Ці ведаюць яны?

Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам пачаўшайся  прэзідэнцкай кампаніі. Хутка прэтэндэнты ў прэзідэнты пачнуць абяцаць нам лепшае жыццё. Але, верагодна, большасць з прэтэндэнтаў не ведаюць, ва што ўступілі.



Ужо складана спрачацца з тым, што краіна знаходзіцца ў крызісе. Калісьці, года паўтара таму, на маё пытанне пра крызіс эканаміст Леанід Заіка адказваў: «Які крызіс, калі ВУП расце!» Зараз ВУП за першае паўгоддзе знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,3%. Так што ў краіне — класічны эканамічны крызіс.

За паўгады бягучага года рост паказала толькі Мінская вобласць. Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у ёй вырас на 0,7%. У астатніх рэгіёнах краіны —зніжэнне, і зніжэнне значнае. Найбольшае — у Віцебскай вобласці: на 6,3%. У Магілёўскай вобласці ВРП знізіўся на 1,7%, у Гомельскай — на 3,6%, у Гродзенскай — на 3,7%, у Брэсцкай — на 3,5%. Нават у сталіцы, якая разглядалася асобна ад сваёй вобласці, ВРП упаў на 5,8%.

Фактычна гэта азначае, што прамысловасць стаіць колам. Будаўніцтва і транспарт эканоміку не выцягваюць. Як прызналася намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч на прэс-канферэнцыі, па выніках студзеня-мая толькі рознічны гандаль і сельская гаспадарка забяспечылі станоўчы ўнёсак у ВУП краіны.

З сельскай гаспадаркай усё зразумела — мы ў чарговы раз закапалі грошы ў будучы ўраджай. Бо ВУП у нас лічыцца зыходзячы з таго, што мы патрацілі, а не з таго, што зарабілі. З гандлем складаней. Канешне, рознічны тавараабарот у супастаўных цэнах за першае паўгоддзе павялічыўся на 1,1%. Але і тут фіксуюцца трывожныя тэндэнцыі.

Прынамсі, Мінгандаль «фіксуе тэндэнцыю да зніжэння абарачальнасці тавараў і росту таварных запасаў у рознічным гандлі з-за сціскання ўнутранага плацежаздольнага попыту насельніцтва». Так сказала Наркевіч. Гэта значыць, што людзі сталі менш зарабляць, і, адпаведна, менш набываць тавараў у крамах. А значыць, рост на 1,1% можа вельмі хутка апынуцца падзеннем. Таму, па словах Наркевіч, прадаўцы разам з вытворцамі проста вымушаныя «больш актыўна працаваць над укараненнем зніжкавых акцый і іншых маркетынгавых інструментаў».

Калі вы бачыце ў крамах зніжкі і акцыі, ведайце — гэта не ад добрага жыцця. І ўважліва чытайце на «акцыённых» таварах інфармацыю пра тэрмін годнасці прадукту. Магчыма, вам спрабуюць уцюхаць тое, што належыць, па класіфікацыі Мінгандлю, да «росту таварных запасаў».

Варта дадаць яшчэ адзін фактар. Па словах Наркевіч, адной з перадумоў «да захавання станоўчай дынамікі ў гандлі» ёсць «прыток у сферу прамых замежных інвестыцый». За першы квартал у гандаль прыцягнута каля $268 мільёнаў, сказала Наркевіч. То бок, не ў малой ступені гэтыя 1,1% забяспечылі інвестары. Не ведаю, як наконт «захавання станоўчай дынамікі», але гэтая сітуацыя ў любы час можа змяніцца. Асабліва пасля гісторыі з «Дабраномам», якога Мінгандаль ледзьве не закрыў за тое, чым зараз ганарыцца намесніца гэтага міністэрства, — за інвестыцыі ў збанкрутаваную «Родную сторону».

Каб забяспечыць далейшае развіццё, Мінгандаль прапануе вярнуцца ў мінулае. Па звестках Агенцтва фінансавых навінаў, зараз гэтае ведамства прапрацоўвае магчымасць вяртання ільготнага спажывецкага крэдытавання для тавараў беларускай вытворчасці.

З аднаго боку, гэта, канешне, было б крута. Гэта б падтрымала прадпрыемствы, што дыхаюць на ладан, і павялічыла б рознічны таваразварот. Аднак, як вядома, закон захавання ніхто не адмяняў. І калі недзе з’явіліся грошы (напрыклад, на ільготныя крэдыты), гэта значыць, што яны павінны аднекуль знікнуць. Калі яны з’явіліся «проста так», гэта значыць, што ў краіне зноўку ўключаны друкарскі станок, і ідзе наўпроставая напампоўка эканомікі таннымі грашыма. Што ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве непазбежна створыць ціск на валютны рынак.

Чым заканчваюцца танныя грошы і падтрымка айчыннага вытворцы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, мы бачылі ў 2011 годзе з яго трохразовай дэвальвацыяй нацвалюты. Па сутнасці, ведамства прапануе рызыкнуць яшчэ раз: а раптам пашанцуе?

Тое, што «льготныя крэдыты» і «танныя грошы», прайшоўшы пару абаротаў, пяройдуць у валюту, можна амаль не сумнявацца. Нацбанк на тыдні канстатаваў, што сярэдняя стаўка па новых дэпазітах фізічных асоб у замежнай валюце на тэрмін да года ў камерцыйных банках у чэрвені апусцілася да 5,7% гадавых з 6,3% у маі. На тэрмін вышэй года стаўка таксама знізілася да 5,4% гадавых замест майскіх 6,2%.

Паводле аптымістычнага меркавання Нацбанка, гэтае зніжэнне ставак можа тлумачыцца «лішкам валюты ў камерцыйных банках Беларусі», якія ўзніклі ў сувязі з прытокам валюты з боку фізічных і юрыдычных асоб. Насельніцтва Беларусі ў чэрвені ў чыстым выразе рэалізавала валюты на ўнутраным рынку ўсяго на $8,2 мільёна. Аднак пры гэтым фізічныя асобы павялічылі свае валютныя дэпазіты на $198,4 мільёна. Гэта, відаць, і прывяло да ўзнікнення лішку валютных сродкаў у банкаў, што прымусіла іх знізіць стаўкі па дэпазітах, мяркуюць у НБ РБ.

Але насамрэч гэта таксама трывожная тэндэнцыя. Фактычна гэта азначае, што народ кінуўся пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя, каб зберагчы свае грошы ад магчымай дэвальвацыі.

Наколькі гэта апраўдана менавіта зараз — невядома. Пакуль што ніхто з адказных асобаў кшталту Аляксандра Лукашэнкі альбо Пятра Пракаповіча не казаў пра тое, што дэвальвацыі не будзе, так што, пэўна, хвалявацца зарана. Аднак народ ужо цяпер перастрахоўваецца, і гэта сведчыць пра тое, што ад прэзідэнцкіх выбараў і таго, што наступіць за імі, ніхто нічога добрага не чакае.

Ці ўсведамляюць тыя, хто пайшоў у прэзідэнцкую гонку, што яны — самазабойцы? Любому кіраўніку дзяржавы, хто б ім ні быў абраны, давядзецца разбірацца з гэтым крызісам і разграбаць гэтыя «аўгіевыя стайні». Хто з прэтэндэнтаў уяўляе, з чым прыйдзецца сутыкнуцца, што і як рабіць і хто нам дапаможа? Напоўніцу, пэўна, гэтага не ўяўляе ніхто, нават Аляксандр Рыгоравіч…

Каментаваць