Ці пазбаўляцца еўра?

Апошнім часам амерыканскі долар узмацняецца адносна да іншых валют. Еўра да долара здаў свае пазіцыі (долар падаражэў менш чым за месяц з 1,16 да 1,06 за адну еўрапейскую грашовую адзінку). Ці захаваецца такі трэнд надалей? Ці варта пазбаўляцца ад еўра і набываць долары? «Новы Час» звярнуўся з гэтым пытаннем да экспертаў.



Фота з сайта www.profi-forex.org


Фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха мяркуе, што з’явілася рызыка стымулявання росту інфляцыі ў Еўрапейскім саюзе, прынамсі, у еўразоне да 2 адсоткаў. Тут, ад сябе адзначым, праблема ў тым, што ў некаторых еўрапейскіх краінах мае месца нават дэфляцыя, якая пагражае эканамічнаму развіццю і стварае сур’ёзныя праблемы для бізнесу і эканомік гэтых краінаў.

Але, працягвае эксперт, у гэтым плане не варта чакаць нечага надзвычайнага. «Так, еўра крыху панізіўся і каціруецца на ўзроўні 1,063 да долара. Але, калі нават здарыцца парытэт гэтых валют, то гэта ненадоўга. Вельмі слабы еўра не выгадны нават амерыканцам, бо гэта абмяжоўвае экспарт амерыканскай прадукцыі ды паслугаў у Еўропу», — звяртае ўвагу аналітык. Таму Федэральная рэзервовая служба ЗША будзе рабіць адпаведныя сустрэчныя захады.

Па словах эканаміста, для яго нават не стала б сюрпрызам, калі б ФРС ЗША запусціла чарговы раунд «праграмы эканамічнага змякчэння», то бок, эмісію, але ў своеасаблівай форме. Напрыклад, праз набыццё каштоўных папераў на другасным рынку пад эгідай стымулявання эканамічнага росту.

«Заўжды трэба разумець, што наяўнасць еўра ў структуры зберажэнняў варта разглядаць як элемент дыверсіфікацыі валютных захоўванняў. Я б цяпер узяў бы нейкую паўзу, калі гаворка ідзе пра доўгатэрміновыя зберажэнні. Я не думаю, што сітуацыя прывядзе да пары «долар-еўра» па курсе 1:1. Нават калі на нейкі такі курс усталюецца, то гэта ўсё роўна будзе  кароткатэрміновы лакальны адрэзак, тым больш, і ў амерыканскай эканоміцы зараз не ўсё так добра. Назіраюцца прыкметы неадназначнай эканамічнай сітуацыі. То бок, калі вас цікавяць доўгатэрміновыя зберажэнні, то мае сэнс заставацца ў еўра, а не пераводзіць іх у долары», — запэўнівае Аляксандр Муха.

Паводле ягоных словаў, сур’ёзны кансерватыўны інвестар даволі спакойна пазірае на такія кароткатэрміновыя хістанні абменных курсаў, а каб быць прафесійным «спекулянтам», інакш кажучы, тэхнікам рынку FOREX, трэба валодаць адмысловымі ведамі, адпаведнай практыкай. Тут яшчэ шмат што залежыць і ад тэрмінаў зберажэнняў, кажа Аляксандр Муха.

«Калі вы з’яўляецеся звычайнымі грамадзянамі, якія ходзяць у звычайныя абменнікі ці касы банкаў, і збіраецеся ганяць туды-сюды сумы ў доларах і еўра, я заклікаю вас паглядзець курсы канвертацыі (крос-курсы), таму што банкі сябе не крыўдзяць у гэтым плане. Банкі закладаюць пэўны спрэд, які можа сягаць 2–2,5%. То бок, калі вы, умоўна кажучы, прыйдзеце набываць еўра за долары, а потым рабіць адваротную аперацыю, напрыклад, цягам аднаго дня ці нават адной гадзіны, то вы два ці больш адсоткі проста падорыце банку. Таму тут бы я заклікаў быць вельмі акуратнымі, і, калі вы ўсё ж жадаеце канвертаваць еўра ў долары, то вам трэба кіравацца перш за ўсё доўгатэрміновымі інтарэсамі», — раіць эксперт.

У сваю чаргу, эканаміст Леў Марголін таксама адзначае, што зніжэнне курса еўра ў адносінах да долара ёсць кароткатэрміновай з’явай. «Я думаю, што гэта ўжо найніжэйшы ўзровень, і больш еўра падаць не будзе. А калі і будзе, то вельмі не істотна. Таму пазбаўляцца ад еўра тым, хто іх мае, няма ніякага сэнсу», — лічыць суразмоўца.

На ягоную думку, цяперашняе падзенне еўра мае кан’юнктурны і нават палітычны характар. «Гэта звязана і з тэрарыстычнымі актамі, і з нявызначанасцю палітыкі Еўрапейскага саюза і NАТО ў дачыненнях з Блізкім Усходам. Пройдзе пэўны час, і я не хачу сказаць, што еўра вернецца на тыя рубяжы, якія гэта валюта займала некалькі гадоў таму (1,3–1,4 долара за еўра), але ў любым выпадку еўра да долара будзе расці. Таму ніякага сэнсу пазбаўляцца ад еўра зараз няма», — перакананы Марголін.

Каментаваць