Цэны застануцца з намі

Памятаеце, Аляксандр Лукашэнка казаў пра «спыненне росту цэнаў для таго, каб людзі маглі годна адсвяткаваць Новы год»? Дык вось, елку ўжо можна выкідаць. Саўмін Беларусі адмяніў пастанову, якой забаранялася павышэнне коштаў.



Саўмін Беларусі адмяніў сваю пастанову №1207 ад 19 снежня 2014 года, якой забаранялася павышэнне коштаў на спажывецкія тавары і прадукты харчавання. Адбылося тое аж 4 красавіка. Нішто сабе Новы год адгулялі.

Бізнес-жудасць

           

Чаго гэтая пастанова каштавала бізнес-супольнасці і рынку, мы пабачылі на свае вочы, бо першапачаткова гэтая пастанова тычылася ўсіх тавараў, нават тых, якія ў краіну завозіліся толькі з-за мяжы.

І адразу ж абазначыўся дэфіцыт імпартнай садавіны і гародніны. Закупляць яе за валюту, асабліва пасля 40-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля, каб потым прадаваць «па старых коштах», стала проста нявыгадна. Таму з паліцаў крамаў пачалі знікаць агуркі і таматы, ківі і бананы. Адгалосак гэтага дакаціўся да намесніцы міністра гандлю Ірыны Наркевіч, якая, калі яе запыталіся, дзе набыць памідоры, параіла журналістам пабегаць «за дэфіцытам» па горадзе, як у савецкія часы.

Наконт імпартных прысмакаў выказаўся нават Аляксандр Лукашэнка, які падчас сваёй вялікай прэс-канферэнцыі 29 студзеня прызнаўся, што бананаў ён не есць. Аднак ужо 3 лютага Мінгандаль сумесна з Мінэканомікай адрэагавалі дазволам падымаць кошты на імпартныя тавары.

Між тым, «імпартны складнік» прысутнічае ва ўсіх таварах, якія ствараюцца ў Беларусі. Найперш, гэта энеграносьбіты — газ і нафта, — якія мы набываем у Расіі. Банальна, нават павышэнне коштаў на бензін адбіваецца на кошце тавару, бо бензін патрэбны, каб давезці тавар да гандлёвых кропак. У гэтым сэнсе ўсе тавары ў нас — «з дамешакам валюты». Аднак кошты ўздымаць — ні-ні.

У выніку Белстат апублікаваў шакуючыя дадзеныя аб фінансавых выніках працы беларускіх кампаній у студзені 2015 года. Чыстыя страты беларускага бізнесу за студзень склалі $3 мільярды. У справаздачу не ўваходзяць банкі, страхавыя і бюджэтныя арганізацыі, а таксама дробны бізнес.

Адпусцілі напалову

Тое, што ўлады зараз скасавалі забарону на рост цэнаў, зусім не азначае, што яны адпушчаныя «ў вольнае плаванне». Найперш, у росце коштаў ёсць вельмі моцны «бюракратычны складнік».

Так, пастанова Саўміна № 1207 ад 19 снежня 2014 года адмененая. Але варта зазначыць, што гэтая пастанова прымалася на аснове ўказа ад 5 снежня 2014 года № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў». Менавіта яго меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў пра «годна адзначыць Новы год».

Між тым, указ №567 дзейнічае — яго ніхто не адмяняў. У гэтых варунках узнікае дваістасць у заканадаўстве, і вытворцы павінны пяць разоў падумаць, хто для іх важнейшы: Саўмін, які адмяніў сваю пастанову, альбо Лукашэнка, калі падпісваў указ.

На гэта празрыста намякнуў прадстаўнік Мінгандлю Павел Філіпаў, каментуючы адмену пастановы Саўміна. «Любое павышэнне цэнаў вытворцам або імпарцёрам павінна быць эканамічна абгрунтаваным. Усе цэны павінны быць канкурэнтаздольныя. Праца вытворцаў і імпарцёраў павінна быць накіраваная на зніжэнне выдаткаў вытворчасці і выдаткаў, звязаных з пастаўкай прадукцыі на спажывецкі рынак», — заявіў Філіпаў.

Ён дадаў, што «суб’екты гаспадарання павінны кіравацца агульнымі падыходамі ў заканадаўстве, якія тычацца цэнавага рэгулявання». А значыць, Мінэканомікі і Мінгандаль будуць і ў далейшым адсочваць «цэнавае рэгуляванне», і прымаць захады да тых, хто гэтае заканадаўства, на іх думку, парушае — аж да спынення працы прадпрыемстваў.

З 5 снежня Міністэрства гандлю спыняла працу 173-х гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку і за парушэнне заканадаўства аб цэнаўтварэнні. То бок, у сярэднім ён «закрываў» тры аб’екты ў два дні.

Што будзе з коштамі?

Нягледзячы на спакусу ўзняць кошты пасля адмены пастановы Саўміна, імклівага падаражання не будзе. Цэны істотна не павысяцца. Гэта звязана не толькі з тым, што Мінгандлю і Мінэканомікі працягнуць сачыць за цэнаўтварэннем. Павышэнню не спрыяе сітуацыя з заробкамі беларусаў, асабліва пасля снежаньскай дэвальвацыі.

Паводле звестак Белстата, у студзені 2015 года сярэдні заробак у Беларусі зафіксаваны на ўзроўні 6 мільёнаў 23 тысячы 213 рублёў. У доларавым эквіваленце сярэдні заробак склаў 418,9 долара ЗША, што на 202,4 долара менш, чым у снежні 2014 года. У лютым, паводле таго ж Белстата, сярэдні заробак узняўся да 6 129 105 рублёў, аднак у доларавым эквіваленце знізіўся на 13 «зялёных» — да 405,9 долара.

А будзе яшчэ горш. Як ужо неаднаразова пісалася, шмат буйных, як казалі ў савецкія часы «горадастваральных» прадпрыемстваў зараз альбо поўнасцю стаяць, як галоўны канвеер МАЗа, альбо працуюць няпоўны працоўны тыдзень. Багата дзе працоўныя ў сувязі з вымушанымі прастоямі атрымліваюць толькі дзве траціны заробку. Адпаведна, заробкі беларусаў, «падкошаныя» дэвальвацыяй, знізіліся яшчэ і ў залежнасці ад прадукцыйнасці працы. Ну якая можа быць прадукцыйнасць, калі завод стаіць?

Дый той заробак, які і так скараціўся, шмат каму не плацяць. Ізноў дадзеныя Белстата: у Беларусі за сакавік пратэрмінаваная запазычанасць па зарплаце вырасла ў параўнанні з лютым на 18,2 мільярда рублёў і на 1 красавіка склала 318,9 мільярда рублёў. Працадаўцы запазычылі заробак больш чым 90 тысячам чалавек у 518 арганізацыях краіны. Прычым, запазычанасцю адзначыліся не толькі традыцыйныя калгасы і саўгасы, але і такія прадпрыемствы, як ААТ «Мёрскі мясакамбінат», ААТ «Завод «ВІЗАС», філіял «Завод «Кранмаш» (Мінск), ЗАТ «Мантажлегмаш» (Мінск), ААТ «Маналітград» (Мінск), ТАА «Мінскі дом вокнаў». А адно з буйнейшых прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў — ААТ «Забудова», — і ўвогуле збанкрутавала.

Так што пакупніцкая здольнасць насельніцтва зараз істотна знізілася. У такіх варунках падымаць цэны не вельмі слушна, бо купляць гэтыя тавары ніхто не будзе. Дай Божа, каб у людзей грошай на ежу хапіла.

Каментаваць