Ці здзюжыць Беларусь?

Нават першая асоба беларускага ўраду прызнае, што ў эканоміцы краіны назіраецца поўны швах. «Трашчыць»  па ўсіх кірунках народнай гаспадаркі — ад банкаўскай сістэмы да прамысловых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. 



Падзенне экспарту і працяглая затаваранасць складоў, зніжэнне росту аб’ёмаў вытворчасці і рост попыту на валюту ў насельніцтва і гэтак далей. Ці здзюжае Беларусь вытрымаць гэтыя выклікі, якія сур’ёзна абвастрыліся ў бягучым годзе?

Псіхалагічным, прычым вельмі важным момантам ў беларускага ўраду, але найперш у Нацыянальнага банку, безумоўна, з’яўляецца памер золатавалютных рэзерваў (ЗВР). Шмат часу НБ РБ і (відаць, у меншай ступені) кантора Міхаіла Мясніковіча імкнуліся трымацца за псіхалагічны аб’ём ЗВР у мінімум 8 мільярдаў долараў ЗША. Але надарылася такое, што нават усе маніпуляцыі з ператасоўкай гэтых рэзерваў у нацыянальным вызначэнні і ў вызначэнні Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) не дапамаглі. Тыднёвік «Беларусы і рынак»  12 жніўня паведаміў, што ў ліпені ЗВР менавіта ў вызначэнні МВФ знізіліся на 101,3 мільёна да адзнакі ў 7916,3 мільярда долараў. Псіхалагічны бар’ер пераадолены. І гэта толькі па згаданых рэзервах.
 
 
Яшчэ крыху статысткі. Нядаўні «развод»  паміж расійскім «Уралкаліем»  і Беларускай калійнай кампаніяй, лічы, «Беларуськаліем» ужо каштаваў нашай краіне больш як 200 мільёнаў долараў. Гэтую суму мы недаатрымалі за кошт падзення цэн на сусветным рынку на калійныя ўгнаенні, прыбытак ад экспарту якіх складае ільвіную долю беларускага бюджэту ў валютным вымярэнні. Агульны ж экспарт увогуле скараціўся на чвэрць, недаатрыманні ў бюджэт за першую палову 2013 года склалі больш за 2 мільярды долараў.
 
 

Насельніцтва не верыць

 
 
Насельніцтва ўпарта не верыць у заклінанні першых асобаў дзяржавы аб стабільнасці айчыннай эканомікі і страхуецца ад патэнцыйных непрыемных нечаканасцяў праз набыццё валюты. Уявіце: толькі ў ліпені нашыя суайчыннікі ажыццявілі «чыстую пакупку»  (гэта значыць, купілі больш, чым прадалі) валюты на суму, эквівалентную 621,5 мільёна долараў ЗША. Гэта амаль у паўтары разы больш, чым чаканы да канца году чарговы і апошні па існуючай дамове транш (440 мільёнаў долараў) Еўразійскага банку, які рэгулюе трохмільярдны крэдыт Антыкрізіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС. Пра новыя крэдытныя дамоўленасці паміж афіцыйным Мінскам і АКФ ЕўрАзЭС пакуль нічога не чуваць. Прынамсі, афіцыйных заяваў на гэты конт яшчэ не рабілася. Як і канкрэтных заяваў наконт магчымага супрацоўніцтва з заходнімі фінансавымі арганізацыямі кшталту МВФ.
 
 
Сітуацыя з затаваранасцю беларускіх складоў амаль не змянілася. Калі названыя прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам на мінулым тыдні лічбы ў 3 адсоткі змяншэння памераў змесціва запаснікаў тутэйшых прадпрыемстваў можна назваць прагрэсам, то пра што тады казаць? І так куды ні кінь — паўсюль клін. Дык ці здзюжае айчынная эканоміка вытрымаць усе гэтыя выклікі? Што не дае ёй абрынуцца ўжо цяпер? Як доўга можа цягнуцца існуючае становішча?
 

 

Танныя энерганосьбіты і нізкія заробкі

 
 
Эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін адзначае, што за апошнія дваццаць гадоў беларуская эканоміка прадэманстравала проста цуды выжывання.
 
 
— Бо калі разабрацца па вялікім рахунку, то якому-небудзь барысаўскаму аўтарамонтнаму заводу абсалютна абыякавава, колькі прадаецца калійных угнаенняў і колькі нафтапрадуктаў. Адзінае, што для яго важна, гэта больш танныя кошты на энерганосьбіты. Бо яны вельмі важныя не толькі для насельніцтва, але таксама і для прадпрыемстваў. У любы сабекошт уваходзіць бензін для транспарту, ацяпленне, асвятленне і гэтак далей. І вось пакуль кошты на іх не пачалі істотна расці, яны жывуць. Калі ж кошты на энергапаліўныя рэсурсы будуць павышаць, то гэтым прадпрыемствам, якіх большая частка, давядзецца вельмі цяжка.
 
 
Выжываюць яны і за кошт нізкіх заробкаў працаўнікоў, бо нават у сталіцы не ўсе прадпрыемствы здольныя плаціць сваім людзям тое, што лічыцца сярэднім па краіне. А ў рэгіёнах тым больш: два — два з паловай мільёны разглядаюцца як то мае быць. Вось за кошт гэтага і выжываюць — за кошт танных энерганосьбітаў і нізкіх заробкаў атрымліваецца захоўваць некаторую канкурэнтаздольнасць. Хаця і яна падае, а рост складскіх запасаў акурат пра гэта і сведчыць. Я думаю, наступным крокам, калі канкурэнтаздольнасць зусім упадзе, будзе дэвальвацыя беларускага рубля. Праўда, не ведаю, будзе яна паступовая ці не паступовая. Гэта залежыць ад таго, хто пераможа там, наверсе, у паддывановай барацьбе. Але тое, што яна будзе, гэта без сумневу.
 
 

Расійская дапамога

 
 
Эксперт Аналітычнага цэнтра «Стратэгія»  палітолаг Валеры Карбалевіч упэўнены, што ў значнай ступені трымацца беларускай эканоміцы дапамагае Расія.
 
 
— Расійская дапамога ў выглядзе, па-першае, крэдытаў ад Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС, па-другое, у выглядзе танных коштаў на нафту і газ. Апроч таго, пакуль яшчэ ёсць попыт на беларускую прадукцыю на расійскім рынку. Вось усе чамусьці кажуць, што попыт на беларускую прадукцыю на расійскім рынку ўпаў. На адну прадукцыю ўпаў, а на іншую вырас. А ў суме з пачатку года экспарт Беларусі ў Расію вырас, хай і не нашмат, але тым не менш, галоўным чынам за кошт прадуктаў харчавання. Таму асноўны чыннік — гэта расійская дапамога.
 
 
І яшчэ адзін момант — гэта дастаткова гнуткая палітыка ўраду і Нацыянальнага банку, які ў нялёгкіх умовах спрабуе балансаваць на мяжы паміж дэвальвацыяй, дэвальвацыйнымі чаканнямі і, з другога боку, ростам даходаў насельніцтва. І пакуль што гэтая балансіроўка не вядзе да нейкага выбуху кшталту таго, які адбыўся ў 2011 годзе.
 

 

Цярпенне грамадства

 
 
А яшчэ адным чыннікам Валеры Карбалевіч лічыць цярпенне беларускага грамадства.
 
 
— Пытанне ў тым, наколькі гатовыя цярпець беларусы. Калі яны гатовыя цярпець вельмі доўга і шмат, то не такімі ўжо і важнымі ёсць нейкія эканамічныя паказчыкі. Калі беларусы не будуць пратэставаць, выказваць публічную незадаволенасць, то гэтая сітуацыя можа працягнуцца вельмі доўга. А ў Беларусі пакуль што няма ніякіх сацыяльных канфліктаў, за выключэннем нейкіх маленькіх лакальных, якія не прынялі масавага характару. Таму ўсе гэтыя чыннікі даюць магчымасць беларускай эканоміцы, а значыць, беларускай уладзе ўтрымлівацца ў тых межах, якія сёння ёсць.
 
 

Чыннік Пуціна

 
 
Ад сябе выкажу меркаванне, што Масква будзе датуль падтрымліваць афіцыйны Мінск, пакуль уладар Крамля носіцца з навязлівай ідэяй рэінкарнацыі СССР, які сёння паступова набывае выгляд Еўразійскага эканамічнага саюза Расіі, Беларусі ды Казахстана і які мае быць рэалізаваны да 1 студзеня 2015 году.
 
 
Калі нешта зменіцца ў галаве Пуціна і тых элітаў, якія, падтрымліваюць ягоныя ідэі, альбо калі сама Расія ў выніку нейкіх абставінаў пачне зведваць адчувальныя эканамічныя цяжкасці, то беларускаму кіраўніцтву будзе вельмі цяжка. Вельмі. Бо яно ўжо амаль два дзесяцігоддзі само сябе мэтанакіравана зацягвае ў багну. А наступствы могуць быць вельмі кепскімі не толькі для тутэйшага найвышэйшага чыноўніцтва, але і для ўсёй краіны, прычым на працяглую перспектыву.

Каментаваць