Ці выжывуць прадпрымальнікі?

З прадпрымальніцкім пратэстам не атрымалася. Мінск увогуле не падтрымаў страйкі, а частка прадпрымальнікаў з Віцебску і Баранавічаў 10 ліпеня плануе заплаціць адзіны падатак і выйсці на працу.



Нагадаем, што ў дзень уступлення ў сілу прэзідэнцкага ўказа №222, які абавязвае ІП мець суправаджальныя дакументы на тавар, вялікая колькасць ІП у Баранавічах, Слоніме, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Пінску, Светлагорску, Гродна, Рэчыцы і некаторых іншых гарадах у знак пратэсту спынілі працу. Але есці хочацца кожны дзень. Таму, прыцягнуўшы ўвагу да сваіх патрабаванняў, напісаўшы новыя лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Саўмін і іншыя інстанцыі, прадпрымальнікі вырашылі не зацягваць забастоўкі.

Тое, што нашы ўлады да прадпрымальнікаў прыслухаюцца — вельмі сумнеўна. У краіне ўжо даўно дадзена заданне вынішчыць прадпрымальнікаў як клас. Зараз, абклаўшы прадпрымальнікаў з усіх бакоў сертыфікатамі Мытнага саюза, дакументамі і накладнымі, улады блізкія да гэтага як ніколі. Але ці ўдасца вынішчыць прадпрымальнікаў? Якія для іх ёсць выйсці і да чаго гэта прывядзе?

Што тычыцца самай простай схемы, то прадпрымальнікі яшчэ пажывуць да наступнага года. Ім дазволілі парадаваць «рэшту» тавараў без суправаджальных дакументаў, адзінае, — аб’ём гэтай «рэшты» павінен быць задэклараваны ў падатковай інспекцыі. Як лічыць віцебская прадпрымальніца, старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза «Разам» Ірына Яскевіч, шмат хто з ІПшнікаў будзе завышаць колькасць непрададзенага імі тавару, каб пад іх «падагнаць» новыя пастаўкі. Але наўрад ці гэта працягнецца доўга — рэалізацыя «рэшты» дазволеная да 1 сакавіка 2015 года, дый у падатковай таксама не дэбілы сядзяць, і да такіх прадпрымальніцкіх хітрыкаў яны ўжо звыклі.

У некаторых прадпрымальнікаў ёсць іншы шлях, абумоўлены перафразаванай показкай: «Што беларусу смерць, то рускаму за шчасце». Як паведамілі на прадпрымальніцкім форуме 30 чэрвеня ІПшнікі з Гомеля, ужо цяпер у абласным цэнтры раздаюць запрашэнні паехаць на працу ў расійскія Клінцы Бранскай вобласці. «Ходзяць па рынку грамадзяне РФ і раздаюць візітоўкі — прыязджайце, адкрывайцеся, працуйце — ні дакументаў, ні сертыфікатаў, нічога нам не трэба. Калі ласка, працуйце спакойна, ніхто вас чапаць не будзе», — казалі яны.

Зараз у Клінцах будуецца новы буйны гандлёвы цэнтр. І нават у тых цэнтрах, што ёсць, існуюць вольныя гандлёвыя месцы, з кандыцыянерамі і інтэрнэтам. Кошт арэнды па беларускіх стандартах проста смешны — 250 расійскіх рублёў за квадратны метр, то бок сем з паловай долараў ці пяць еўра. У нас жа — 35 еўра за «квадрат».

Ад Гомеля да Клінцоў — 118 кіламетраў, паўтары гадзіны па трасе на машыне. Дзве гадзіны туды ідзе цягнік. Гэта як з Маладзечна ў Мінск на працу ездзіць, а ў мяне ёсць і такія знаёмыя: і ездзяць яны так не адзін і не два, а больш за 10 гадоў… Карацей, малому бізнэсу ёсць куды іміграваць.

Так што праца ІП у Беларусі — толькі зручнасць для пакупніка, які можа набыць замежныя тавары тут, не выязджаючы кудысьці з краіны. Калі прадпрымальнікаў задушаць, давядзецца ўжо ездзіць.

У тым жа Гомелі ўжо даўно засвоілі рынкі Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. У Чарнігаў людзі ездзілі, нават нягледзячы на «майданаўскія жахі». Магілёў і Віцебск звыкла «затарваюцца» ў Смаленску. Праўда, дзіўна, што віцябляне яшчэ не адкрылі для сябе Латвію, дзе і еўра ні на якія грошы мяняць не трэба, і дамова пра малы памежны рух ратыфікаваная. Брэст і Гродна сядзяць на Літве і Польшчы. У Вільню звыкла ездзіць і Мінск, у якім больш грошай і які можа дазволіць сабе выдаткі на візы і дарогу. Карацей, мы жывем у свеце «глабальнай вёскі», дзе адлегласць — амаль не праблема.

Вялікая праблема ўзнікне ў дзяржавы: вываз капіталу значна павялічыцца. ІПшнікі, «вашывыя блохі», як маглі, зніжалі гэтую лічбу, спрабуючы набыць тавар танней, оптам і са зніжкай. Калі на замежныя рынкі ламануцца грамадзяне Беларусі ў прыватным парадку, ні пра якія «оптавыя кошты» размова ўжо не пойдзе. Такім чынам, разы прыкладна ў паўтары вываз капіталу павялічыцца.

Канешне ж, улады разлічваюць, што ад недахопу прадпрымальнікаў нашы грамадзяне імгненна кінуцца «купляць беларускае». Будзем шчырымі — пакупнік прызвычаіўся да разнастайнасці і выбару тавараў. Гэты выбар беларуская прамысловасць яму прадставіць не ў стане. А таму пакупнік паедзе туды, дзе выбар ёсць.

Але найбольш цяжка ўявіць, што будзе ў гэтым выпадку з мясцовымі бюджэтамі. Напрыклад, за пяць месяцаў гэтага года ад індывідуальных прадпрымальнікаў Мінска ў бюджэт паступіла больш за паўтрыліёна рублёў.

На ўліку ў падатковых органах Мінска стаіць 71 546 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія залічылі ў бюджэт 521,6 млрд. рублёў. Прычым, асноўную долю склал тыя, з кім дзяржава ўпарта змагаеццца: паступленні падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання — 226,6 мільярда рублёў. Падатак на дададзены кошт — 169 мільярдаў рублёў, у тым ліку пры ўвозе тавараў на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі — 79,6 мільярда рублёў. Паступленні адзінага падатку з ІПшнікаў і іншых фізічных асоб — 79 мільярдаў рублёў. Сума паступленняў падаходнага падатку з даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці — 35,4 мільярда рублёў.

Такім чынам, задавіўшы прадпрымальніцтва, толькі ў Мінску бюджэт недалічыцца больш за трыльён рублёў падаткаў за год. У такіх варунка, напэўна, пра трэцюю лінію метрапалітэна ў Мінску прыйдзецца забыцца.

Каментаваць