Ці зробяць палёгку для ІП?

Мы чакалі, што чарговы прэзідэнцкі ўказ пра працу індывідуальных прадпрымальнікаў ізноў пагоршыць умовы іх жыцця. Але, як паведаміў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін, ІП могуць дазволіць наймаць працаўнікоў, якія не з’яўляюцца членамі іх сем’яў.



Ачомаліся?

Нагадаем, што забарона ІПэшнікам наймаць на працу каго-небудзь, акрамя членаў сям’і, таксама была ўведзеная прэзідэнцкім указам, які набыў моц 1 студзеня 2008 года. Гэты ўказ мог бы ўзначаліць рэйтынг самых непапулярных рашэнняў сярод прадпрымальнікаў, калі б такі рэйтынг складаўся. У Мінску ІПэшнікі збіраліся на мітынгі пратэсту. Галоўным з іх можна назваць мітынг 10 студзеня 2008 года, калі прадпрымальнікі не толькі накіравалі дэлегацыю ў Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама і зладзілі несанкцыянаванае шэсце да Дому ўрада. Вынікам гэтага мітынгу была сумнавядомая «справа 14-ці»: 14 маладзёнаў былі асуджаныя па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за «арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», да розных тэрмінаў абмежавання волі. Усе яны былі прызнаныя палітвязнямі.

Але галоўную страту панесла дзяржава. Як паведамляў у 2010 годзе лідар прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, за два гады абмежавання па найму работнікаў сектар індывідуальнага прадпрымальніцтва страціў амаль 65 тысяч працоўных месцаў, а дзяржава недалічылася падатковых паступленняў на мільёны рублёў. Па словах Шумчанкі, у 2007 годзе колькасць ІП павялічылася больш чым на 10%, а аб’ём падатковых паступленняў ад іх дзейнасці — на 23%. «У далейшым, пасля ўвядзення абмежаванняў па найму, штогадовы прырост колькасці прадпрымальнікаў не перавышаў 2,3%, нягледзячы на ўсе намаганні ўрада па лібералізацыі эканомікі і паляпшэнні дзелавога клімату», — канстатаваў кіраўнік аб’яднання. Падатковыя ж паступленні ў разліку на кожнага ІП скараціліся ў 2009 годзе ў параўнанні з 2006 годам амаль на 28% у пераліку на еўра.

Запозна спахапіліся

Прадпрымальнікі ўжо сёмы год жывуць без наёмных працаўнікоў. Некаторыя прызвычаіліся весці бізнэс у такіх умовах. Для некага, канешне, важна, каб ён атрымаў дапамогу ў сваёй дзейнасці, але для большасці зараз важней іншае.

Як кажа той жа Шумчанка, зараз ідзе своеасаблівы «гандаль», які можа «пахаваць» увесь сэнс найму працоўных індывідуальнымі прадпрымальнікамі. «Наколькі я ведаю, нам прапануюць тры наёмных працаўнікі для тых ІП, хто працуе па спрошчанай схеме падаткаабкладання. Такім прадпрымальнікам увогуле лепш перайсці ў стан прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, і тады ў іх будзе права наймаць працоўных. Для ІПшнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку пакуль плануецца дазволіць наймаць толькі аднаго чалавека. Навошта гэта? Давайце ўжо зробім роўнымі ўсіх ІП», — лічыць Шумчанка.

Акрамя таго, зараз улада імкнецца правесці своеасаблівы абмен: дазволіць наймаць ІПшнікам працоўных толькі пры ўмове, каб гэтыя ІПшнікі пагадзіліся з патрабаваннем мець суправаджальныя дакументы на тавар. «А мець суправаджальныя дакументы на тавар немагчыма, бо іх нідзе не выдаюць, мы іх знайсці не можам», — кажа Шумчанка. Такім чынам, па ягоных словах, губляецца сэнс найму працоўных. «Прадпрымальнік не можа знайсці суправаджальныя дакументы на тавар, і значыць, што легальна ён гандляваць гэтым таварам не можа. А калі ён не можа працаваць, навошта яму наёмныя работнікі?» — задаецца пытаннем Шумчанка.

«Наша галоўная праблема зараз — давесці да ўраду, што суправаджальныя дакументы і дакументы па якасці тавару, яго адпаведнасць тэхрэгламенту Саюзнай дзяржавы павінны быць не ў прадпрымальніка, а ў вытворцы і ў першага пастаўшчыка. Мы — рэалізатары прадукцыі. І чаму ў Расіі ў прадпрымальнікаў такіх дакументаў не патрабуюць, а ў нас патрабуюць? Калі іх няма ў расійскіх прадпрымальнікаў, адкуль яны возьмуцца ў нас?» — кажа лідар аргкамітэту па стварэнні прадпрымальніцкага прафсаюза «Разам» Ірына Яскевіч.

Пытанне ж найму працоўных — пытанне ўжо другаснае. «Калі мы разам з уладаю не разбярэмся з гэтымі дакументамі, з гэтымі патрабаваннямі, то нам не толькі не давядзецца наймаць новых працоўных — нам свой бізнэс згортваць прыйдзецца. Таму што працаваць стане немагчыма», — адзінадушна з Шумчанкам кажа Яскевіч.

Так што пытанне наёмных працоўных зараз — не самая галоўная праблема. Сапраўды, калі прадпрымальнікі не змогуць працаваць, навошта ім наёмныя рабочыя?

Ці будзе так?

Варта заўважыць, што права наймаць працоўных усяго толькі закладзена ў праект указа. І гэта зусім не азначае таго, што ўсё гэта будзе падпісана кіраўніком дзяржавы і прынята да дзеяння. Прадпрымальнікі з 2008 года спрабуюць давесці, што забарона наёмных працаўнікоў для ІП — справа дурная. Але за сем год спробы неяк паўплываць на меркаванне дзяржавы нічым не скончыліся.

Прычым, прадпрымальнікі і лабісты іх інтарэсаў дзейнічалі вельмі рознымі шляхамі, спрабуючы «прадавіць» сваё рашэнне. Напрыклад, у 2010 годзе быў падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб вяртанні наёмных работнікаў ІПшнікам. Праект указа быў «палавінчаты», і меў на ўвазе толькі часовае вяртанне «наёмнікаў» — да 31 снежня 2012 года. Абгрунтоўваўся ён тым, што, калі б хаця б траціна прадпрымальнікаў будзе ў стане наняць сабе працоўных, у Беларусі створыцца каля 200 тысяч новых працоўных месцаў. Да таго ж, прадпрымальнікі спадзяваліся на абвешчаную тады ў краіне «лібералізацыю» і меркавалі, што «эканамічная лібералізацыя» спрацуе хоць у такім варыянце. Але ўлада не пайшла нават на гэта.

У 2013 годзе права ІПшнікам наймаць працоўных паспрабавалі «прасунуць» праз нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі. Падчас разгляду платформы рознымі інстанцыямі гэтае пытанне актыўна абмяркоўвалася і пастаянна змянялася. У выніку ідэю вярнуць ІП права наймаць супрацоўнікаў не з ліку блізкіх сваякоў не падтрымала Адміністрацыя прэзідэнта. Намеснік кіраўніка АП Андрэй Тур на пасяджэнні Саўміна выказваўся супраць пашырэння паўнамоцтваў ІП.

Новы варыянт прэзідэнцкага ўказа, які будзе рэгуляваць прадпрымальніцкую дзейнасць, павінен быць дапрацаваны праз месяц. Але, зыходзячы з вышэйвыкладзенага, зусім не варта чакаць, што ў ім будзе дазвол ІПшнікам наймаць працоўных не з ліку сваякоў. І, да таго ж, у прадпрымальнікаў багата іншых праблемаў, перад якім праблема найму працоўных проста блякне.

Каментаваць