцыі за студзень-люты склалі 4,3% супраць 3,5% за аналагічны перыяд 2012 года. На канец лютага 2013 года ў банкаўскай сістэме ўтварылася залішняя ліквіднасць у памеры 6,5 трыльёна беларускіх рублёў», — канстатуе ЕАБР.

 

Каб інфляцыі ў 30% не здарылася, ЕАБР настойліва рэкамендуе ўладам Беларусі распачаць неадкладныя меры па стрымліванні ўнутранага попыту. Адной з мераў можа стаць правядзенне больш збалансаванай палітыкі павышэння даходаў насельніцтва, якое не перавышае рост прадукцыйнасці працы.

 

Сапраўды, рост дабрабыту, паводле афіцыйнай статыстыкі, у 20% пры павелічэнні прадукцыйнасці працы ў 5% — гэта нешта новае ў эканоміцы. І зараз, пакуль людзі думаюць пра адпачынак, самы час «замарозіць» заробак хаця б на тры месяцы. Можа, такім чынам хоць крышачку, але запаволяцца негатыўныя тэндэнцыі беларускага эканамічнага цуда. Бо нам яшчэ шосты транш крэдыту атрымліваць.

 

Але калі не крэдытам, то нечым іншым мы завабім грошы з Расіі. Авіяцыйная расійская база, пра магчымасць стварэння якой казаў расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу, і што абверг Аляксандр Лукашэнка, усё ж будзе ў Беларусі. 6 чэрвеня ў «сінявокую» прыбыла група расійскіх рэкагнасцыроўшчыкаў для выбару аэрадрома для размяшчэння авіябазы.

 

«Як мы і дамаўляліся, ужо ў гэтым годзе з’явіцца авіяцыйная камендатура, а ў бліжэйшы час, мы спадзяемся, з’явяцца і першыя самалёты тут, якія стануць складовай часткай нашай сумеснай авіяцыйнай базы, бо ўсё гэта робіцца па ўзаемнай дамоўленасці і з прычыны неабходнасці стварэння такога падраздзялення на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, гэта прадугле​джвае дапамогу і падтрымку ў развіцці авіяцыі і ўзброеных сіл Міністэрства абароны Беларусі», — заявіў Шайгу ў Мінску.

 

Такім чынам, Шайгу і рыбку з’еў, і на лаву сеў. Аказваецца, авіябаза, супраць якой так пратэставалі беларускія апазіцыянеры, фармальна будзе не расійскай, а «сумеснай». Так бы мовіць, «у падтрымку развіцця» беларускага войска. Але пытанне таго, хто будзе кіраваць «сумеснай» авіябазай і хто зможа аддаваць ёй загады, Шайгу тактоўна абышоў.

 

Тым часам, з падачы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, нейкія змены можа зазнаць і школьная праграма. МНС выступае за вяртанне ў школьную праграму курса «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» (АБЖ) у якасці абавязковага прадмета і ўвя​дзенне па ім заліку ці экзамену. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Уладзімір Рафальскі.

 

Паводле Рафальскага, ініцыятыва МНС была падтрыманая Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі, а Мінадукацыі атрымала даручэнне намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка прапрацаваць гэта пытанне. «Упэўнены, што ў хуткай будучыні АБЖ будзе ўключана ў абавязковую навучальную праграму, і па ім будзе здавацца залік», — сказаў Рафальскі.

 

Паводле яго слоў, нават калі аб’ём курса будзе невялікі, ён «усё роўна вельмі важны» для дзяцей, якіх неабходна навучыць бяспечным паводзінам на вадзе, пры пажары, халадах і іншых надзвычайных сітуацыях. МНС нават гатова аказваць паслугі па навучанні, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы выкладчыкаў курса АБЖ. Паводле слоў Рафальскага, для таго, каб весці гэты прадмет, не абавязкова атрымліваць вышэйшую пажарную адукацыю, і выкладчыку будзе дастаткова тых ведаў, якія ён атрымае цягам максімум чатырохтыднёвых курсаў.

 

А што, неблагая ідэя для працаўладкавання беспрацоўных! Месяц вучыся — і пажыццёва выкладаеш АБЖ! Думаю, у свеце авіябазы трэба такім жа чынам вярнуць і пачатковую ваенную падрыхтоўку. Беспрацоўных — на пару месяцаў на зборы, і хай яны потым навучаюць дзяцей, як збіраць і разбіраць аўтамат Калашнікава. Гэта, а яшчэ асновы хімічнай і радыяцыйнай бяспекі — самае карыснае з таго, што засвоіў аўтар у свой час у школе краіны Саветаў.

 

Пакуль МНС з Саўбезам думаюць, як ускладніць жыццё школьнікам, начальнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Валерый Нафрановіч паведаміў, што ў гэтым годзе ў Мінску пасля працяглага перапынку адноўлена праца летніх працоўных лагераў для падлеткаў.

 

Па яго словах, гэтая форма летніх лагераў для школьнікаў адраджаецца пасля амаль 30-гадовага перапынку і звязана з усталяваннем узроставага цэнзу для накiравання дзяцей у загарадныя аздараўленчыя лагеры — 6–14 гадоў. «Для школьнікаў 15–18 гадоў у гэтым годзе будзе адкрыта 28 лагераў працы і адпачынку, у якія запланавана прыцягнуць 1,5 тысячы дзяцей», — сказаў Нафрановіч.

 

Але самае цікавае, што паведаміў Нафрановіч, гэта тое, што дзеці будуць атрымліваць заробак «у залежнасці ад магчымасцяў прадпрыемстваў і арганізацый».

 

У каго ёсць лішнія грошы зараз? Ды ні ў каго! Такім чынам, спасылаючыся на «магчымасці прадпрыемстваў і арганізацый» дзеткі могуць увогуле свайго заробку не пабачыць. А між іншым, без аплаты дзіцячая праца з’яўляецца прымусовай. А прымусовая дзіцячая праца — парушэнне Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці.

 

Цікава, колькі дзяцей паскардзяцца потым у Камітэт па правах чалавека ААН?

Каментаваць