Холад ад дзіравых пагадненняў

У краіне моцна пахаладала. Камунальнікі пачалі падключаць ацяпленне, і гэты працэс адразу ж выклікаў міждзяржаўныя пытанні. Мы ж стварылі ЕАЭС, дык чаму так халодна?! Таму што кошт на газ — «даЕАЭСаўскі»?



Як паведаміў днямі галоўны ад Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас, цана на расійскі газ для Беларусі ў 2015 годзе не будзе моцна адрознівацца ад той, што існуе зараз. То бок, Беларусь будзе купляць у Расіі блакітнае паліва прыкладна па $165 за 1000 кубаметраў. Вось тут і ўзнікла праблема.

Мы ж дамагаліся, каб ў ЕАЭС былі знятыя ўсе выняткі і абмежаванні. Але ўнутраная цана ф’ючэрсаў Расіі на газ на канец лістапада 2014 года складала $131,5. Гэта значыць, за кожную тысячу кубоў газа мы пераплачваем каля $30. Здавалася б, сума невялікая, але калі ўлічыць, што Беларусь набывае ў «Газпрома» каля 21 млрд. кубаметраў газа ў год, то 60 млн. долараў на дарозе не валяюцца. Зразумела, узнікае пытанне: куды глядзіць той самы Румас у ЕЭК і чаму гэтае пытанне, як пытанне нафты, не было прапісана ў пагадненні пра ЕАЭС?

Пакуль нашыя чыноўнікі вылоўліваюць такія дзіркі міждзяржаўных пагадненняў, церпяць, перш за ўсё, грамадзяне, якім даходы не дазваляюць аплачваць камунальныя плацяжы. Улады Мінска ужо пагражаюць адключэннем камунальных паслуг тым, хто за іх запазычыў больш 2-х месяцаў.

«Вырашана ў абавязковым парадку адключаць ад жыллёва-камунальных паслуг тых, хто завінаваціўся за іх больш за два месяцы», — паведаміў гендырэктар дзяржпрадпрыемства «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ) Віталь Смірноў. Паводле яго слоў, такім асобам будзе выстаўляцца апавяшчэнне, пасля атрымання якога на пагашэнне доўгу застанецца 5 дзён. Калі апавяшчэнне будзе праігнараванае, то ў кватэры адключаць альбо святло, альбо ваду, альбо газ.

Па дадзеных МГЖГ, у Мінску налічваецца 26616 даўжнікоў, з якіх 3958 не плацяць на паслугі больш за два месяцы.

З пачатку года ў Мінску зроблена каля 47 тысяч папярэджанняў, праведзена больш за 13 тысяч адключэнняў, у судах разглядаюцца 43 справы аб высяленні з кватэр за даўгі, прынята 13 рашэнняў аб высяленні. Але выканана толькі адно.

Гэтыя пытанні павінны былі паўстаць падчас візіту ў Мінск расійскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева. Але замест таго, каб распавесці пра шляхі вырашэння «газавых праблему», Мядзведзеў завёў сваю любімую песню аб прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. «Па некалькіх праектах мы знаходзімся ў кроку ад прыняцця канчатковага рашэння і падпісання, але рашэнне, вядома, павінен прыняць беларускі бок, таму што гэта рашэнне аб прыватызацыі», — сказаў прэм’ер Мядзведзеў на выніковай прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Лукашэнкам і саюзнага Саўміна.

Ён удакладніў, што мае на ўвазе ўсе кампетэнтныя органы Беларусі (чытай — Лукашэнку), адказныя за гэта пытанне. «Мы лічым, што гэта, безумоўна, у інтарэсах Рэспублікі Беларусь, і калі нашы партнёры хочуць гэта зрабіць, гэта можна зрабіць да канца года», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Ён таксама адзначыў, што, калі рашэнне так і не будзе прынята, то неабходна будзе перагледзець перспектывы супрацоўніцтва. «У кожнага інавацыйнага і тым больш інвестыцыйнага праекта ёсць свой перыяд, на працягу якога ён з'яўляецца цікавым. Я лічу, што час вызначацца. Мы ўжо даволі даўно гэта ўсё абмяркоўваем», — падкрэсліў ён, каментуючы пытанні стварэння СП паміж беларускім МАЗам і расійскім КАМАЗам і супрацоўніцтва ў галіне вытворчасці азотных угнаенняў.

Ужо б чыя карова мычала, Дзмітрый Анатоллевіч! Навошта вам наш МАЗ і «Гродна — Азот», калі вы сваё ўтрымаць не можаце? Для таго, каб Беларусі потым прыходзілася ратаваць вашы структуры?

Вось, напрыклад, быў такі банк — «Масква-Мінск». Добры ці дрэнны, не ведаю. Ён, як і «ВТБ –Беларусь», належаў расійскаму ВТБ, на які з-за Украіны зваліліся санкцыі ЗША і ЕС. З-за праблемаў самога ВТБ, беларускі Нацбанк змушаны зараз выкупіць «Маскву-Мінск», каб не пусціць галяком па вуліцах ягоных укладчыкаў.

Як паведаміла кіраўнік Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова, Нацбанк выкупіць «Маскву-Мінск» у расійскага ВТБ, і паводле яе слоў, рашэнне ўжо прынята.

Размова ідзе менавіта пра ратаванне банку, таму што нашаму Нацбанку гэты «Масква-Мінск», шчыра кажучы, не патрэбны. Ва ўласнасці НБРБ ўжо ёсць адзін банк — «Парытэт», з якім Нацбанк па гэты дзень не ведае, што рабіць, дык навошта яму яшчэ адзін? Аднак санкцыі супраць ВТБ і яго даччыных банкаў, а таксама нежаданне расійскага банка капіталізаваць «Маскву-Мінск» для выканання прудэнцыянальных патрабаванняў рэгулятара, вымусілі Нацбанк разгледзець і зацвердзіць самы непажаданы варыянт — куплю непатрэбнага актыву.

Цікавасць, безумоўна, будзе прадстаўляць і кошт здзелкі. Раней, яшчэ задоўга да санкцый, гучала лічба ў $60 млн. Цяпер жа Нацбанк, з улікам усіх геапалітычных абставінаў, мог выгандляваць больш прыемную для сябе лічбу, збіўшы кошт актыву напалову і, можа, нават больш.

Казаць пра тое, што беларускаму боку тэрмінова патрэбныя грошы, якія няма дзе ўзяць, акрамя прыватызацыі, таксама не выпадае. Прынамсі, прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч абвясціў, што краіна зноў чакае місію Міжнароднага валютнага фонду. Аднак гэтым разам, спадзяецца кіраўнік урада, місія будзе не «нагляднай», а адмысловай. «Мы ставім задачу, каб прыехала група з пэўнымі паўнамоцтвамі, каб гэта былі не проста эксперты, а людзі, здольныя прыняць рашэнне на прадмет разгляду падрыхтоўкі новай праграмы для Беларусі», — заявіў Міхаіл Уладзіміравіч.

Як ні дзіўна, чакаючы крэдытную місію, Мясніковіч зусім не чакае ад яе крэдытаў. «Нам не столькі патрэбныя сродкі, хоць і яны не лішнія... Але гэта важна з пункту гледжання падачы пазітыўнага сігналу прыватным інвестарам», — сказаў Мясніковіч.

Як казачна там у іх у Саўміне ўсё складаецца: варта МВФ сказаць «крэдыт», і ля беларускай мяжы збяруцца чэргі інвестараў! І тут мы ўжо сапраўды, абыдземся і без Расіі, і без прыватызацыі.

Каментаваць