Чым сэрца супакоіцца?

Падавалася б, шараговая нарада: урад зноў будзе рапартаваць пра дасягненні і поспехі, маўкліва выслухоўваць крытыку і запісваць за Аляксандрам Рыгоравічам чарговыя невыканальныя мэты. Але...



Але падчас справаздачы ўрада і Нацыянальнага банка аб рабоце эканомікі за 2014 год і прагнозе на 2015-ы, якая прайшла ў Лукашэнкі 11 лістапада, адбылося дзіўнае — там сапраўды спрачаліся, па якім шляху пойдзе краіна.

У прынцыпе, узаемныя рознагалоссі вядомыя, дзіўна было толькі, што яны ўпершыню былі агучаныя, вынесеныя «на публіку» і адбыліся перад кіраўніком дзяржавы. Нацбанк выступае за жорсткую грашовую палітыку, «збіванне» інфляцыі і спыненне «накачкі» эканомікі нічым не забяспечанымі грашыма. Але пры такой схеме працы ўрад не можа выканаць узятыя на сябе абавязальніцтвы па прагнозах развіцця гаспадаркі. Выканаць іх магчыма толькі пры «накачцы» эканомікі пустымі грашыма ў выглядзе танных крэдытаў прадпрыемствам.

На гэтым тле счапіліся старшыня Нацбанка Надзея Ермакова і старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. «Усе выдатна разумеюць, што пры такіх стаўках крэдытаў эканоміка не развіваецца. Я не кажу пра «абаротку», гаворка ідзе пра «доўгія грошы». Без падтрымкі дзяржавы пайсці на крэдытаванне інвестыцыйнага праекта можа толькі смяротнік. Банкаўская сістэма стала свайго роду МММ, дзе ламавыя нагрузкі цягнуць прадпрыемствы рэальнага сектара», — вяшчаў Анфімаў.

Ермакова не пагадзілася з тым, што банкаўская сістэма ператварылася ў МММ. Але грошы Анфімаву даваць усё роўна адмовілася. Выйсце, як заўсёды, знайшоў Аляксандр Рыгоравіч, загадаўшы Ермаковай «уціснуцца ў выдатках»: «Каб не было больш размоў наконт таго, што вы там жыруе разам з банкамі, давайце дамовімся. Ваша зарплата павінна быць блізкая да зарплаты прэм’ера. Усе астатнія павінны быць выбудаваны, як ва ўрадзе. Хто не хоча працаваць — звальняйце адразу. Тое ж самае па выдатках усіх банкаў. Абыдуцца двума аўтамабілямі ў Нацбанку — значыць, два аўтамабіля. Забеспячэнне, зарплата, праграмнае забеспячэнне, без якога не абысціся — асабіста зацвердзіць кожнаму. Усё астатняе зняць», — зазначыў Лукашэнка.

«Нягледзячы ні на якія банкі — ні на беларускія, ні на расійскія, ні на замежныя, — усіх падстрыгчы пад адзін капыл. І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім», — загадаў беларускі кіраўнік.

Усё ўзяць ды падзяліць, пастрыгчы пад адзін капыл — гэтая прапанова так і блішчыць навізной і арыгінальнасцю, ці не так? Вось толькі стане ад гэтай стрыжкі больш грошай для крэдытавання прадпрыемстваў? Наўрад ці.

Таксама сварка ўзнікла паміж прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам і эканамічным дарадцам Лукашэнкі Кірылам Рудым. Мясніковіч таксама патрабаваў крэдыты. Руды паспрабаваў патлумачыць яму «на пальцах»: каб былі крэдыты, стаўка па іх павінна быць не вышэй рэнтабельнасці, але тым жа часам — вышэй інфляцыі, каб гэтыя крэдыты не ператварыліся адразу ж у «фанцікі». «Напрыклад, для прамысловасці стаўка павінна быць не больш за 10%. Значыць, інфляцыя павінна быць не больш за 9%», — казаў Руды. Бо калі рэнтабельнасць прадпрыемства — 10%, а інфляцыя — 16%, ніякія крэдыты не дапамогуць.

Руды прапанаваў зрабіць прыярытэтам зніжэнне інфляцыі да 9%, і нават (О, божухна! На святое замахнуўся!) скараціць шэраг дзяржпраграм.

«Трэба разумець, што інвестактыўнасць панізіцца, ВУП будзе менш 100%, і заробак будзе ніжэй», — запярэчыў Мясніковіч.

Але Руды працягваў гнуць сваю лінію: за кошт зніжэння інфляцыі намінальны заробак (колькасць нулёў у разліковых лістках), канешне, паменшыцца, але рэальны заробак (тое, што можна купіць на гэтыя грошы) узрасце. Дый зніжэнне працэнтных ставак, наадварот, стымулюе інвестыцыйную актыўнасць, — інвестар упэўнены, што грошы верне.

«У гэтай сітуацыі нельга вырываць пытанні з агульнага кантэксту, — выбухнуў Мясніковіч. — Перадусім мы павінны глядзець, каб было спакойна на валютным рынку!». Але насамрэч усе ўжо зразумелі, што хвалюе прэм’ера. Яго хвалюе ВУП.

Узнікае пытанне, якое задаецца рознымі эканамістамі ўжо не адно дзесяцігоддзе: на халеру нам той ВУП? Тым больш такі, які лічыцца, як зараз, па створанай, а не прададзенай прадукцыі. Гэта раззлавала нават Лукашэнку: па ягоных словах, наш ВУП асядае на складах, прычым, запасы гатовай прадукцыі «не толькі вышэй за ўстаноўлены самім урадам нарматыў, але і за ўзровень далёка не паспяховага мінулага года». «У чым справа? Я катэгарычна забараняў працаваць на склад! І не прымушаў вас гнаць аб’ёмы», — раззлаваўся кіраўнік дзяржавы.

У гэтым рэчышчы Аляксандр Рыгоравіч «імём рэвалюцыі» загадаў падтрымаць айчыннага вытворцу: «Якія вы будзеце шукаць метады і шляхі, каб падтрымаць айчыннага вытворцу, гэта ваша пытанне. Але літаральна з заўтрашняга дня Мінгандаль, губернатары і мэр Мінска разам са старшынёй ДМК прыміце самыя рашучыя меры па абароне вытворцы, пачынаючы ад гандлю і заканчваючы мытнай мяжой», — сказаў ён. А таксама паведаміў, дзе прадпрыемствам браць грошы на інвестыцыі. «Адкуль узяцца прыбытку і так званай «абаротцы», калі беларускія прадпрыемствы крэдытуюць сваіх замежных партнёраў! Даўгі нашым прадпрыемствам за пастаўленую прадукцыю з пачатку года выраслі ў 1,7 разы да амаль $600 мільёнаў. Пытанне: калі грошы вернуцца ў краіну?» — спытаў Лукашэнка.

Карацей, гэта была самая цікавая нарада ў Лукашэнкі за апошнія год так дзесяць. Але што будзе вынікам гэтага гармідару?

На вялікі жаль, амаль нічога. Праекты дакументаў развіцця краіны на 2015 год павінны быць дапрацаваныя да 25 лістапада. Наўрад ці ў іх будзе нешта рэвалюцыйнае.

Адзіная навіна, — да Новага года мы будзем калі не з зусім новым, то з абноўленым урадам. «Я не хаваў, што для мяне зараз праблема нумар адзін, улічваючы формулу «кадры вырашаюць усё», — сфарміраваць да пачатку года баяздольны склад урада. Я не кажу, што трэба ўсіх разагнаць. Можа, і вы яшчэ з гэтым урадам можаце не толькі патроны падносіць, але і «кулямёт» у руках трымаць", — заявіў Лукашэнка.

Дзіўна. «Стары ўрад» паставіць задачы для новага ўрада, і сыдзе ў адстаўку. Ці не лепш было б, каб гэтыя задачы ставіў бы новы ўрад? Тады б мы б хаця б ведалі, хто вінаваты. А тое, як заўсёды, вінаватых не дашукаешся…

Каментаваць