Хопіць бачыць у бізнесе дойную карову

Сёння Лукашэнка мае намер сустрэцца з прадпрымальнікамі, з якімі не размаўляў дзесяць гадоў. Бізнес-асацыяцыі гатовыя разам з уладамі працаваць над эканамічнымі рэформамі. Але ці атрымаецца дыялог?



Фота businesspskov.ru


Бізнес — закладнік супярэчлівых дзеянняў уладаў


Даследаванне, праведзенае ў рамках праекта «Рэфорум», які рэалізуе Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) у падтрымку Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі, паказала, што прадпрымальнікі адзначаюць неабходнасць правядзення ў краіне рэформаў.
 

Больш за 70% апытаных прадпрымальнікаў выступаюць за правядзенне рэформаў, 71% з іх зацікаўлены ў зніжэнні падатковай нагрузкі, амаль 60% жадаюць роўнай канкурэнцыі паміж прыватным і дзяржаўным сектарам, 41% выказаліся за правядзенне прыватызацыі.


Свае прапановы па рэфармаванні прадстаўнікі бізнесу выказалі ў Нацыянальнай платформе бізнесу Беларусі. Падчас яе абмеркавання на XVI Асамблеі дзелавых колаў адзначалася, што ў 2014-м і пачатку 2015 года беларускі бізнес «стаў закладнікам надзвычай складаных знешніх абставінаў і супярэчлівых дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання». Непаслядоўныя крокі насустрач бізнесу не змаглі нейтралізаваць фінансавы і валютны ўдар у канцы снежня 2014 года.
 

Пры гэтым прадстаўнікі бізнес-асацыяцый прызнаюць, што вырашыць праблемы, якія склаліся ў эканоміцы, толькі з дапамогай заканадаўчых актаў не атрымаецца.
 

Добрыя законы, накіраваныя на развіццё эканомікі, практычна не дзейнічаюць. Патрэбныя зрухі ў іх рэалізацыі, — тлумачыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.
 

У ідэале, на думку лідара прадпрымальнікаў, Беларусь павінна прыйсці да збалансаванай эканомікі, арыентаванай на захаванне экалогіі. І пачынаць будаваць такую эканоміку давядзецца з нуля.


Праводзіць рэфармаванне Маргелаў раіць з улікам параметрам развіцця малога і сярэдняга бізнесу, які з'яўляецца асновай прыватнага прадпрымальніцтва.
 

Намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч згодна з тым, што прадпрымальніцтва — ключавы рухавік у эканамічным росце Беларусі. Паводле яе слоў, Мінэканомікі пры падтрымцы Сусветнага банка распрацоўвае «стратэгію развіцця малога і сярэдняга бізнесу», і гэты дакумент «стане паслядоўным этапам лібералізацыі эканамічных адносін у краіне».
 

— Я хачу, каб вы разумелі: улада і бізнес у адной лодцы, але сёння, цяпер і заўтра веславаць трэба ў 2 разы хутчэй і ў 3 разы больш актыўна», — заклікала прадпрымальнікаў намеснік міністра ў сваім выступе на Асамблеі дзелавых колаў.
 

Старшыня Клуба фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін лічыць, што сутнасць цяперашніх праблемаў эканомікі Беларусі не ў знешніх фактарах і не ў тым, што прадпрымальнікі дрэнна працавалі.
 

Праблема ў тым, што ў дзяржавы звярстаны бюджэт, а бізнес недацягвае па ўнясенню даходаў у казну, — заявіў эксперт, выступаючы на асамблеі. — Нашы ўзаемаадносіны з дзяржавай павінны заключацца не ў тым, колькі падаткаплацельшчыкі яшчэ павінны дзяржаве, а ў дыялогу: «Дарагая дзяржава, можа, ты марнуеш больш, чым мы можам табе даць?»

 

Аб пратэкцыянізме ў перакручанай форме і НЭПе на новы лад
 

У той жа час больш за палову апытаных бізнесмэнаў лічаць малаэфектыўным узаемадзеянне ўладаў і прадпрымальнікаў.
 

— Вялізны песімізм прыкметны сярод многіх лідараў бізнес-асацыяцый, якія кажуць, што ўрад імі карыстаецца, і вынікі «ўзаемадзеяння» накіроўваюцца супраць прадпрымальніцтва. Пакуль мы не наладзім рэальнае выніковае канструктыўнае ўзаемадзеянне, нічога не зменіцца ў лепшы бок, — упэўнены Віктар Маргелаў.
 

Выступаючы на Асамблеі, кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец заявіў пра «дзяржаўны пратэкцыянізм у перакручаных формах» і прывёў прыклад:
 

— Нядаўна зацвердзілі Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2015 год. Але інфармацыя пра тое, хто аказаўся тымі шчасліўчыкамі-інвестарамі, аказалася інфармацыяй для службовага карыстання. Бізнес (беларускі і замежны) павінен разумець, што вось з гэтымі кампаніямі складана будзе канкураваць, таму што ў іх ёсць дзяржпадтрымка.
 

Кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі заклікаў «абноўлены склад урада» ў бліжэйшы час «распрацаваць і пачаць рэалізоўваць новую эканамічную палітыку», каб не даводзіць эканоміку краіны да калапсу, які быў у 20-х гадах мінулага стагоддзя.


На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, цяпер усё ідзе да таго, што праблемы рэальнага рынку прывядуць да адтоку капіталу, што яшчэ больш узмоцніць ціск на эканоміку Беларусі.
 

— Каб усталяваць давер, патрэбен паўнавартасны дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю і органамі дзяржкіравання, патрэбна празрыстая і зразумелая народу сістэма прыняцця рашэнняў і ўключэнне ўсіх стэйкхолдэраў у гэты працэс. Найбольш эфектыўнай атрымаецца праца, калі ўрад будзе прыцягваць не толькі бізнес, але і экспертная супольнасць з грамадскімі арганізацыямі, — упэўнены Яраслаў Раманчук.
 

Асноўная надзея бізнесу — на праект Стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва і праект Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 2016-2020 гады.


Прадпрымальнікі гатовыя цесна працаваць з урадам, каб распрацаваць эфектыўныя крокі і прадумаць, як іх ажыццявіць.
 

— Улады і бізнес сумесна павінны распрацаваць канструктыўную праграму, у рэалізацыі якой будуць зацікаўлены абодва бакі. І потым развіваць яе рынкавымі метадамі, — тлумачыць Віктар Маргелаў.
 

Асноўнымі выклікамі ў бягучым годзе, па прагнозах эканамістаў і бізнес-саюзаў, стане пошук крыніц даступнага пазыковага капіталу і інвестыцый, ліквідацыя адміністрацыйных бар'ераў фарміравання свабодных цэн, зніжэнне падатковай нагрузкі, удзел беларускіх прадпрымальнікаў у адкрытай прыватызацыі і структурных рэформах.

zautra.by

Пераклад НЧ

Каментаваць