Ці падвысяць беларусам зноў пенсійны ўзрост?

Без якой рэформы пенсіянеры не змогуць жыць годна.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) рэкамендуе беларускім уладам працягнуць пенсійныя рэформы. Адна з прапаноў — павышэнне пенсійннага ўзросту да 65 гадоў: як для мужчын, так і для жанчын.

Ці вырашыць гэта праблему напаўняльнасці пенсійнага фонду?

Паплыка: Пенсійную рэформу нельга правесці кавалерыйскім наскокам

Калі павысіць падаткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, гэта пагражае зніжэннем канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў. Калі значна знізіць памер і без таго невысокіх пенсій, большасць пенсіянераў апынецца за мяжой беднасці. Выходзіць, адзінае выйсце — далейшае павышэнне ўзросту выхаду на пенсію?

— Так, можна яшчэ крыху пасунуць пенсійны ўзрост. Але гэта часовая мера. Праз некаторы час на выплату пенсій зноў не будзе хапаць сродкаў, — лічыць эканаміст Уладзімір Паплыка.

Калі не праводзіць маштабную рэформу.

Пытанне аб працягу рэформаў, на думку эксперта, падымаецца, паколькі пенсійны фонд мае пэўны дэфіцыт сродкаў. Насельніцтва старэе, выплаты з кожным годам узрастаюць, эканоміка знаходзіцца не ў лепшым стане і напаўняльнасць пенсійнага фонду скарачаецца.

Каб разруліць сітуацыю і зрабіць перадышку, кіраўніцтва краіны прыняло нядаўна рашэнне аб паэтапным павелічэнні пенсійнага ўзросту да 63 гадоў для мужчын і да 58 гадоў для жанчын. Гэта дазваляе паменшыць выплаты і дэфіцыт пенсійнага фонду. Але галоўную праблему гэта не вырашыла, — адзначае эксперт.

На яго думку, у Беларусі неабходна ўкараняць назапашвальныя механізмы, калі працуючы грамадзянін будзе рэгулярна ўносіць на разліковы рахунак пэўную суму грошай, якая будзе захавана да яго выхаду на пенсію.

Зрэшты, запускаць назапашвальную сістэму можна толькі тады, калі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва будзе ў прафіцыце, паколькі гэты доўгатэрміновы праект можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Рэалізаваць ідэю назапашвальнай сістэмы атрымаецца толькі ў тым выпадку, калі эканоміка будзе стабільнай: доўгатэрміновыя назапашванні маюць сэнс толькі пры нізкай інфляцыі.

Для назапашвальнай сістэмы трэба будзе развіваць фінансавы і фондавы рынак. І гэта запатрабуе правядзення іншых эканамічных рэформаў.

Рэформа пенсійнага забеспячэння адносіцца да ліку структурных. Яе нельга правесці кавалерыйскім наскокам. Раз МВФ прапаноўвае крэдыт, напэўна, уладам давядзецца ісці на нейкія крокі, — мяркуе Уладзімір Паплыка.

Фядыніч: Усе свае прамашкі і недахопы ўлады папаўняюць за кошт народа

Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч лічыць, што павялічваць пенсійны ўзрост не варта.

— Як не было такой неабходнасці і для павышэння да 58 і 63 гадоў. Улады, мяркуючы па ўсім, гатовыя бяздумна выканаць умовы МВФ, каб атрымаць крэдыт для часовага вырашэння праблем. А варта было б правесці маніторынг і высветліць, які працэнт насельніцтва не дажыў (не дажыве) да пенсіі пасля яе павышэння, — адзначае прафсаюзны лідэр.

Ён звяртае ўвагу на тое, што пры цяперашніх цэнах беларусы атрымліваюць сярэднюю пенсію крыху больш за 100 еўра.

Эксперт лічыць, што сярэдняя пенсія ў нашай краіне павінна быць у некалькі разоў вышэй.

— Трэба, каб пры выхадзе на заслужаны адпачынак беларус годна сябе адчуваў, а не думаў, як выжываць, — кажа старшыня РЭП.

Паводле яго слоў, у апошні час усе свае прамашкі і недахопы ўлады папаўняюць за кошт народа.

— Так і з пенсіямі: замест таго, каб накіраваць усе намаганні на ўдасканаленне работы эканомікі, яны думаюць аб павышэнні пенсійнага ўзросту, — падкрэслівае Генадзь Фядыніч.

Дарэчы, большасць пенсіянераў не ведаюць, як разлічваецца іх пенсія. Працоўны беларус, накіроўваючы ўласнаручна ў сістэму толькі 1% ​​з 35% адлічэнняў з яго заробку, не задумваецца, куды і як гэтыя сродкі будуць выдаткаваныя. А той, хто задаецца гэтым пытаннем, не можа прасачыць шлях адлічэнняў ад яго кампаніі да размеркавальнай арганізацыі і далей.

Прыхаваная сістэма разлікаў, вялікая колькасць заканадаўчых актаў і бюракратыя не дазваляюць беларусу палічыць, на якую пенсію ён зможа разлічваць.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Каментаваць