Хто банкруціць «Гарызонт»?

Праблемы спасціглі флагманаў беларускай індустрыі. «Гарызонт» пераведзены на чатырохдзённы працоўны тыдзень, там звольнена больш за сто чалавек. На МАЗе таксама ўведзеная «чатырохдзёнка», пра звальненні пакуль што не паведамляецца.

Праблемы на «Гарызонце» пачаліся некалькі месяцаў таму. А ў пачатку сакавіка ў некаторых цэхах быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. У прыватнасці, гэта закранула цэхі па зборцы тэлевізараў. Пятніца была абвешчаная выходным днём, а чатыры працоўныя дні перанеслі на восень. У красавіку сітуацыя пагоршылася. Пагаршаецца яна таму, што своечасова не пастаўленыя камплектуючыя па зборцы тэлевізараў.
Адначасова з «Гарызонтам» праблемы мае яшчэ адно прадпрыемства холдынгу — завод «Беліта». Але ў адрозненне ад галоўнага завода электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт», тут пайшлі па іншым шляху. Частка працоўных перавялі на ўчастак тэхнічных сурвэтак, хтосьці быў накіраваны ў склад гаспадарчай групы, а хтосьці сышоў у працоўны адпачынак.
Праблемы ж на МАЗе звязаныя з тым, што з-за адсутнасці попыту на аўтатэхніку МАЗ знізілася пакупніцкая актыўнасць на расійскім і міжнародным рынках, што пацягнула за сабой павелічэнне запасаў аўтамабіляў і прычапной тэхнікі. З улікам удакладнення аб’ёмаў вытворчасці і з мэтай рацыянальнага выкарыстання працоўных, матэрыяльных і паліўна-энергетычных рэсурсаў было вырашана перайсці на «чатырохдзёнку».
Такое становішча беларускіх прадпрыемстваў выклікае здзіўленне. Хаця б таму, што, згодна дадзеным з саміх прадпрыемстваў, яны з’яўляюцца прыбытковымі. МАЗ па выніках студзеня-верасня 2012 года павялічыў чысты прыбытак у 1,6 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года — да 1,106 трыльёна беларускіх рублёў. Пра гэта сведчаць дадзеныя справаздачы дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Беларусі аб выніках дзейнасці ААТ за тры квартала мінулага года.
Дадзеныя па «Гарызонту» больш свежыя. Чысты прыбытак холдынгу «Гарызонт» па выніках 2012 года склаў 10,5 мільярда беларускіх рублёў. Такія звесткі апублікаваныя 5 красавіка ў справаздачы ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт» аб прыбытках і стратах. Нават у крызісным 2011 годзе чысты прыбытак кампаніі склаўся ў памеры 731 мільён рублёў. Гэтым мала хто можа пахваліцца.
Прафсаюзны дзеяч Аляксандр Бухвостаў кажа, што праблемы на МАЗе ўзніклі, пэўна, напярэдадні стварэння холдынгу з расійскім КАМАЗам. Па ягоных словах, няўпэўненасць у будучыні і стварыла «псіхалагічны фон» для такога крызісу.
Паводле прагнозаў Бухвостава, хуткі крызіс, аналагічны МАЗаўскаму, адчуюць і прадпрыемствы па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, напрыклад, «Гомсельмаш». Гэта таксама будзе звязана са скарачэннем закупак прадукцыі.
Што ж тычыцца «Гарызонту», то Бухвостаў адзначыў, што ўся нашая радыёэлектронная прамысловасць «альбо памерла, альбо знаходзіцца ў занядбаным стане».
Але ж гэта ўваходзіць у супярэчнасць з лічбамі прыбытку. На што Бухвостаў адказвае: і «Гарызонт», і МАЗ з’яўляюцца датацыйнымі прадпрыемствамі, якія кантралююцца дзяржавай і маюць дзяржаўныя прэферэнцыі. Таму б ён асабліва такім «нярынкавым» лічбам не давяраў бы.
«Перспектываў у «Гарызонта» няма. Хто будзе купляць тэлевізар «Гарызонт», калі за тую ж суму, калі не танней, можна ўзяць Samsung ці Sony?» — запытваецца Бухвостаў. І кажа, што «Гарызонту» ў свой час трэба было ўбудавацца ў транснацыянальны канцэрн, напрыклад, той жа Samsung. Так паступілі заводы Расіі, не трымаючыся за сваю марку, і зараз няблага сябе адчуваюць.
Але менавіта магчымасць скупкі прадпрыемстваў у гэтай сітуацыі павінна хваляваць больш за ўсё. Пра холдынг «МАЗ — КАМАЗ» усё амаль вырашана. Але не да канца. Тое ж самае можа адбыцца і з «Гарызонтам». Бо насамрэч гэта — патэнцыйна багатае прадпрыемства.
Што тычыцца ўзгаданых Бухвоставым Samsung ці Sony, то хутка ім будзе «перакрыты венціль» у такі буйны рынак, як Расія. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі ў сакавіку прыняў рашэнне падняць стаўкі ўвазных пошлін на асобныя віды тэлевізараў да 16% ад іх мытнага кошту. У лік трапіўшых пад павышэнне прылад уваходзяць, у прыватнасці, плазменныя і вадкакрышталічныя тэлевізары, якія ўключаюць у сябе «вiдэазапiсвальную i вiдэаўзнаўляльную апаратуру». Для іх дзеючая стаўка складала 10%, а будзе 16%. Адначасова з 15% да 16% павышаецца стаўка для вадкакрышталічных тэлевізараў без функцыі відэазапісу. Пры гэтым для плазменных тэлевізараў без відэазапісу стаўка захаваецца на ўзроўні 15%.
Такім чынам, «Гарызонт» будзе мець прэферэнцыі на расійскім рынку амаль год — да жніўня 2014 года, калі Расіі давядзецца знізіць пошліны да 13,3% у адпаведнасці з патрабаваннямі Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
У выніку — трэба шукаць тых, каму выгадныя праблемы беларускіх прадпрыемстваў. А выгадныя яны найперш тым, хто плануе «захапаць» беларускія прадпрыемствы.
Нагадаем, у адносінах МАЗа — гэта КАМАЗ, які зацікаўлены ў паніжэнні кошту беларускага прадпрыемства. Дзеля гэтага Расія можа і пачакаць з закупамі беларускай аўтатэхнікі. Калі прагноз Бухвостава спраўдзіцца ў дачыненні да «Гомсельмаша», то неўзабаве ўзгадаюць агучаную ў сярэдзіне 2012 года ініцыятыву па стварэнні холдынгу «Ростсельмаша» і «Гомсельмаша». Што тычыцца «Гарызонту», то пакуль прапановаў аб стварэнні нейкага адзінага холдынгу з расійскімі прадпрыемствамі не было. Але гэта не значыць, што «Гарызонт» немагчыма прадаць альбо купіць.
Свядомае банкруцтва паглынаемых прадпрыемстваў — нярэдкая, і, можна сказаць, звычайная практыка ў Расіі. Таму менеджменту прадпрыемстваў і дзяржаве трэба было б вельмі пільна ўглядзецца ў тое, хто стварыў умовы для крызісу на прадпрыемствах і хто мае намер іх «прыхватызаваць» бліжэйшым часам. А там, можа, мы і пабачым таго, хто вінаваты ў крызісе.
 

Каментаваць