Ці выратуюць сябры беларускую мадэль?

Катэгорыі «экстэнсіўнае» і «інтэнсіўнае» выходзяць за рамкі эканамічных адносін. Гэта базавыя характарыстыкі нацыянальных культур. У Беларусі ёсць гаспадарка, але няма эканомікі.



Мая пляменніца жыве ва ўласным доме ў Токіа. Дом сучасны, з поўным наборам аўтаномных сістэм жыццезабеспячэння. Але зімой, размаўляючы па скайпе, я нязменна бачу яе ў цёплым швэдры.

Зразумела, што за ўсё даводзіцца плаціць, у тым ліку і за кожны дадатковы градус. Але даходы мужа (тыповага прадстаўніка японскага сярэдняга класа) дазваляюць падтрымліваць у доме тэмпературу камфорту круглы год. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца — да вынаходніцтва скайпу пляменніца на тэлефонныя размовы з Пецярбургам выдаткоўвала некалькі тысяч долараў на год, за што тэлефонная кампанія ўвесь час дасылала ёй запрашэнні на навагодні баль.

Ад прыкладу з пляменніцай перайду да прыкладу з падчаркай. Дома зімой і летам яна ходзіць у шортах і майцы. І калі холадна, то ўключае ў сваім пакоі электрычны абагравальнік.

Хто аплаціў розніцу?

Да ключавых характарыстык культуры належыць пара катэгорый «экстэнсіўнае» і «інтэнсіўнае». Першая катэгорыя апісвае тып чалавечай дзейнасці, у рамках якой змены носяць колькасны характар за кошт уключэння дадатковых рэсурсаў. Другая катэгорыя — якасная. Павелічэнне аб’ёму прадукцыі пры гэтым дасягаецца шляхам аптымізацыі вытворчых працэсаў.

Праілюструю сказанае афіцыйнай статыстыкай. Заработная плата беларусаў з 2000 па 2013 гады павялічылася ў 4,8 раза. Такому бурнаму росту дабрабыту суайчыннікаў варта было б узрадавацца. Але рэкамендую не спяшацца праяўляць пачуццё законнага гонару з нагоды эфектыўнасці беларускай мадэлі. За тыя ж гады прадукцыйнасць працы па ВУП узрасла толькі ў 2,2 раза.

За кошт чаго/каго атрымалася розніца? За кошт расійскіх датацый і знешніх даўгоў. Г. зн. за кошт уключэння дадатковых рэсурсаў. Таму не варта здзіўляцца, што снежаньская дэвальвацыя істотна падкарэктавала зарплату беларусаў у доларавым эквіваленце (400 долараў у студзені).

Катэгорыі «экстэнсіўнае» і «інтэнсіўнае» выходзяць за рамкі эканамічных адносін. Гэта базавыя характарыстыкі нацыянальных культур. Кожнай з іх уласцівы свой узровень інтэнсіўнасці. А на выхадзе мы маем экстэнсіўныя і інтэнсіўныя мадэлі развіцця.

Як тут ні прыгадаць палітыку КПСС, накіраваную на «інтэнсіфікацыю вытворчасці». Праблему меркавалася вырашыць за кошт укаранення ў народную гаспадарку навукова-тэхнічных дасягненняў. Да кожнага савецкага чалавека задачы інтэнсіфікацыі даводзіліся ўсёй моцай дзяржаўнай прапаганды. А чым усё скончылася? «Найвялікшай катастрофай XX стагоддзя». Не здолеўшы выйграць у Захаду тэхналагічную гонку, Савецкі Саюз быў вымушаны сысці з дыстанцыі.

Папрасіце — і яны набудуць

Не варта забываць, што носьбітам культуры з’яўляецца чалавек. Таму кожнай мадэлі развіцця адпавядае свой базавы тып асобы. У культурах экстэнсіўных ініцыятыўныя і творчыя людзі знаходзяцца на становішчы ізгояў (маргіналаў). Для таго, каб выжыць, творчы чалавек вымушаны эміграваць. У закрытых сістэмах — ва ўнутраную эміграцыю, у адкрытых — у знешнюю.

Дадзеныя Расстата сведчаць, што за першыя восем месяцаў 2014 года Расію пакінула больш людзей, чым за любы поўны папярэдні год праўлення Пуціна (203 659 чалавек у студзені — жніўні 2014 супраць 120 756 чалавек за студзень—жнівень 2013 года). У першую чаргу выязджаюць кваліфікаваныя спецыялісты, здольныя лёгка ўладкавацца за мяжой.

Між іншым, ні ў адной культуры колькасць творчых людзей не перавышае 5%. Таму для таго, каб краіна ўвайшла ў кому, не абавязкова чакаць, калі яе пакіне палова насельніцтва.

Экстэнсіўнай культуры супрацьпаказаны рынак. Яе носьбіты імкнуцца будаваць эканамічныя адносіны, абапіраючыся не на ўніверсальныя нормы і прынцыпы, а на асабістыя дамоўленасці. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. 10 лютага адзіны палітык (АП) заслухаў даклад аб актуальных пытаннях будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку. Цытую паводле афіцыйнага прэс-рэлізу: «Они (кітайцы) на сотни миллиардов долларов покупают. Как я уже говорил, надо попросить, это наши друзья, пускай купили бы у нас в этом году хотя бы на 2–3 млрд. долларов белорусской продукции, в следующем году — еще».

Вось такі прыклад эканамічных адносін, заснаваных на сяброўстве. Мы ж не просім нічога бясплатна. Мы просім набыць. Зразумела, па добрых цэнах. А што такое 2–3 мільярды долараў на фоне сотняў мільярдаў кітайскага імпарту?! А калі разгле­дзець просьбу АП на фоне міжнародных рэзерваў Паднябеснай, якія ўшчыльную наблізіліся да 4 трыльёнаў? А калі на фоне трыльёнаў інвестыцый, выдаткаваных кітайскімі таварышамі на будаўніцтва гарадоў-прывідаў і дарог, якія вядуць у нікуды? Спіс «калі» можна лёгка працягнуць.

Па аналагічнай схеме АП спрабаваў выбудоўваць адносіны з Венесуэлай, у якой, як вядома, «живут не чужие нам люди», а кіраўніцтва «готово на всестороннее экономическое сотрудничество с нами». Сёння ўсе мае спробы адшукаць вынікі гэтага супрацоўніцтва ў афіцыйнай статыстыцы да поспеху не прывялі. Файл «Знешні гандаль» на сайце Белстата на слова «Венесуэла» не адгукаецца.

Надзея памірае апошняй

У XXI стагоддзі эканомікі, якія абапіраюцца на носьбітаў экстэнсіўнай культуры, не ў стане вырабляць канкурэнтную прадукцыю з высокай доляй даданага кошту. Іншая справа — прыродныя рэсурсы. І не істотна, здабываюцца яны з уласных нетраў або разгарачаны ад імперскіх амбіцый саюзнік пастаўляе іх па трубаправодах.

У выніку пры ўласнай здабычы нафты каля 1,6 мільёна тон, Беларусь у 2014 годзе экспартавала 13,8 мільёна тон нафтапрадуктаў на 9,96 мільярда долараў. Нафтапрадукты складаюць каля чвэрці беларускага экспарту. Па гэтым паказчыку рэспубліку-партызанку можна смела залічаць у разрад petrostates (дзяржавы, чые багацці вызначаюцца продажам вуглевадародаў).

Але зробім крок убок ад нафтапрадуктаў. Усяго толькі адзін крок, каб не адысці на значную адлегласць ад прыроднай сыравіны. Апрацоўка драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва да высокатэхналагічных галінаў не належаць. Лесу ў Беларусі хапае. Хапіла і сродкаў у бюджэце для мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны. Адзін мільярда еўра — сума па беларускіх мерках немалая. А што мы маем на выхадзе?

Паводле інфармацыі, агучанай АП на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ 29 студзеня, «наибольший прирост производства и экспорта дали предприятия «Беллесбумпрома». Усё правільна. Рост экспарту вырабаў з дрэва ў 2014 годзе вырас на 12,5%, але іх імпарт за мінулы год амаль патроіўся! У выніку гандлёвае сальда сышло ў мінус на 40,8 мільёна долараў. Гэта гандаль. Што тычыцца індэкса вытворчасці вырабаў з дрэва, то ў студзені 2014-га да студзеня 2013 года ён склаў 97,6%.

Надзея памірае апошняй. Тое, пра што чалавек пастаянна думае, замацоўваецца ў падсвядомасці. І часам хапае мінімальнага знешняга ўздзеяння (пытання дэпутата, напрыклад), каб прыхаванае ў падсвядомасці было публічна агучана. Прывяду фрагмент стэнаграмы Паслання–2011: «Мне кажется, что нефть у нас все-таки есть. А если есть нефть, то не может быть, чтобы не прорвало газом. Ученого премьера (Мясниковича) мы взяли, академика. Он чувствует ответственность и будет посматривать, что у нас там делается под толщей земли. Не может быть такого, чтобы человек искал и не нашел… Надо серьезно посмотреть на наши недра».

Гаспадарка замест эканомікі

«Экстэнсіўная стратэгія, — сцвярджае культуролаг Ігар Якавенка, — гістарычна першасная і відавочная ў сітуацыі рэсурснай празмернасці. Пакуль прыдатнай для жыцця чалавека прасторы больш, чым людзей, людзі аддаюць перавагу экстэнсіўнай стратэгіі. Грамадствы, якія падзяляюць экстэнсіўную стратэгію быцця, — грамадствы дарынкавыя».

Экстэнсіўна арыентаваны чалавек імкнецца ўладкаваць жыццё такім чынам, каб рэсурсы былі бясплатныя. Палітыка «нафта ў абмен на пацалункі» ў мільёнаў беларусаў кагнітыўнага дысанансу не выклікае. Не прадукты ж працы Расія абменьвае на пацалункі, а нафту.  Нафта чыя? Яна Божая. Значыць, належыць усім.

Чаму прапаганда так лёгка запалохвае большасць расіян і беларусаў магчымасцю знешняй агрэсіі? Таму што ЯНЫ зайздросцяць нашым прыродным багаццям. ЯНЫ спяць і бачаць, як бы іх прысабечыць.

Іншых багаццяў, акрамя прыродных, экстэнсіўна арыентаваны чалавек не здольны сабе ўявіць. Ён не разумее ролі кваліфікаванай працы ў эканоміцы ўжо ў сілу таго факту, што не ў стане засвоіць сучасныя прафесіі.

Між тым, свет імкліва асвойвае інтэнсіўныя стратэгіі. У 1981 годзе нафта прыносіла 93% даходаў эмірата Дубай, сёння — менш за 9% (у цэлым у Эміратах — 27%). На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў класічны petrostate навучыўся дыверсіфікаваць крыніцы даходу, інвестуючы нафтадолары ў сферу паслуг. Адзін з напрамкаў інвестыцый — адукацыя. Сёння ў Эміратах адкрылі свае філіялы 30 амерыканскіх і еўрапейскіх універсітэтаў.

Зноў звярнуся па дапамогу да Ігара Якавенкі: «У экстэнсіўных грамадствах ёсць гаспадарка, але няма эканомікі, бо эканоміка пачынаецца там, дзе маргіналізуюцца размеркавальныя адносіны, а вяршэнствуе рынак і ўсё набывае сваю цану».

У Беларусі маргіналізуюцца рынкавыя адносіны, і змена ўраду прыкметных карэктываў у гэты працэс не ўнесла. 17 лютага гэта пацвердзіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў.

Пачаў ён з прапановы жыць па сродках і павышаць эфектыўнасць працы айчынных прадпрыемстваў. Але скончыў, вылучыўшы з рэальнага сектару эканомікі 106 найбольш значных прадпрыемстваў краіны, на якіх «у ручным рэжыме праводзіцца аналіз фінансавага стану, напрамкі продажаў прадукцыі, ступені закрэдытаванасці».

Усё вышэйсказанае дазваляе мне перайменаваць «беларускую мадэль эканамічнага развіцця» (такая яе афіцыйная назва) у «беларускую мадэль гаспадарчага заняпаду».

Каментаваць