Хто даў, той і забярэ

Тэма затрымання аднаго з самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі амаль адразу стала топавай. Асабліва пасля таго, як з’явілася навіна пра затрыманне аднаго з яго сяброў, гендырэктара групы кампаній «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна. Дасведчаныя людзі кажуць, што затрыманні працягнуцца.



Фота president.gov.by


Зноў версіі

Не ведаючы ўсіх складнікаў, не валодаючы інсайдарскай інфармацыяй, можна толькі выбудоўваць версіі, якія з рознай доляй верагоднасці будуць адпавядаць рэчаіснасці. А з улікам фантастычных расповедаў КДБ пра ўцёкі да мяжы, можна сказаць: пра дакладныя прычыны апалы Чыжа і кампаніі мы даведаемся ці пасля змены рэжыму, ці, магчыма, ніколі. Хаця пра штосьці зможам здагадацца, калі гэта справа дойдзе да суда (ці не дойдзе).

Свае версіі ўжо выказалі Аляксандр Фядута, Анатоль Лябедзька, Андрэй Клімаў і яшчэ шмат палітыкаў, аналітыкаў і экспертаў. Можна дадаць яшчэ і фантастычную — пра палацавы пераварот.

Час ад часу з’яўляюцца чуткі пра тое, што ў нетрах апарату рыхтуецца змена ўлады. Маўляў, уплывовым чыноўнікам, звязаным з буйным бізнесам, надакучыла хадзіць па лязе, і яны рыхтуюць глебу для замены непрадказальнага Лукашэнкі на свайго стаўленіка. Гэтыя чуткі асабліва актыўна ўсплываюць тады, калі фінансавае і эканамічнае становішча краіны рэзка пагаршаецца і вярхоўная ўлада пачынае шукаць адказных.

Можна колькі заўгодна выказваць аргументы за і супраць самога факту існавання чыноўніцкай змовы, але і цалкам адмаўляцца ад гэтай версіі ў сувязі з затрыманнем буйных бізнесоўцаў не варта.

Напрыклад, з улікам таго, што апошнім часам кантакты Чыжа з буйным расійскім бізнесам і чыноўніцтвам сталі больш шчыльнымі. Можна выказаць здагадку, што група беларускіх алігархаў пры падтрымцы Расіі вырашыла правесці змену ўлады. Магчыма, спачатку актыўна скарыстаўшы парламенцкія выбары. Аднак верагодныя і больш радыкальныя варыянты. Гэта версія можа часткова патлумачыць, чаму Чыжом займаецца менавіта КДБ.

Ці мае версія права на існаванне? Безумоўна, як і ўсе. Ці апраўдаецца яна? Хто ведае. Можа, праз пэўны час КДБ раскажа нам пра вялікую змову ворагаў народа, якія хацелі зрынуць законную ўладу, і для гэтага перадавалі сакрэтную інфармацыю праз сховішчы на літоўскай і расійскай мяжы.

Так ці інакш, хутчэй за ўсё, затрыманні буйных бізнесоўцаў працягнуцца. Магчыма, паляцяць галовы і чыноўнікаў, якія іх лабіруюць. Чым усё гэта скончыцца, прагназаваць цяжка. Дакладна можна толькі сказаць: нам з вамі лепей не будзе.

Толькі факты

Пакуль жа прапануем нашым чытачам паглыбіцца ў некаторыя факты з біяграфіі таго, каго яшчэ нядаўна называлі гаманцом Лукашэнкі.

Юрый Чыж нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1980 годзе адправіўся ў Мінск, дзе паступіў у ВНУ. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага ўніверсітэта Юрый Чыж быў размеркаваны на Мінскі трактарны завод. Цягам наступных сямі гадоў па кар’ернай лесвіцы дайшоў да пасады начальніка энергаслужбы корпусу.

Пасля развалу СССР Чыж пачаў угаворваць кіраўніцтва прадпрыемства пераарыентавацца на выпуск новых тавараў, якія будуць мець рэальны попыт і, як вынік, прынясуць прыбытак у заводскую казну. Аднак яго не зразумелі, і Чыж напісаў заяву на звальненне. Пасля гэтага, як і многія, Юрый Чыж заняўся бізнесам.

Па яго словах, першы капітал ён зарабіў на пасярэдніцкай дзейнасці, аптовым гандлі і грузаперавозках. Гэтыя сродкі былі ўкладзеныя ў вытворчасць пластыкавых вокнаў і газаваных напояў. Той, хто памятае ўзлёты і падзенні бізнесоўцаў таго часу, адразу ўзгадае так званыя «камсамольскія грошы», якія, думаецца, згулялі сваю ролю ў бізнесе Чыжа.

Гісторыя «Трайпла» вядзецца з 1992 года, у 1994 годзе пачаўся выпуск шклопакетаў і вады «Акватрайпл». Вытворчасць прыносіла адчувальныя даходы. Кампанія Чыжа разрасталася. Самым буйным праектам таго часу стаў удзел у будаўніцтве Цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Узвядзенне вакзала пачалося ў 1995 годзе і расцягнулася з-за праблем з фінансаваннем на 6 гадоў. «Трайпл» (пазней гэта падраздзяленне стане кампаніяй «Трайпл-тэхна») ва ўпартай барацьбе тады стаў пераможцам тэндэру, арганізаванага Будтрэстам № 7, на пастаўку шклопакетаў.

Ад 1997 года рост фірмаў Чыжа пачаў набываць буйныя маштабы: рэстаранны (у тым ліку «Ракаўскі бровар») і забаўляльны бізнес, будаўніцтва, гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, фармакалогія, вялікі спорт (яму належыць футбольны клуб «Дынама» і гарналыжны комплекс «Лагойск»).

У шырокіх колах пра Чыжа загаварылі ў 1999 годзе. Менавіта ў гэтым годзе генеральны дырэктар Вытворча-камерцыйнай фірмы «Трайпл» быў уключаны ўказам прэзідэнта ў самы першы ў гісторыі краіны Савет па развіцці прадпрымальніцтва. Пасля маштабнай чысткі 1996–1997 гадоў шэрагі бізнесу ў Беларусі істотна парадзелі, і ўладам спатрэбілася пляцоўка хоць для нейкага дыялогу. Створаную «ў мэтах аказання комплекснай дзяржаўнай падтрымкі развіццю суб’ектаў гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці» структуру ўзначаліла Таццяна Быкава, а Чыж стаў яе адзіным намеснікам. У гэтым жа годзе Юрыю Чыжу даверылі футбольны клуб «Дынама-Мінск».

Пасля самай маштабнай чысткі бізнесу пасля выбараў 2001 года Чыж заняў месца старых гульцоў «Юколы», «Юрымекса», «Швебелы» і інш. Чыж стаў займацца пастаўкамі ў Беларусь нафты і рэалізацыяй нафтапрадуктаў унутры краіны і на экспарт.

Калі лепшыя нафтавыя гады скончыліся, пачаліся іншыя праекты — уласныя АЗС, пастаўка біяпаліва ва Украіну і ЕС (для гэтага быў набыты завод у Латвіі), пад выглядам растваральнікаў — бензіну ў Еўропу. Пікам у развіцці гэтага бізнесу магла стаць рэалізацыя кантракта ў сярэдзіне 2012 года з «Башнафтай», якой тады валодаў Уладзімір Еўтушэнкаў. Дакументам прадугледжваўся экспарт беларускай кампаніяй за мяжу нафтапрадуктаў на суму 4,36 мільярда долараў. Але з-за уведзеных у гэтым жа годзе супраць Чыжа і «Трайпла» санкцый Еўрасаюза кантракт застаўся на паперы.

Чыж стаў не проста набліжаным, а вельмі набліжаным да ўлады. Ён стаў нават партнёрам па хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Ён жыў побач з кіраўніком Беларусі, касіў з ім траву, збіраў кавуны, гутарыў з Колем.

Юрый Чыж удзельнічаў практычна ва ўсіх праектах гэтай улады: ад камерцыйнай забудовы Мінска да растваральна-разбаўляльных схем. Яму аднаму са свету бізнесу фактычна перадалі ў вотчыну родную вёску з трыма сотнямі гектараў наваколля.

Ён быў вышэйшы за Мінкульт, па яго слову зносіліся гістарычныя помнікі. І вышэйшы за Мінфін, бо меў доступ да самых льготных крэдытных ліній. Ён падпісваў шматмільярдныя кантракты, партнёрамі ў яго праектах былі не менш за пяць фігурантаў сусветнага спісу мільярдэраў Forbes.

Не так даўно высветлілася, што ў «Трайпле» ёсць доля вядомых расійскіх бізнесоўцаў. Іосіф Аксенцьеў і Міхаіл Маміяшвілі маюць па 16,75% у бізнесе Чыжа. Аксенцьеў (ён жа — Анзор Кікалішвілі) — вядомы дзеяч у свеце расійскага шоў-бізнесу і палітыкі. Некаторыя СМІ называлі яго «хросным бацькам рускай мафіі». Маміяшвілі — чэмпіён Алімпіяды–1988 і шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па грэка-рымскай барацьбе. Цяпер ён узначальвае Федэрацыю спартовай барацьбы Расіі.

Добрыя сувязі ў Юрыя Чыжа ёсць і ў Казахстане. Ганаровым консулам Беларусі ў Алматы з’яўляецца Даўлет Турлыханаў — раней выбітны змагар, а цяпер буйны бізнесовец, якому належыць завод, дзе збіраюць беларускія трактары. Кажуць, Чыж падарыў свайму калегу на 50-гадовы юбілей шчодры падарунак. Сябруе Юрый Чыж і з яшчэ адным бізнесоўцам-спартоўцам, Кайратам Баранбаевым, які з’яўляецца ўладальнікам франшызы McDonald’s у Беларусі.

Пра бізнес і сувязі Юрыя Чыжа можна пісаць яшчэ шмат. Вось толькі ці дапамогуць уплывовыя сябры і вялікія грошы пазбегнуць турэмных кратаў? Пабачым.

Шкада — не шкада

Пасля затрымання Юрыя Чыжа можна было прачытаць шмат шкадаванняў на гэты конт. Маўляў, чалавек быў добры. Грошай не шкадаваў. Царкву аднаўляў, на лячэнне шмат каму ахвяраваў, увогуле шмат каго падтрымліваў. Не буду спрачацца. Як чалавека, можа і шкада.

Але Юрый Чыж перастаў быў проста чалавекам, калі заплаціў свой першы буйны адкат і захацеў чагосьці больш, чым хлеб з маслам, калі пайшоў на згоду з сумленнем і паціскаў рукі тым, хто фактычна рабіў з яго алігарха. Ён проста забыўся, што гэтыя рукі не толькі даюць, але і кайданкі чапляюць.

На што спадзяваўся Юрый Чыж, калі ўваходзіў у кола набліжаных? На тое, што ён самы разумны і здолее ўсё спрагназаваць? Што ён такі харошы, яго няма за што пасадзіць? Што ў яго такія патроны, якія ад усяго абароняць? Магчыма.

А магчыма, ведаў, як можа быць, але спадзяваўся праскочыць.

Таму алігарха Юрыя Чыжа мне не шкада. Трэба было лепш вучыць гісторыю ў школе.

Каментаваць